Тэлеграм-чат Poland. Business Harbour_Belarus, у якім дапамагалі з пераездам з Беларусі ў Польшчу, прызналі «экстрэмісцкім», піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
У чаце — больш за 10,5 тысячы карыстальнікаў. У яго апісанні адзначаецца, што гэта «група для тых, хто пераязджае ў Польшчу з Беларусі». Рашэнне прызнаць чат «экстрэмісцкім» прыняў суд Баранавіцкага раёна 23 студзеня.
Нагадаем, пачынаючы з 26 студзеня 2024 года беларусы больш не змогуць атрымаць польскія візы Poland. Business Harbour (PBH).
У першым паўгоддзі 2023 года па праграме PBH ў Польшчу заехалі 1243 замежнікі, а ў другой палове мінулага года — 1185. Усяго ж з пачатку дзеяння праграмы ў краіну рэлакаваліся 13,5 тысячы чалавек з візамі PBH. Пры гэтым агульная колькасць такіх візаў, выдадзеных замежнікам, склала каля 100 тысяч.
Эксперты заяўлялі, што праграма Poland. Business Harbour сама па сабе мае «сур'ёзныя недахопы». Паводле іх, выдадзеныя па ёй візы даюць замежнікам магчымасць легальна трапіць у Шэнгенскую зону, але не дапамагаюць польскім кампаніям прыцягваць IT-спецыялістаў, як задумвалася першапачаткова.
Праграма Poland. Business Harbour першапачаткова была створаная ў 2020 годзе для грамадзян Беларусі — айцішнікаў і іх сем’яў, якім давала шэраг ільгот. Праз год яе дзеянне пашырылі на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Расіі і іншых краін — усяго іх 44. Аднак пераважная большасць уладальнікаў IT-візаў — усё роўна беларусы: паводле ацэнкі польскіх палітыкаў, такіх каля 65 тысяч чалавек.