Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  2. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  3. Москва объявляет односторонние перемирия ради выгоды, а не мира — ISW
  4. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  5. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  6. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  7. Летом введут существенные изменения, которые могут повлиять на толщину ваших кошельков. Посмотрите, касается ли это вас и ваших родных
  8. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  9. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
  10. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  11. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  12. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  13. «Прошло 86 часов». Коллапс на беларусско-польской границе — автомобили и автобусы стоят в очереди сутками
Читать по-русски


Выхаваннем у дзіцячым доме сямейнага тыпу Галіна і Алег Антонавы займаюцца даўно. Цяпер пара жыве ў Лоеве, пад іх апекай 10 дзяцей. Але ва ўстановы, здаецца, праблемы. Дзеці скардзяцца на жудасныя ўмовы і гвалт, апекуны — на выхаванцаў, якія «ўсё прыдумляюць» і «не хочуць слухацца». Сацслужбы ўвогуле нічога не гавораць. Блог «Людзі» разбіраўся ў сітуацыі.

Фото: Caleb Woods, Unsplash
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: Caleb Woods, Unsplash

«Дзеці баяцца ўсяго, не могуць слова сказаць»

У рэдакцыю блога напісаў адзін з выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Лоеве Арцём. Хлопцу 17 гадоў, ён апынуўся тут гэтым летам разам з братам і сястрой — бацькі выпівалі, іх пазбавілі правоў, а трое дзяцей трапілі ў прытулак. Пасля іх адправілі да Галіны і Алега. Але ўмовамі ў новым доме суразмоўца незадаволены: паводле яго словаў, іншыя дзеці проста не расказваюць, як да іх ставяцца выхавальнікі.

— У нас у сям'і 10 чалавек. Мне і яшчэ аднаму хлопцу 17, ёсць дзеці 16, 14, 12 і 13 гадоў, камусьці шэсць. Яшчэ адной дзяўчынцы год і чатыры месяцы. Некаторыя жывуць тут даўно, — кажа Арцём. — І ўвесь гэты час дзяцей перыядычна б’юць, абражаюць. Адзін раз нават за тое, што дзеці адрэзалі каўбасы не спытаўшы. Мы сядзелі за сталом, і Алег іх проста лупіў па спіне, па чым папала. Ён і выпівае сістэматычна.

Як расказвае школьнік, пра тое, што такое адбывалася і раней, яму казалі іншыя дзеці. Проста «ўсе маўчалі», а ён вырашыў запісваць на відэа тое, што адбываецца, — аўдыё і відэа ёсць у рэдакцыі блога «Людзі».

— Усе думалі, што гэта станоўчая сям’я — яны паказвалі сябе ў добрым святле. А тут я пачаў скардзіцца, — гаворыць падлетак. — Але насамрэч там усё неідэальна. Напрыклад, адзенне. Рэчы пяруць перыядычна, але ў асноўным мы ходзім у брудным. А гарбата ў нас па раскладзе. Калі я прыйшоў папіць гарбаты ў іншы час, на мяне накрычалі.

Акрамя таго, запэўнівае Арцём, выхаванцы дзіцячага дома б’юцца адно з адным. Крадзеж таксама не рэдкасць. На пытанне, як так выйшла, што ўсё гэта дапускаецца, суразмоўца адказвае: «А выхавальнікі нікуды не глядзяць».

— Алег пастаянна сядзіць у камп’ютары, цётка Галя круціцца па сваіх справах — ім няма справы да дзяцей. Хоць яны абавязаныя займацца з намі. Але ніхто гэтага не робіць, у асноўным усе вучацца дрэнна, — сцвярджае ён. — Атмасфера пастаяннага страху на дзяцей сур’ёзна паўплывала, у некаторых з’явіліся псіхічныя адхіленні. Выхаванцы баяцца ўсяго. У школе на гэта ніхто не звяртаў увагі — ну, спакойныя дзеці, і добра. Тое, што часта атрымліваюць двойкі, быццам нікога там не трывожыць.

Паводле словаў падлетка, ён некалькі разоў звяртаўся ў сацслужбу Лоеўскага раёна па дапамогу, але на яго словы амаль заўсёды ніяк не рэагавалі.

— Пару разоў да нас прыязджалі праверкі, але нічога толкам не глядзелі — пастаялі на парозе і з’ехалі. Гэта была абласная праверка з Гомеля і наша раённая, з камісіі па справах непаўналетніх Лоеўскага раёна. Але калі я напісаў у сторыс пра тое, што ў нас адбываецца, пачаўся нейкі кіпеш. 14 кастрычніка да нас прыехала загадчыца сектарам аховы правоў дзяцінства райвыканкама і дырэктар Лоеўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Але ўсе сталі на бок выхавальнікаў, і мяне здалі якраз у гэты цэнтр.

Фото: pixabay.com
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: pixabay.com

17 кастрычніка гісторыя атрымала працяг. Арцём паказаў відэа і аўдыё, знятыя ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, адміністрацыі школы. Тады, як ён кажа, усіх дзяцей увечары таго ж дня павезлі ў СПЦ, дзе з пятніцы знаходзіўся і сам суразмоўца.

— Калі дзеці прыехалі, выхавальнікі ў цэнтры проста здзівіліся — яны таксама лічылі гэтую сям’ю станоўчай і паказальнай, — расказвае падлетак. — Цяпер дзецям нашмат лепш. Нядаўна да мяне падышоў малодшы хлопчык і кажа: «А можна я тут застануся назаўсёды?» Мае на ўвазе прытулак. Мне нават балюча стала. Я і сам збіраюся застацца, да гэтых бацькоў я ўжо не хачу. Большасць з нас туды не хоча, таму што кожны дзень збіццё, абразы.

— Цяпер будзе вырашацца пытанне, ці будуць Алег і цётка Галя працаваць далей. Гэтым займаюцца ў выканкаме. Таму і хачу расказаць усё гэта, каб іх звольнілі. Я не хачу, каб гэта далей працягвалася, каб дзеці так жылі, — кажа Арцём.

«У нас няма гвалту, а ёсць хлусы»

Пяць гадоў таму Алег і Галіна Антонавы атрымалі ад дзяржавы вялікі дом у Лоеве, куды і пераехалі са сваімі выхаванцамі.

Мужчыну 62 гады, ён нарадзіўся ў Гомелі. Да таго як цалкам пераключыцца на выхаванне дзяцей, працаваў кіроўцам аўтобуса ў ААТ «Гомельагратранс». А вось яго жонка працуе прыёмнай маці з 2002 года.

Блог «Людзі» датэлефанаваўся да Алега Антонава. На пытанне, ці сапраўды ў дзіцячым доме ў дачыненні да дзяцей ужываюць гвалт, мужчына адказаў даволі эмацыйна:

— Адкуль вы гэта ўзялі?! У нас няма гвалту, а ёсць хлусы. Мяне ўжо не ўпершыню падстаўляюць. Паб’юцца паміж сабой, сінякоў наставяць і звальваюць на бацькоў. Помста за тое, што мы не даем гуляць, пакуль яны не зробяць урокі. Цяпер ні ў кога з дзяцей ніякіх пашкоджанняў няма.

Фото: pixabay.com
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: pixabay.com

На адным з відэа, якое даслаў у рэдакцыю Арцём, чуваць, як у яго адрас нецэнзурна выказваецца мужчына. Алег Антонаў прызнае, што на запісе ягоны голас, але называе тое, што здарылася, «адзінкавым выпадкам».

— Ён спецыяльна выводзіў мяне з сябе, каб зрабіць запіс. Не падпарадкоўваўся законным патрабаванням. Пры гэтым запісваць стаў толькі мяне, а як ён сябе паводзіў, чамусьці не запісаў.

Пры гэтым, паводле словаў мужчыны, такія канфлікты ў яго ўзнікаюць толькі з адным выхаванцам.

— Так сябе паводзіць ён адзін. Як хацеў, так і жыў, ігнаруючы нас з жонкай. Заяўляе: «Я сам па сабе», дапамагаць дома не хоча. Жонка просіць пачысціць бульбу, адказ: «Табе трэба — ты і чысці». Мае выхаванцы былі вельмі радыя, калі яго забралі [у пятніцу]. Закупляў жыжку [для вейпаў], потым перапрадаваў, яшчэ і курыў яе ноччу ў акно, пакуль мы спалі.

Мужчына пацвярджае: дзеці цяпер не з імі. Паводле яго словаў, яны з Галінай вырашылі ўзяць адпачынак на тыдзень. На пытанне, ці праўда разглядаецца магчымасць звольніць іх з жонкай з пасады прыёмных бацькоў, мужчына адказвае каротка:

— Я яшчэ і сам не ведаю.

«Не маю права каментаваць»

Па каментар з нагоды таго, што адбываецца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, аўтары блога «Людзі» звярнуліся ў камісію па справах непаўналетніх Лоеўскага раёна. Там сітуацыю пракаментаваць не змаглі, спаслаўшыся на прыватнасць асабістых дадзеных.

— Вы паведамілі мне інфармацыю, я з ёй папрацую. Але абмяркоўваць… ёсць закон аб персанальных дадзеных, і ўсё ж такі гэта непаўналетнія дзеці. Мы зараз гэтым зоймемся шчыльна. Але каментаваць нешта не маю права, — адказала прадстаўніца камісіі.

Журналісты блога «Людзі» таксама патэлефанавалі ў Лоеўскі сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзе, паводле словаў Арцёма, цяпер жывуць дзеці. Але падрабязнасцяў пра тое, што чакае выхаванцаў Галіны і Алега Антонавых, там не расказалі: кіраўніца цэнтра адмовілася даваць каментары па тэлефоне.