Дзіму Зубовічу было 28 гадоў. Інфармацыя пра яго смерць з’явілася ў сацсетках, сябры стэндапера выказваюць спачуванні.
Прычыны смерці не ўдакладняюцца, але на яго старонцы ў Instagram з’явіўся развітальны пост.
«Гэта я даверыў тэлефон сястры, каб напісала мой апошні пост. Так ужо выйшла, хлопцы і дзяўчаты, што мяне больш няма. Я шмат думаў, ці правільна я ўсё раблю, часта разважаў пра гэта ў пастах, а цяпер думаю, можа, і не трэба было.
2 снежня мяне не стала.
Не будзем доўга развітвацца, скажу толькі, што я сышоў у любімым мною горадзе, я паспеў павандраваць, набыць вялікае кола сяброў і знаёмых і запомніцца ўсім па-рознаму», — гаворыцца ў паведамленні.
Зубовіч напісаў, што пакінуў на памяць пра сябе свае жарты.
Дзіма Зубовіч — адзін з заснавальнікаў прагрэсіўнага камедыйнага праекта COMEDY DOGS і рэзідэнт першага ў Беларусі стэндап-клуба.