Расійскі журналіст-расследавальнік Ілля Даўлятчын у Беларусі стаў фігурантам крымінальнай справы пра «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», абвінавачанне звязанае з яго ўдзелам у ток-шоу «План: Б» тэлеканала «Белсат». Ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, паведамляе тэлеграм-канал «Можем объяснить».
Крымінальную справу ў дачыненні да Даўлятчына распачало УУС Гомельскай вобласці па ч. 2 арт. 361−4 КК (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове), па якой пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі. 25 лістапада 2024 года журналіст быў унесены ў базу вышуку МУС Расіі. Пры гэтым у аналагічнай базе ў Беларусі яго прозвішча адсутнічае. Грамадзянінам нашай краіны Даўлятчын не з’яўляецца.
Крымінальная справа звязаная з удзелам журналіста ў ток-шоу «План: Б» тэлеканала «Белсат», які ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім аб’яднаннем», а ў Расіі — «непажаданай арганізацыяй».
Адвакаты Даўлятчына паведамілі ў Інтэрпал пра палітычны характар пераследу.
«Пасля разгляду арганізацыя можа прыняць гэтую інфармацыю да ведама і выключыць журналіста са свайго ўнутранага рэестра міжнароднага вышуку», — паведаміў адзін з юрыстаў.
Адзначаецца таксама, што Інтэрпал часцей за ўсё ігнаруе запыты з Беларусі па палітычна матываваных справах.
Ілля Даўлятчын — журналіст-расследавальнік, вядоўца штотыднёвай праграмы «Можем объяснить». Раней ён супрацоўнічаў з расійскімі выданнямі «Собеседник», «Вёрстка», «Росбалт», тэлеканалам «Дождь». У лістападзе 2023 года Міністэрства юстыцыі Расіі ўключыла Даўлятчына ў рэестр «замежных агентаў».
Нагадаем, чэрвеня 2024 года Гомельскае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусіраспачало крымінальную справу ў дачыненні да вядоўцаў і гасцей двух выпускаў перадачы «План: Б», якія выйшлі на «Белсаце» ў сакавіку таго ж года. Іх абвінавачваюць па тым самым артыкуле, што і Даўлятчына.
Фігурантамі справы сталі больш за два дзясяткі чалавек. Паводле звестак «Белсата», сілавікі некалькі месяцаў праводзілі ператрусы ў іх сваякоў і ціснулі на іх.
Першы суд за ўдзел у ток-шоу «План: Б» ужо адбыўся і прайшоў завочна. Факт удзелу ў праграме блогеркі Вольгі Павук стаў адным з эпізодаў крымінальнай справы супраць яе. Усяго ў справе было 12 эпізодаў, а агулам Вольгу асудзілі завочна на восем гадоў пазбаўлення волі.
Ток-шоу «План: Б» выходзіла ў эфір на «Белсаце» з 2022 года. Апошні сезон завяршыўся ў траўні 2024 года.