Электронныя таргі па продажы аднапавярховага драўлянага будынка былога клуба ў Баранавіцкім раёне дакладна ўвойдуць у гісторыю. У адрозненне ад іншых аб’ектаў, на аўкцыён па продажы гэтага лота зарэгістраваліся адразу трое прэтэндэнтаў, піша газета «Наш край».
Пачатковы кошт будынка клуба плошчай 93,7 кв. м складаў 661,05 рубля. У выніку пераможцам стаў трэці ўдзельнік, які набыў аб’ект даражэй больш чым у дзевяць разоў — за 6048,74 рубля.
Чаму ж гэты лот аказаўся такім прывабным? Сакрэт яго запатрабаванасці — у размяшчэнні былога клуба: у маляўнічым месцы Палонкаўскага сельсавета, у вёсцы Ягаднай, дзе працякае рака Іса, побач лес. Хутчэй за ўсё, прывабіў ахвотных зямельны ўчастак, на якім можна збудаваць сучасны дачны дом.