Пасля шматмесячных спрэчак канцлер Германіі Олаф Шольц прыняў рашэнне паставіць танкі Leopard 2A6 ва Украіну. Пра гэта паведаміла 24 студзеня выданне Der Spiegel са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Паводле звестак выдання, гаворка ідзе як мінімум пра адну роту танкаў Leopard 2A6. Берлін таксама збіраецца ўхваліць пастаўкі танкаў іншымі краінамі.
Пытанне пра пастаўкі Leopard з Германіі ва Украіну бундэстаг разгледзіць ужо 25 студзеня.
Раней The Wall Street Journal паведаміла, што Белы дом на гэтым тыдні можа анансаваць пастаўку Украіне танкаў M1 Abrams. Паводле WSJ, колькасць перададзеных Кіеву танкаў будзе «значнай».
Пастаўкі танкаў Leopard Украіне выклікалі бурныя дыскусіі сярод саюзнікаў Кіева. 21 студзеня стала вядома, што Германія не дала згоды на пастаўкі Украіне нямецкіх танкаў Leopard-2, нягледзячы на чаканні Кіева і ціск з боку саюзнікаў па кантактнай групе «Рамштайн», якія збіраліся 20 студзеня на чарговую нараду па пытаннях дапамогі Кіеву. Гэтая пазіцыя выклікала рэзкую крытыку як унутры Германіі, так і з боку іншых краін кааліцыі.
22 студзеня міністр замежных справаў Германні Аналена Бербак заявіла, што Берлін не будзе перашкаджаць адпраўцы танкаў Leopard з трэціх краін ва Украіну.
23 студзеня, як расказаў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль, пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы Савета ЕС па замежных справах. Ён пацвердзіў словы Бербак пра тое, што Германія не будзе перашкаджаць іншым краінам, калі яны хочуць перадаць гэтыя танкі са сваіх запасаў Украіне.