Удзельнікі групы, якая стварыла і адміністравала Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі», завочна атрымалі па 12 гадоў калоніі. Прысуд ім абвясцілі 18 студзеня ў Мінску, перадае БЕЛТА.
Суд прызнаў вінаватымі па ч. 3 арт. 130 (Распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 203−1 (Незаконны збор і распаўсюд персанальных звестак) 28-гадовую Яніну Сазановіч, 25-гадовага Данііла Багдановіча, 23-гадовую Вольгу Высоцкую, 21-гадовую Валерыю Занямонскую, а таксама 44-гадовага грамадскага дзеяча і журналіста, сузаснавальніка Sports.ru, выхадца з Беларусі Дзмітрыя Навошу. Усе яны знаходзяцца за мяжой, таму судовае паседжанне праходзіла ў парадку спецыяльнай вытворчасці.
Паводле версіі пракуратуры, абвінавачаныя стварылі і адміністравалі Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі» і іншыя аналагічныя рэсурсы, дзе размяшчалі «ў адкрытым доступе інфармацыю пра прыватнае жыццё і персанальныя звесткі сотняў грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці».
«Прысуд у 12 гадоў? Ды хоць 112. Я і, думаю, іншыя завочна „судзімыя“ гатовыя прыняць на сябе любыя віртуальныя тэрміны выдуманых судоў цаной таго, каб свабода для рэальных палітвязняў прыйшла раней. Прысуд Беларусі страшнейшы. Пайшоў 29-ы год (Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе — Заўв. рэд.), і адбыванне пакарання ўсё яшчэ доўжыцца», — пракаментаваў прысуд Дзмітрый Навоша ў сваім Twitter.
Раней КДБ уключыў фігурантаў у «тэрарыстычны спіс».
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў ліпені падпісаў закон пра змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, што знаходзяцца за мяжой, завочна і нават асуджаць іх на расстрэл.