Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава чарговым разам агучыла сваю заклапочанасць дэмаграфічнай сітуацыяй і «абаронай традыцыйных каштоўнасцяў» у краіне. На сустрэчы з чальцамі праўладнага Саюза жанчын 29 верасня яна заявіла, што сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у Беларусі — 27 гадоў — гэта занадта позна, а замест святкавання Дня святога Валянціна трэба адзначаць Дзень святых Пятра і Фяўронні. Чаму гэтым планам не наканавана спраўдзіцца, расказвае Ірына Сідорская.
Качанава не ўпершыню агучвае такія ідэі. У снежні 2022 года яна выказалася пра тое, што дзеянні расійскай Дзярждумы па прыняцці закона аб забароне прапаганды ЛГБТ павінныя паслужыць прыкладам для Беларусі. Пасля выступлення 31 сакавіка Аляксандра Лукашэнкі з пасланнем народу і Нацыянальнаму сходу Качанава актыўна падхапіла кансерватыўную і гамафобную рыторыку свайго лідара.
А потым гэтыя ідэі пачала прасоўваць і пракуратура, калі вырашыла супрацьстаяць «нетрадыцыйным заходнім каштоўнасцям» (прапагандзе ЛГБТ, змене полу, ідэалогіі чайлдфры), укараняючы ў дашкольную і школьную адукацыю супрацьлеглыя «традыцыйныя славянскія каштоўнасці». Пад імі Качанава, відаць, разумее патрыярхальную мадэль рэпрадуктыўных і сэксуальных паводзінаў: раннія шлюбы, прыярытэт сямейных каштоўнасцяў над прафесійна-кар'ернымі, «паўнавартасную» сям’ю з мамай, татам і вялікай колькасцю дзяцей, знікненне з публічнага поля прадстаўнікоў сэксуальнай і гендарнай ідэнтычнасці, якія не ўпісваюцца ў «норму», а таксама людзей з іншымі поглядамі на тое, якім мусіць быць іх асабістае жыццё.
Старшыня Савета Рэспублікі — фармальна другая асоба ў дзяржаве, якая павінная весці нас наперад, — прасоўвае ідэі, скіраваныя ў мінулае. Агучаны ёю ідэал сямейнай і гендарнай палітыкі падаецца нерэальным не толькі для сёння. Ён нерэальны нават для часу маладосці і рэалізацыі сямейных планаў самой Качанавай: ужо ў 1980-я гады на тэрыторыі Беларускай ССР сумарны каэфіцыент нараджальнасці быў каля 2,06, у той час як яго ніжняя мяжа, якая забяспечвае захаванне колькасці насельніцтва на адным узроўні, складае 2,1.
Ідэі Качанавай супярэчаць дэмаграфічным трэндам
Можна колькі заўгодна наракаць на пазнейшае ўступленне ў шлюб і скарачэнне нараджальнасці, але гэта аб’ектыўны і заканамерны працэс. Ва ўсім свеце сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб павялічваецца, а ўзровень нараджальнасці — падае прапарцыйна росту адукацыі, асабліва сярод жанчын, павышэнню дабрабыту грамадства і паляпшэнню доступу да медыцынскіх паслуг. Нельга жыць у постіндустрыяльным грамадстве (а Беларусь — постіндустрыяльная краіна з развітай сферай паслуг, у якой занята больш работнікаў, чым у прамысловасці і сельскай гаспадарцы разам узятых) і мець сям’ю, характэрную для аграрных ці індустрыяльных краін. Гэта аналагічна таму, як зімой заклікаць людзей зняць цёплую вопратку і ісці загараць, а ўвосень чакаць, што замест завядання прырода прачнецца і пачне квітнець.
Скарачэнне нараджальнасці па меры паляпшэння ўзроўню і якасці жыцця — не паказчык таго, што людзі робяцца «больш эгаістычнымі», пачынаюць «жыць для сябе», забываюцца на «традыцыйныя каштоўнасці». Высокая нараджальнасць была платай за высокую дзіцячую і мацярынскую смяротнасць: каб забяспечыць выжывальнасць сям'і і роду, трэба было нараджаць шмат дзяцей. Частка з іх памірала з медыцынскіх і сацыяльных прычын, не дасягнуўшы паўнагоддзя. Асноўная рызыка жаночай смяротнасці амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя была звязаная з цяжарнасцю і родамі. Ды і ў цэлым працягласць жыцця і жанчын, і мужчын была невысокай.
Таму асноўным механізмам узнаўлення чалавецтва быў колькасны: высокую смяротнасць спрабавалі кампенсаваць высокай нараджальнасцю. Па меры ж развіцця грамадства, прагрэсу медыцыны, у тым ліку дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і кантрацэпцыі, колькасныя паказчыкі змяняюцца якаснымі. Нараджаецца менш людзей — бо памірае, не дажыўшы да старасці, значна менш.
Павышаецца якасць жыцця кожнага чалавека. Сённяшнія бацькі, выхоўваючы аднаго ці двух дзяцей, укладваюць значна больш намаганняў, сродкаў, часу, эмоцый, чым традыцыйная сям’я з мінулага ў сваіх шматлікіх нашчадкаў. Адбываецца пераход ад стыхійнага да ўсвядомленага бацькоўства, калі людзі прымаюць свядомыя рашэнні пра тое, колькі ў іх будзе дзяцей, у якія тэрміны, з якімі прамежкамі паміж нараджэннямі. Гэта робіць іх жыццё больш стабільным, якасным, добрым і ў выніку шчаслівым.
Пры гэтым хацець мець дзяцей людзі не перасталі. Проста ўладам варта спрыяць таму, каб для гэтага не было перашкод. Трэба ствараць умовы, укладваць рэсурсы, ініцыяваць праграмы для сем’яў, інфраструктуру — тыя ж дзіцячыя садкі з гнуткім графікам і гэтак далей. Усё гэта — якраз пытанне гендарнай роўнасці.
Ідэі Качанавай супярэчаць рэальнаму стану рэчаў у Беларусі
Усё, што я апісала вышэй, працуе і для Беларусі. Нашая краіна — зусім не выключэнне з сусветных дэмаграфічных працэсаў. Яшчэ раз паўтару, што ў нас развітая сфера паслуг: у ёй задзейнічана больш за 60% працаздольнага насельніцтва. Сярод работнікаў жанчын больш, чым мужчын, да таго ж яны больш адукаваныя. Беларускія жанчыны — у цэлым вельмі якасная сацыяльная група: яны не толькі імкнуцца да высокага ўзроўню адукацыі, але і пазбягаюць рызыкоўных паводзін, значна радзей, чым мужчыны, схільныя да алкагалізму і наркаманіі. Дзякуючы дастаткова высокаму ўзроўню медыцынскіх паслуг, традыцыйнаму развіццю галін, звязаных з абаронай мацярынства і дзяцінства, Беларусь — гэта краіна з нізкім узроўнем мацярынскай і дзіцячай смяротнасці.
Усё гэта ўплывае на тое, што ў Беларусі натуральным чынам павялічваецца сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб: у 2022 годзе ён склаў 27,6 года, у той час як у 2010 годзе, напрыклад, ён быў 25,5, а ў 1980-м — 23,6. Дакладна гэтак жа плаўна расце і ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці: у 2021 годзе ён склаў 29,9 года, што на 2,6 года пазней у параўнанні з 2010-м. Але гэта нармальны, уласцівы ўсім развітым краінам працэс.
Ідэі Качанавай супярэчаць рэальнай дзяржаўнай палітыцы Беларусі
Гэтых аргументаў ужо дастаткова, каб растлумачыць жаданне беларусак і беларусаў рэалізавацца не толькі як жонка ці муж, маці ці бацька, але і самаразвівацца, дасягаць прафесійных мэтаў, падарожнічаць, урэшце. Аднак калі ўсё вышэйпералічанае хутчэй «не спрыяе», чым «перашкаджае» павелічэнню нараджальнасці, то са жніўня 2020 года дзеянні ўлады наўпрост супярэчаць планам беларусаў і беларусак заводзіць дзяцей.
Рэпрэсіўная дзяржаўная палітыка, заснаваная на фізічным і псіхалагічным гвалце, маніпуляцыя грамадскай думкай, запалохванне і распальванне нянавісці, прававое бязмежжа, падтрымка Расіі ў яе ваеннай агрэсіі супраць Украіны, рызыка ўступлення беларускага войска ў гэтую вайну, ператварэнне Беларусі ў магчымую цэль для ядзернага ўдару, знаходжанне на тэрыторыі краіны вагнераўцаў, міграцыйны крызіс, пагаршэнне адносін з суседнімі краінамі — усё гэта прымушае нават тых беларусаў, якія ставіліся да нараджэння дзяцей як да само сабой зразумелага, задумацца. Ці трэба нараджаць дзяцей у краіне, дзе ў цябе няма ніякіх правоў, у тым ліку права выбару ўласнага жыцця? Дзе любая твая нязгода з рэжымам цягне наступствы? Дзе ў цябе няма ніякай прадказальнай будучыні?
Адток працоўных рэсурсаў за мяжу, дэфіцыт медыкаў і іншых спецыялістаў, а паралельна — мілітарызацыя і ідэалагізацыя адукацыі, пачынаючы з дашкольнай. Дзе тваім дзецям даюць у рукі зброю, убіваюць у галаву «патрыятызм» і «традыцыйныя каштоўнасці». Дзе падлеткаў змушаюць да «пакаяльных відэа» і ладзяць над імі паказальныя судовыя разбіральніцтвы. Дзе да мінімуму скарочаны выбар школы, настаўнікаў, методык навучання, формаў баўлення вольнага часу. Дзе тыя, хто скончыў універсітэт, хутка будуць прымусова адпрацоўваць ужо не два гады, а больш, дзе, імаверна, будзе абмежаваны выезд за мяжу.
Такая сітуацыя не спрыяе ні трывалым шлюбам, ні шчасліваму бацькоўству.
Ідэі Качанавай не знойдуць падтрымкі нават у тых, каму ў першую чаргу прызначана іх рэалізоўваць
Магчыма, Наталля Качанава шчырая ў сваіх закліках. У публічных выступах яна стварае ўражанне чалавека, які застаўся ментальна і каштоўнасна ў камсамольска-савецкім мінулым. Яна падуладная патрыярхальным і нават сэксісцкім стэрэатыпам. У гэтым плане Качанава, як, зрэшты, і Аляксандр Лукашэнка, Лідзія Ярмошына і іншыя прадстаўнікі ўлады, што публічна заклікаюць беларускіх жанчын нараджаць дзяцей і варыць боршч, — прадукты савецкага часу і кансерватыўнай адукацыі, якія захраслі ў сваёй эпосе, не разумеюць сучаснасці і не могуць знайсці ў ёй сваё месца, што баяцца будучыні, якую ўгледжваюць у «заходніх каштоўнасцях» і таму ўзмоцнена спрабуюць затармазіць гісторыю.
Аднак ні Качанава, ні хто-небудзь іншы ва ўладзе не ў стане спыніць час і тым больш павярнуць яго назад. Можна рабіць такія спробы, але іх вынік ніколі не будзе хоць крыху трывалым і доўгачасовым. Час бярэ сваё, і маладое пакаленне — аб’ект заклікаў Качанавай, — нягледзячы на ўсе яе старанні, не прыме як ідэй.
У гэтым пераконваюць даследаванні каштоўнасцяў і мадэляў паводзінаў беларусаў. Некалькі гадоў яны фіксуюць значны каштоўнасны зрух, які заключаецца ў прыярытэце ідэалаў развіцця над каштоўнасцямі стабільнасці.
Іншы свет — з павагай да чалавечай асобы, разнастайнасці формаў і мадэляў выяўлення сябе, магчымасці рэалізаваць таленты і здольнасці незалежна ад полу, сэксуальнай арыентацыі, расы, нацыянальнасці, веравызнання і іншых характарыстык, — немагчыма схаваць у стагоддзе тэхналогій і хоць і абцяжараных, але не перакрытых цалкам паездак за мяжу. Нельга пабудаваць сцяну перад адукаваным пакаленнем, якое з дзяцінства прывыкла не толькі да таго, што на смартфонах і планшэтах даступная любая інфармацыя, але і да ўзаемапаважлівых адносін паміж дзецьмі і бацькамі, што ўсё часцей адмаўляюцца ад гвалтоўных метадаў выхавання на карысць тых, што заснаваныя на даверы і любові.
І наўрад ці маладым беларусам і беларускам будзе цікавы і блізкі Дзень святых Пятра і Фяўронні. Нагадаю, што Савет Федэрацыі Расіі яго ўзаконіў як свята сям'і, любові і вернасці яшчэ ў 2008 годзе. Як часта з таго часу вы чулі пра падлеткаў, якія па сваёй волі яго там адзначаюць? Акрамя відавочнага пасылу прыцягнуць у Беларусь чарговы складнік «рускага свету», сама гісторыя гэтых святых таксама падкрэслена несучасная.
Сялянская дзяўчына Фяўроння паабяцала князю Пятру вылечыць яго ад сур’ёзнай хваробы ў абмен на вяселле. Дзяўчына сваё слова стрымала, князь — не. Хвароба вярнулася, і Пётр быў вымушаны вярнуцца да сваёй выратавальніцы і выканаць абяцанае. Гэта яшчэ не ўсё. Фармальна муж і жонка ўсё жыццё жылі ў шчаслівым шлюбе і нават памерлі ў адзін дзень, аднак пражылі прынамсі частку жыцця ў манастве — кожны ў сваім манастыры, адпаведна.
Атрымліваецца, такая шлюбная мадэль выдаецца ў 2023 годзе за ўзор для пераймання? Сумнеўна, што гэта натхніць сучаснае пакаленне. Моладзі гісторыя пра каханне відавочна бліжэйшая, чым аповеды пра шлюбную вернасць.
На жаль, за 30 гадоў у беларускай дзяржаве так і не стварылі інстытуцый, якія абараняюць краіну ад самавольства людзей ва ўладзе, што больш за ўсё баяцца пераменаў. Няздольныя прапанаваць прывабныя вобразы будучыні, яны кансервуюць мінулае, спекулюючы на тым, што дарагое кожнаму чалавеку, — любові, сям'і, дзецях. А апошніх тым часам у Беларусі нараджаецца ўсё менш — але не праз «прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцяў», а як непасрэдны вынік унутранай і знешняй палітыкі.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.