Блогер Андрэй Павук патэлефанаваў кіраўніку Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаю Марозу з пытаннем, ці можна на падведамнай яму тэрыторыі набраць рабочых з ліку «150 тысяч пакістанцаў», якіх Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Беларусь. Чыноўнік расказаў, што такія прапановы яму «закідвалі», а замежнікі ў раёне ўжо працуюць.
Паводле Мікалая Мароза, магчымасць працаўладкаваць пакістанцаў у Ляхавіцкім раёне пакуль не разглядаюць, хоць «прапановы ўжо закідваюць — колькі чалавек трэба, на якія сферы».
Ён расказаў, што цяпер у рэгіёне ўжо працуюць замежнікі, а менавіта туркмены. Каля дзесяці чалавек — на беларуска-дацкім агракомплексе па вытворчасці астуджанай беконнай свініны «Белдан» і каля 20 чалавек — на аграпрадпрыемстве «Яблыневы пасад».
«У „Яблыневым пасадзе“ цяпер ставяць шпалеры, слуп закапаў, слуп выкапаў, разнёс, паклаў, ямку выкапаў. Ну такія працы — нібыта туркмены і нядрэнна працуюць. Кажуць, за 600 даляраў у месяц чыстымі на рукі. А 8-й гадзіне — на полі, а 8-й з поля ўжо сыходзяць», — расказаў Мароз.
«Не перашкаджаюць жа яны жыць і працаваць беларусам», — дадаў чыноўнік.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларусы «нармальна працуюць таксама», а «працоўная міграцыя — яна ва ўсім свеце назіраецца на сённяшні дзень». Аднак у Ляхавіцкім раёне «пакуль такога не назіраецца».
«Але, прынамсі, тыя людзі (мігранты. — Заўв. рэд.), якія сёння прыцягнутыя на гэтых працах, працуюць. Пытанняў [да іх] ніякіх няма. І задавальняюць беларусаў, і разам працуюць, як той казаў. Ніякіх пытанняў няма», — запэўніў Мароз.
Нагадаем, 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Палітыкі дамовіліся пра магчымы прыезд у Беларусь 100−150 тысяч працоўных мігрантаў з ісламскай рэспублікі.
Яшчэ ў пачатку студзеня Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў прыцягваць працоўных мігрантаў з Таджыкістана, Сірыі, Узбекістана. Палітык адзначыў, што не пярэчыць супраць прыцягнення на беларускія прадпрыемствы замежнікаў, галоўнае, каб гэта былі кваліфікаваныя спецыялісты.
— Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, любых людзей — запрашай. Але ты мусіш ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы, — запатрабаваў Лукашэнка.
Ідэя Лукашэнкі выклікала занепакоеную рэакцыю ў беларускіх сацсетках. 23 красавіка МУС паведаміла, што плыні працоўнай міграцыі ў Беларусь з Пакістана «адсутнічаюць, як і злачынствы, учыненыя выхадцамі з гэтай дзяржавы».
Чытайце таксама