У Беларусі з 2023 года запрацавала «супербаза» даходаў насельніцтва. Яна мяркуе, што наймальнікі павінныя падаваць падаткавікам інфармацыю практычна пра ўсе даходы работнікаў. Гаворка ў тым ліку пра ільготы і сумы падаходнага падатку з фізічных асобаў. Чыноўнікі таксама абавязалі банкі «зліваць» падатковай звесткі пра кліентаў-фізасобаў, у якіх агульная сума па прыходных аперацыях за каляндарны год перавысіла 150 тысяч рублёў. Змены прадугледжаныя абноўленым Падатковым кодэксам.
У 2021 годзе чыноўнікі анансавалі, што хочуць, каб падатковыя агенты, то-бок наймальнікі, з 1 студзеня 2023-га падавалі звесткі пра даходы фізічных асобаў, якія падпадаюць пад падаткаабкладанне. Гаворка ў тым ліку пра ільготы і сумы падаходнага падатку. У абноўленым Падатковым кодэксе прапісалі гэтае патрабаванне.
Сярод іншага наймальнікам трэба будзе паведамляць пра грашовыя кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны адпачынак, выходныя дапамогі праз разрыў працоўнай дамовы. Таксама ў «супербазу» трэба перадаваць звесткі пра кампенсацыі, якія падпадаюць пад падаткаабкладанне, пры гэтым памер выплат перавышае вызначаную чыноўнікамі столь.
Пры гэтым наймальнікам не трэба паведамляць пра:
- выйгрышы (а таксама вернутыя несыграныя стаўкі);
- даходы, якія адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў, банкаўскай таямніцы;
- даходы ІП, натарыусаў ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай, натарыяльнай дзейнасці;
- даходы фізічных асобаў ад продажу прадукцыі раслінаводства на сваім зямельным участку;
- даходы ад збору і здачы ягад, арэхаў, грыбоў;
- даходы ад здачы другаснай сыравіны;
- пазыкі і крэдыты фізічным асобам;
- мікрапазыкі і камерцыйныя пазыкі;
- пазыкі фізічным асобам па дамовах пазыкі грашовых сродкаў, якія заключылі праз сэрвісы анлайн-пазыкаў.
Таксама ў Падатковым кодэксе па-ранейшаму адзначаецца, што дзяржорганы, іншыя арганізацыі, прадстаўніцтвы замежных арганізацый, ІП, натарыусы (якія працуюць у натарыяльным бюро) абавязаныя падаваць звесткі пра даходы фізічных асобаў па спецыяльным пераліку ўрада. Выключэнне — інфармацыя, якая адносіцца да дзяржаўных сакрэтаў або банкаўскай таямніцы.
Што змянілі для банкаў і па ўгодах з каштоўнымі паперамі
Беларускую валютна-фондавую біржу абавязалі падаваць падаткавікам інфармацыю пра ўгоды з каштоўнымі паперамі, якія былі здзейсненыя з удзелам фізічных асобаў.
Спачатку гэтую інфармацыю будуць падаваць у МПЗ на электронных носьбітах, а пазней — праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму (ААІС).
Чыноўнікі таксама абавязалі банкі паведамляць падатковай пра кліентаў-фізасобаў, у якіх агульная сума па прыходных аперацыях за каляндарны год перавысіла 150 тысяч рублёў.
Таксама банкі павінныя падаваць у МПЗ звесткі з крэдытнай гісторыі фізічных асобаў, а таксама па электронных кашальках (у тым ліку кампаній і ІП).
Як паведамляюць у МПЗ, інфармацыю пра даходы фізічных асоб за 2023 год падатковыя агенты, то-бок наймальнікі, абавязаныя будуць падаць да 1 красавіка 2024 года.
Да гэтага ў падатковай не было базы па даходах насельніцтва?
Была. Міністэрства па падатках і зборах і да гэтага года вяло базу дадзеных уліку даходаў фізічных асобаў. У падаткавікоў і да гэтага была інфармацыя па заробках, пенсіях, дапамогах, стыпендыях, бальнічных, пераводах з-за мяжы і многіх іншых выплатах. Цяпер гаворка ідзе пра тое, каб пашырыць спіс інфармацыі, а таксама каб яна захоўвалася ў адной базе.
«База даходаў фізічных асобаў — гэта дадатковы плюс для законапаслухмянага грамадзяніна, які легальна працуе. На сёння і так у нас дастаткова крыніц, з якіх мы атрымліваем інфармацыю, — тлумачыў раней міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка. — Але ёсць моманты, якіх мы не бачым. І нам даводзіцца ў грамадзяніна часам удакладняць. Умоўна кажучы, мы бачым у грамадзяніна набыццё нерухомасці, але не бачым даходаў, па базах іх няма. Пачынаем высвятляць, а чалавек кажа, што атрымаў дывідэнды, нешта яшчэ. Пачынаем усё гэта правяраць, і высвятляецца, што мы чалавека дарма патурбавалі, скажам так».