Эдуард Бабарыка, якога 9 ліпеня будуць зноў судзіць за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, адбывае пакаранне ў ПК-2 Бабруйска. Як расказала «Люстэрку» крыніца, знаёмая з сітуацыяй, практычна адразу пасля паступлення ў ПК-2 Эдуарда адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Расказваем падрабязнасці.
Паводле інфармацыі крыніцы «Люстэрка», Эдуард Бабарыка трапіў у ПК-2 у студзені гэтага года. Пасля каранціну яго адправілі ў штрафны ізалятар, потым — у ПКТ. Эдуард знаходзіўся там як мінімум да сярэдзіны вясны. Ён дагэтуль там.
— Відаць, яму давалі дысцыплінарныя спагнанні, каб пазней адправіць у турму. У камеры ён сядзеў адзін. Маральны стан, мабыць, быў не вельмі добры, — дадаў суразмоўца.
Пра здароўе палітвязня яму нічога не вядома.
Што такое ПКТ і якія там умовы?
Паводле закона ў ПКТ адпраўляюць тых, хто атрымаў спагнанне за злосныя парушэнні правілаў унутранага парадку калоніі. Але ў выпадках з палітвязнямі гэта могуць быць і «надуманыя» сітуацыі. Аляксандр Кабанаў пасля вызвалення з ПК-1 Наваполацка расказваў, што яго загадзя папярэдзілі пра рашэнне яго «забурыць», то-бок адправіць у памяшканне камернага тыпу.
У ПКТ могуць адправіць на тэрмін да шасці месяцаў. У памяшканні магчымае адначасовае знаходжанне як некалькіх асуджаных, так і аднаго. Напрыклад, паводле звестак на лістапад 2023-га, у «адзіночцы» сядзеў Мікалай Статкевіч.
Абстаноўка ў ПКТ мякчэйшая, чым у ШІЗА. Тым, хто там знаходзіцца, выдаюць падушку, коўдру, матрац і пасцельную бялізну. Паводле закона асуджаныя могуць раз на дзень выходзіць на паўгадзінны шпацыр, атаварвацца на адну базавую велічыню, атрымаць адну бандэроль або дробны пакет за паўгода, прымаць і адпраўляць лісты, карыстацца бібліятэкай, выпісваць часопісы і газеты. З сабой яны маюць права ўзяць вопратку, брытву (электрычную або механічную), кіпяцільнік, пісьмовыя і туалетныя прыналежнасці, ручнік, гадзіннік і нават настольныя гульні (але ігральныя карты нельга).
Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, тыя, хто знаходзіцца ў ПКТ, працуюць асобна ад іншых асуджаных. У той жа час так не ва ўсіх калоніях.
— Кожную раніцу, калі я сядзеў у ШІЗА і ПКТ, у камеру заходзіў загадчык гаспадаркі. З сабой у яго была каністра з вадой, у якой разведзеная хлорка. Ён разліваў яе па ўсім памяшканні, а калі сыходзіў, ты бярэш анучку і гадзіну-паўтары займаешся прадуктыўнай уборкай, — расказваў экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў.
Нагадаем, у канцы чэрвеня праваабаронцы паведамілі, што Эдуарда Бабарыку 9 ліпеня зноў будуць судзіць. Гэтым разам за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (ч. 2 арт. 411 КК). Калі яго прызнаюць вінаватым, гэта можа павялічыць ягоны тэрмін за кратамі яшчэ на два гады.
Адзначым, 5 ліпеня 2023 года Эдуард Бабарыка быў прызнаны вінаватым па ч. 2 арт. 243, ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342, ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула нанясенне шкоды ў буйным памеры, дапамаганне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і дапамаганне ў арганізацыі наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне варожасці і разладу па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці).
Яму далі восем гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 5000 базавых велічынь (185 000 рублёў) без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю. Вытворчасць па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 235 КК (Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам) была спыненая ў сувязі з «адмовай дзяржабвінаваўцы ад абвінавачання».
Затрыманы Эдуард быў 18 чэрвеня 2020 года, утрымліваўся ў СІЗА КДБ. 17 снежня 2021 года прайшло роўна 18 месяцаў з моманту яго затрымання. І ён мусіў выйсці на волю. Але потым стала вядома, што яму выстаўленыя новыя абвінавачанні.
Чытайце таксама