Сацыяльна арыентаваная эканоміка — падмурак палітыкі Беларусі, яна забяспечвае сацыяльную абароненасць грамадзян і таму стала галоўнай мішэнню Захаду, які імкнецца знішчыць беларускую сацыяльную дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту. Але Беларусь паспяхова вытрымлівае ўдары і працягвае развівацца ўсім ворагам на злосць. Менавіта пра гэта ў лістападзе расказваюць насельніцтву Беларусі на ўсіх пляцоўках ідэолагі і прапагандысты ў строгай адпаведнасці са свежай метадычкай на гэты месяц. А «Люстэрка» раскажа пра яе.
«Нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск, беларуская эканоміка дэманструе рост: павялічылася прамысловая вытворчасць, знізілася інфляцыя, выраслі грашовыя даходы насельніцтва. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы стратэгічнаму партнёрству Беларусі і Расіі», — вось цэнтральная ідэя новага выпуску «матэрыялаў для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп».
Рост ВУП
Як выглядае эканоміка Беларусі сёння? На думку аўтараў метадычкі — нашмат лепш, чым у «недружалюбных» дзяржаваў.
«Нягледзячы на ўведзеныя Захадам санкцыі, па тэмпах росту валавага ўнутранага прадукту (вышэйшых за сярэднесусветныя) нашай рэспубліцы ўдалося не толькі перавысіць прагнозны паказчык на студзень — верасень 2023 года (103,1%), але і апярэдзіць шэраг краін», — павінныя падкрэсліваць ідэолагі.
Так, паводле прагнозаў, рост сусветнай эканомікі сёлета складзе ўсяго 102,1−103%. У Польшчы «назіраецца скарачэнне эканамічных тэмпаў», у 2-м квартале ВУП знізіўся на 2,2%, адзначаюць аўтары, не згадваючы, што ў першым квартале ён вырас на 3,8%, а зніжэнне ў 2-м квартале адбываецца практычна штогод. Вось і ў Германіі прагназуецца спад па выніках года на 0,4%, а ў Нідэрландах — толькі 0,5% росту. З прычын у метадычцы адзначанае толькі зніжэнне спажывання і экспарту. Але не згадваецца, напрыклад, вайна і падтрымка ўцекачоў, на што, шмат у чым дзякуючы Расіі, вымушаныя выдаткоўваць вялікія рэсурсы еўрапейскія краіны.
Беларусь параўноўваюць нават з… Украінай, якая ваюе: там ВУП у 1-м квартале гэтага года знізіўся на цэлыя 10,5% у параўнанні са студзенем-сакавіком 2022-га.
Такім чынам, на думку аўтараў метадычкі, Беларусь паспяхова дэманструе рост ВУП. За кошт чаго ён забяспечваецца? Драйверы — прамысловасць, будаўніцтва і гандаль.
Тут ідэолагам трэба будзе даказаць сказанае на лічбах, і давядзецца напружыцца — па кожным пункце іх абавязалі знаходзіць лакальныя прыклады, каб лепш даходзіла да слухача: «Увазе выступоўцаў: тут і далей мэтазгодна прыводзіць адпаведныя звесткі і прыклады ў дачыненні да канкрэтнага рэгіёна, тэрыторыі, населенага пункта».
Прамысловы прарыў
Не пакінулі выступоўцаў і без аповеду пра агульныя поспехі. Так, Беларусь сёлета — лідар па тэмпах росту прамысловай вытворчасці сярод усіх дзяржаваў ЕАЭС (107,9% за восем месяцаў года), іншыя краіны блока таксама растуць, у той час як у ЕС прамысловасць толькі падае: ад 0,8% у Германіі і 2,7% у Польшчы да 7,8% у Літве і 8,6% у Латвіі.
Такі рост прамысловай вытворчасці ў нашай краіне адбыўся дзякуючы высокаму попыту на тавары на знешніх рынках. Вось якія прарывы здзейсніла эканоміка:
- вытворчасць легкавых аўтамабіляў вырасла ў 3,6 разу ў параўнанні з мінулым годам — да 42,7 тыс. штук за студзень — жнівень;
- вытворчасць тэлевізараў вырасла ў 2,3 разу;
- вытворчасць аптычных прыбораў і апаратаў — у 2,2 разу (значная іх частка — ваеннага прызначэння);
- дасягнутыя самыя высокія за пяцігодку аб’ёмы вытворчасці камбайнаў, грузавых машын, мікрахвалёвак і іншых тавараў;
- за студзень — ліпень прамысловасць прынесла 5 млрд рублёў чыстага прыбытку.
Расце і сфера будаўніцтва: за восем месяцаў валавая дабаўленая вартасць дадала 8,7%, аб’ём падрадных работ вырас на 12,1%.
І нават на спажывецкім рынку сітуацыя паляпшаецца: рознічны тавараабарот за студзень — верасень вырас на 6,7%.
«Станоўчыя тэндэнцыі развіцця нацыянальнай эканомікі забяспечаныя», — з упэўненасцю заяўляюць аўтары метадычкі, тлумачачы: «У тым ліку за кошт укаранення высокіх тэхналогій».
Прыклады такіх высокатэхналагічных дасягненняў:
- стварылі смеццявоз на электрацязе з паніжаным узроўнем кабіны — дакладней, яго эксперыментальны асобнік;
- правялі папярэднія выпрабаванні эксперыментальнага асобніка электробуса для аэрапортаў;
- засвоілі на МАЗе вытворчасць аўтобусаў для турыстычных паездак;
- стварылі вытворчасць «інтэлектуальных кампанентаў і сістэм» для машын з рухавікамі Еўра-5 і Еўра-6;
- стварылі ўмовы для павелічэння выпуску сернай кіслаты на Гомельскім хімзаводзе;
- запусцілі новы азотны комплекс на ААТ «Гродна Азот»;
- на «Кераміне» распрацавалі тэхналогію зніжэння ўсадкі гатовых вырабаў;
- на «Гродзенскім шклозаводзе» ўкаранілі тэхналогіі вытворчасці шкляной тары, якія зберагаюць энергію і рэсурсы (магутнасці выраслі на 65%).
Асаблівы гонар ідэолагаў — выкарыстанне ў эканоміцы патэнцыялу мясцовых рэсурсаў. Праўда, прыклад гэтым разам толькі адзін — выкарыстанне адходаў лёну-даўгунцу. Ільнозаводы не толькі выпускаюць тканіну і розныя вырабы, але і перапрацоўваюць кастрыцу — адраўнелыя часткі льнянога сцябла. Кастрыцу выкарыстоўваюць для тканін, сарбентаў, фільтраў, клеяў, уцяпляльнікаў, будаўнічых і мэблевых пліт, паперы, паліўных брыкетаў. Перапрацоўваюць і насенне лёну на алей для харчовых, лекавых мэтаў. Жмых выкарыстоўваюць у кармах для жывёл. А астатняе забіраюць вытворцы ваты, ватных палачак і дыскаў, бінту, сурвэтак, пялюшак, падгузнікаў.
Збалансаваны рост рэгіёнаў
На думку аўтараў метадычкі, якую ідэолагі мусяць данесці да насельніцтва, рэгіёны Беларусі развіваюцца раўнамерна і збалансавана. Дакладней, для гэтага «створаныя ўмовы», і ўсе вобласці, нягледзячы на санкцыі, дэманструюць тэндэнцыю эканамічнага росту.
Аднак лічбы, якія прыводзяцца як пацверджанне гэтых словаў, зусім не такія вясёлкавыя і паказваюць вялікую розніцу паміж рэгіёнамі.
Так, за студзень — жнівень рост валавага рэгіянальнага прадукту склаў ад 100,5% у Магілёўскай вобласці да 108,2% у Мінскай. Прамысловая вытворчасць вырасла ў пяці абласцях, у той час як у Магілёўскай адзначаецца «аднаўленчая дынаміка». Рост інвестыцый у асноўны капітал адрозніваецца ад 103,4% у Гродзенскай вобласці да 125,8% у Брэсцкай.
Таксама метадычка запэўнівае, што скарачаецца розніца паміж рэгіёнамі па зарплаце, але лічбаў не прыводзіць. Магчыма, таму, што розніца ўсё яшчэ велізарная і дасягае амаль тысячы рублёў. Нагадаем, у верасні сярэдні налічаны заробак (да выплаты падаткаў) склаў:
- Брэсцкая вобласць — 1 722,4 руб.;
- Віцебская вобласць — 1 648,3 руб.;
- Гомельская вобласць — 1 769,4 руб.;
- Гродзенская вобласць — 1 733,7 руб.;
- Мінская вобласць — 1 950,3 руб.;
- Магілёўская вобласць — 1 623,2 руб.;
- горад Мінск — 2 602,2 руб.
У цэлым даходы насельніцтва растуць (рэальная зарплата вырасла ад 104,4% у Мінску да 112,3% у Брэсцкай вобласці), больш за тое — паляпшаецца і бізнес-клімат, запэўніваюць ідэолагі. Доказы — пачало стварацца больш камерцыйных арганізацый, а экспарт тавараў малога і сярэдняга бізнесу за студзень-жнівень вырас на 24,6%, паступленні ў бюджэт ад такіх бізнесаў выраслі на 11,1%.
Цэны больш не растуць
Дзяржава не толькі павялічвае народу заробкі, але і паспяхова ўтрымлівае цэны ад росту, расказваюць у метадычцы.
Узровень інфляцыі, на думку аўтараў, нізкі і прадказальны. Тым слухачам, якія баяцца чарговай дэвальвацыі, ідэолагі мусяць растлумачыць, што дзякуючы прадуманай палітыцы Нацбанка і ўрада ў 2017−2019 гадах інфляцыя знізілася да 4−6%. Але потым Беларусь сутыкнулася з вонкавымі выклікамі — каранавірус і сусветны рост цэн, санкцыйны ціск — і ўнутранымі (яны ніяк не названыя — мабыць, ідэолагам не варта згадваць пратэсты, рэпрэсіі, эміграцыю і закрыццё бізнесаў). Аднак і з гэтым Беларусі ўдалося справіцца: пасля «замарозкі» цэн у кастрычніку 2022 года яны амаль перасталі расці, у верасні 2023-га інфляцыя склала рэкордныя 2% пры прагнозе 7−8% на канец года.
Тут прапагандысты павінныя вельмі дарэчы згадаць еўрапейскія краіны, якія сутыкнуліся з моцнай інфляцыяй сёлета з прычыны вайны, адмовы ад расійскіх энерганосьбітаў і эканамічных шокаў перыяду пандэміі. У краінах, дзе ўрады не могуць забараніць бізнесу падымаць цэны, інфляцыя заканамерна больш прыкметная. Зрэшты, яна не ўсюды такая ўжо вялікая і ў сярэднім па Еўрасаюзе склала 5,9%. У Чэхіі — 8,5%, у Польшчы да канца года чакаецца 11,9%, у Латвіі летась былі рэкордныя 17,3%.
«У гэтай сувязі людзі пачалі часцей красці, бо не могуць дазволіць сабе рабіць пакупкі на ранейшым узроўні», — пішуць аўтары метадычкі пра Польшчу, спасылаючыся на нейкія неназваныя СМІ. А Латвію выкрываюць у «верталётных грашах» (уключэнні «друкавальнага станка» і ўліванні пустых грошай у эканоміку падчас кавіду).
Ідэолагі чамусьці не ўспамінаюць, што да 2017 года ўзровень інфляцыі ў Беларусі цягам 11 гадоў не толькі не апускаўся ніжэй за 10% (дакладней, 9,9% у 2010 годзе), але і быў прыкметна вышэйшы: 2015 год — 12%, 2014-ы — 16,2%, 2013-ы — 16,5%, 2012-ы — 21,8%. А ў 2011-м беларускі рубель у выніку працы ўсё таго ж друкавальнага станка наогул абясцэніўся больш чым у два разы — інфляцыя, паводле афіцыйных звестак, склала 108,7%. Аднак у дзяржСМІ ў тыя часы нічога не казалі пра тое, ці могуць беларусы дазволіць сабе пакупкі на ранейшым узроўні і як часта яны пачалі красці ў крамах.
Свая энергія
У энергабяспецы краіны аўтары метадычкі ў першую чаргу адзначаюць важнасць БелАЭС — яна ўжо дазволіла замясціць 5,2 млрд куб. м прыроднага газу, імпартаванага з Расіі. Але больш нічога пра станцыю не кажуць — ні пра частае прыпыненне працы, ні пра тое, на што ўлады збіраюцца выдаткоўваць выпрацаваную электраэнэргію: першапачаткова яе збіраліся прадаваць суседзям, але цяпер тыя не хочуць яе купляць. Але гэта не бяда — галоўнае, што сама Беларусь больш не імпартуе электрычнасць.
У адрозненне ад АЭС, значна больш увагі надаецца іншай уласнай крыніцы энергіі — торфу. Хоць гэта выкапнёвае паліва, здабыча якога разбурае экасістэмы, а спальванне забруджвае атмасферу, улады Беларусі, аказваецца, ганарацца тэмпамі выкарыстання тарфянога паліва ў эканоміцы і збіраюцца яшчэ больш нарошчваць яго здабычу, бо гэтае паліва — уласнае, бясплатнае, простае ў здабычы. Для прамысловай распрацоўкі торфу ўжо вылучаныя 99 тыс. гектараў земляў — гэта амаль паўпрацэнта плошчы Беларусі. Гэтыя радовішчы маюць запасы торфу ў 302 млн тон, чаго, паводле сцвержання ўладаў, хопіць на 100 гадоў, у той час як поўныя запасы ў краіне — каля 2,5 млрд тон.
І толькі ў канцы аўтары метадычкі ўспамінаюць пра адзін з кутніх камянёў беларускага эканамічнага цуду — пра танны расійскі газ. Яго РФ цяпер пастаўляе ў Беларусь па цане ў 4,2 разу ніжэйшай, чым плацяць краіны Еўропы.
Голад не пагражае
Яшчэ адно эканамічнае дасягненне беларускіх уладаў — беларусам ёсць што есці. Каб растлумачыць, як гэта важна, у метадычцы расказваецца пра тое, што ў свеце — харчовы крызіс, сотні мільёнаў людзей пакутуюць ад голаду, у Афрыцы наогул галадае кожны пяты. Вінаватыя ў гэтым ваенныя канфлікты, эканамічная нестабільнасць, экстрэмальныя ўмовы надвор’я. А яшчэ гандлёвыя бар’еры, якія шкодзяць глабальнай харчовай бяспецы.
«ААН прызнае, што ў агляднай перспектыве мэты ўстойлівага развіцця ў галіне харчовай бяспекі і якасці харчавання не могуць быць дасягнутыя», — падкрэсліваюць аўтары тэксту. Прыводзяцца звесткі: агульнасусветныя выдаткі на імпарт прадуктаў харчавання ў 2022 годзе выраслі на 11%, выдаткі на імпарт рэсурсаў для яго вытворчасці — напрыклад, угнаенняў — выраслі амаль на 50%.
На гэтым фоне Беларусь — зрэшты, як і ў іншых сферах — застаецца астраўком стабільнасці дзякуючы «правільнай стратэгіі, абранай больш за 20 гадоў таму на даручэнне кіраўніка дзяржавы», падкрэсліваюць ідэолагі.
Каб даказаць паспяховасць стратэгіі, прыводзяцца такія аргументы:
- 22% беларусаў усё яшчэ жывуць на вёсцы, а ў сельскай гаспадарцы працуюць цэлыя 7% ад усіх занятых у рэальным сектары эканомікі;
- сельская гаспадарка ў апошнія гады дае каля 7% ВУП (у 2022-м дасягнула 7,7%), а прадпрыемствы, што перапрацоўваюць сельгассыравіну, — яшчэ 5%;
- летась вытворчасць сельгаспрадукцыі вырасла на 3,6%;
- на сельгаспрадпрыемствы прыпадае больш чым 80% валавай прадукцыі, 17 — на асабістыя падсобныя гаспадаркі, усяго 3% — на фермерскія гаспадаркі;
- доля інвестыцый у асноўны капітал у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы дасягнула 15,9%;
- Беларусь у сусветным топ-20 па памеры сельгасугоддзяў на душу насельніцтва — 0,62 гектара (у сярэднім па свеце — 0,2 га);
- у Расіі кожны чацвёрты кілаграм сыру і кожны сёмы літр малака — з Беларусі;
- Беларусь забяспечвае сябе прадуктамі з запасам: па мясе — 133%, малаку — 267%, яйках — 126%;
- бульбы, мяса, малака, яек у Беларусі ў разліку на чалавека вырабляецца значна больш, чым у іншых краінах ЕАЭС.
Далей ідэолагі, што выступаюць перад працоўнымі і іншымі калектывамі, павінныя расказаць пра дасягненні гэтага года — намалот збожжа, кукурузы, ураджай буракоў і іншай гародніны. Падкрэсліваецца, што трэба прыводзіць свежыя звесткі на момант выступу.
Наколькі рэнтабельная сельская гаспадарка ў Беларусі, якія ў аграрыяў заробкі, якая ўраджайнасць і надоі ў параўнанні з іншымі краінамі, які працэнт сабранай гародніны гніе ў сховішчах і не дажывае да вясны, ці перасталі ў 2023 годзе трымаць кароў у брудных ад гною стойлах — гэтых тэм метадычка не закранае.
«Ва ўмовах усё большага ўплыву вонкавых выклікаў і пагроз менавіта высокі патэнцыял уласнай вытворчасці і вывераная сістэма дзяржаўнага рэгулявання рынку сталі фундаментальнай асновай устойлівасці нацыянальнай харчовай бяспекі, — падкрэсліваюць аўтары тэксту. — Харчовая бяспека цалкам забяспечаная. Усе пастаўленыя задачы ў галіне павышэння ўстойлівасці аграрнай вытворчасці, якасці харчавання насельніцтва і развіцця экспартнага патэнцыялу паслядоўна рэалізуюцца».
Блізкая і далёкая дуга
Шматвектарнасць і еўразійская інтэграцыя — вось два слупы цяперашняй знешнеэканамічнай палітыкі Беларусі, канстатуецца ў дакуменце. У 2023 годзе знешнегандлёвы абарот вырас на 14,8% (праўда, у асноўным за кошт імпарту: ён вырас на 21,4%, а экспарт — толькі на 8,4%). Беларускія тавары экспартуюцца ў 150 краін.
Але галоўны вектар — паглыбленне інтэграцыі з Расіяй. Ужо цяпер на гандаль з РФ прыпадае 58% экспартна-імпартных аперацый. Калі ў студзені-жніўні 2022 года ў Расію адпраўлялі 56% экспарту, то сёлета — ужо амаль 65%. Тавараабарот паміж краінамі за год вырас на 16,9%.
«Адыход заходніх пастаўшчыкоў і вытворцаў дазволіў істотна павялічыць нашую прысутнасць на расійскім рынку, — з гонарам адзначаюць ідэолагі: у імпарце Расіі на беларускія тавары прыпадае ўжо 8,9%. — Гандлёвыя патокі з рынкаў краін Захаду і Украіны цалкам пераарыентаваныя на рынкі дружалюбных краін. <…> [Іх доля] у экспарце павялічылася на 16%».
Завязваюцца гандлёвыя кантакты і з краінамі «далёкай дугі», растуць пастаўкі тавараў у Азію (на 60%), Паўночную і Паўднёвую Амерыку (на 20%). А вось экспарт у Кітай вырас усяго на 3,6%, Афрыка наогул толькі «ў перспектыве».
Вырас на 20% і экспарт паслуг — у першую чаргу ў Расію. У прыватнасці, экспарт турыстычных паслуг павялічыўся ў РФ у 1,3 разу, Латвію — у 1,9 разу, Літву — у 1,4 разу, Польшчу — у 1,2 разу. Экспарт паслуг аховы здароўя ў Літву і Латвію вырас у 1,9 разу. Усё гэта дзякуючы ўведзенаму Беларуссю бязвізаваму ўезду, адзначаюць аўтары.
Нават беларускую адукацыю пачалі паважаць больш — расце попыт сярод студэнтаў з Кітая, Узбекістана, Шры-Ланкі, Расіі, Індыі, Лівана, Нігерыі.
Далей — болей
«Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага вонкавага ціску беларуская дзяржава ўпэўнена захоўвае сацыяльна арыентаваны курс развіцця нацыянальнай эканомікі», — павінныя падсумаваць ідэолагі. І агучыць абяцанні народу на 2024 год:
- ВУП вырасце на 3,8%;
- рэальныя даходы насельніцтва вырастуць на 3,5%;
- інвестыцый у асноўны капітал стане больш на 3,9%;
- экспарт тавараў і паслуг дадасць 7,6%.
А далей варта зачытаць нядаўнюю цытату Лукашэнкі: «Нашыя баталіі сёння працягваюцца ў палях, на заводах, у культурнай, інфармацыйнай сферах, у школах і ўніверсітэтах — за нашую праўду, нашыя перспектывы развіцця, нашае права быць суверэннымі і незалежнымі. Усё гэта будзе, калі будзем мець моцную эканоміку. Гэта — база ўсяго».
А Еўропа пакутуе
Паказаўшы, як добра беларуская эканоміка дае сабе рады ва ўмовах санкцый, ідэолагі для замацавання эфекту павінныя зноў нагадаць, як кепска — паводле іх запэўніванняў — цяпер жыве недружалюбная Еўропа.
На думку аўтараў метадычкі, увёўшы санкцыі супраць Беларусі, краіны ЕС нашкодзілі самі сабе:
- «пацярпеў еўрапейскі бізнес, які раней вельмі паспяхова працаваў у Беларусі»;
- «кампаніі, якія эфектыўна працавалі з беларускімі партнёрамі, прыпынілі дзейнасць праз дырэктыўныя рашэнні ЕС»;
- пацярпелі замежныя фірмы, якія спынілі выгадныя пастаўкі ў Беларусь і вымушаныя былі шукаць новыя рынкі збыту, і гэтак далей.
«Адсутнасць паставак тавараў з Беларусі, імпарт якіх быў забаронены ЕС, прымусіла нашых еўрапейскіх партнёраў шукаць новых пастаўшчыкоў, што, натуральна, вельмі негатыўна паўплывала на лагістыку і кошт паставак, а таксама канчатковую цану прадукцыі. Вымушаны рост цэн на многія беларускія тавары і паслугі, выкліканы абмежаваннямі, якія ўводзяцца супраць Беларусі, усё мацней б’е па еўрапейскіх спажыўцах, выклікаючы незадаволенасць шараговых грамадзян іншых дзяржаваў», — спачуваюць еўрапейцам аўтары дапаможніка для ідэолагаў.
У якасці пацверджання гэтай сумнай карціны яны прыводзяць вытрымку з вераснёўскай публікацыі Die Welt, дзе цытаваліся вынікі сацапытання ў Германіі: аказваецца, на фоне інфляцыі ў немцаў выраслі выдаткі і 2/3 пачалі эканоміць, чвэрць узяла падпрацоўку, 23% спрабавалі прадаць маёмасць.
«На фоне інфляцыі 33% немцаў вымушаныя купляць менш свежых прадуктаў і рабіць выбар на карысць кансерваў. На думку экспертаў Інстытута эканамічных і сацыяльных навук (WSI) Фонду Ханса Бёклера, „ускладненне фінансавай сітуацыі ў многіх хатніх гаспадарках краіны можа прывесці да сур’ёзнага росту сацыяльнай напружанасці і страты даверу да дзяржінстытуцый“», — перажываюць ідэолагі.
Пра сітуацыю з даверам да дзяржаўных інстытуцый у Беларусі аўтары маўчаць — але, магчыма, гэта будзе тэмай наступнай метадычкі.
Чытайце таксама


