Імёны пяці з 37 палітвязняў, якіх памілавалі 16 верасня, агучыў у сваім тэлеграм-канале экс-рэдактар тэлеграм-канала NEXTA Раман Пратасевіч.
Гэта Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун, Кацярына Джыга.
Аляксандр Фікаў — кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Зняволены зімой 2023 года. 20 чэрвеня 2023 суд прызнаў яго вінаватым па арт. 361−2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) і прызначыў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Таццяна Біруля з Салігорска была зняволеная па справе пра распаўсюд пратэсных газет. Ёй выставілі абвінавачанне ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Потым фігурантаў справы таксама абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, учыненай групай асоб (ч. 3 арт. 130), апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341), закліках да мераў абмежавальнага характару (ч. 1 арт. 361) і спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361−4). 12 снежня 2022 года суддзя Алена Міснік прызнала Таццяну вінаватай і прызначыла ёй шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Анжэла Сікорская была асуджаная па арт. 391 КК (Абраза суддзі ці народнага засядальніка), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 366 (Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак). Справу разглядаў суддзя суда Маскоўскага раёна Сяргей Кацэр. 6 верасня 2023 года ён прызначыў Анжэле 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Утрымлівалася ў СІЗА-1.
Міхаіла Корзуна затрымалі 10 студзеня 2022 года. Ён абвінавачваўся ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК). Яго асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі.
Кацярына Джыга была затрыманая за каментары ў сацсетках. У Кацярыны чацвёра дзяцей, адзін з іх няпоўнагадовы, старэйшая дачка з інваліднасцю ІІ групы. Кацярыну асудзілі па ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 2 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Прысуд — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Напярэдадні Дня народнага адзінства Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра памілаванне яшчэ 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці». Дакумент быў падпісаны 16 верасня, паведамілі ў прэс-службе.
Гэта ўжо чацвёртая хваля памілаванняў палітвязняў за апошні час. 4 верасня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных па палітычных артыкулах. Сярод іх сем жанчын і 23 мужчыны. Большасць з іх — бацькі няпоўнагадовых дзяцей. Раней, 16 жніўня, Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэснай скіраванасці». У іх ліку — 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворванні.
3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязняў. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, уключаючы Рыгора Кастусёва, які пакутуе на анкалагічнае захворванне.
«Праваабаронцам жа вядомыя прозвішчы 57 палітвязняў, якія выйшлі на волю па памілаванні з ліпеня», — перадае праваабарончы цэнтр «Вясна».