У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што за мінулыя суткі нанеслі ўдары па жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 107 раёнах. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расіяне працягваюць несці вялікія страты, але не спыняюць спробаў наступаць на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што Пуцін не збіраецца адмаўляцца ад сваіх мэтаў ва Украіне.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 397-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі больш за 60 атак праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі два ракетныя і 23 авіяцыйныя ўдары, правялі 38 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і цывільнай інфраструктуры населеных пунктаў. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Праціўнік працягвае канцэнтраваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. УСУ адбілі на гэтых напрамках больш за 60 атак расійскіх сіл.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен, прыкметаў фармавання наступальных груповак не выяўлена. Праціўнік абстраляў раёны 25 населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках за суткі расійскія войскі беспаспяхова спрабавалі наступаць непадалёк Сінькоўкі, Белагораўкі і Вясёлага. З артылерыі абстралялі раёны 11 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы працягваюць штурмаваць Бахмут, а таксама раёны Багданаўкі і Іванаўскага Данецкай вобласці. Абстраляныя раёны больш чым 20 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках расіяне спрабавалі наступаць у кірунку населеных пунктаў Новабахмутаўка, Новакалінава, Аўдзееўка, Паўночнае, Першамайскае, Невельскае, Краснагораўка і Мар'інка. Шматлікім абстрэлам праціўніка падвергліся больш чым 15 населеных пунктаў.
— На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі абстралялі раёны пяці населеных пунктаў, у тым ліку горад Вуглядар.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік працягвае трымаць абарону. Абстрэльваюць больш за 30 населеных пунктаў, у тым ліку горад Херсон.
— Украінская авіяцыя за мінулыя суткі нанесла тры ўдары па раёнах канцэнтрацыі расійскіх сіл.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, чатыры раёны канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, станцыю радыёэлектроннай барацьбы і склад боепрыпасаў расійскіх сіл.
«Расійскія акупацыйныя войскі працягваюць несці вялікія страты. Так, у населеным пункце Траецкае Луганскай вобласці ў мясцовы морг цэнтральнай раённай бальніцы за мінулыя суткі было дастаўлена каля 100 целаў загінулых расіян. Акрамя таго, на лячэнне прыбыло каля 140 цяжкапараненых акупантаў», — заявілі ў Генштабе УСУ.
Мінабароны РФ: збілі верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што на Данецкім напрамку УСУ за суткі страцілі больш за чатырыста вайскоўцаў і добраахвотнікаў.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Сінькоўка, Кіслаўка Харкаўскай вобласці, Навасёлаўскае і Стальмахоўка Луганскай вобласці. Страты УСУ за суткі склалі да 65 вайскоўцаў, два аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab, самаходная гаўбіца «Акацыя», а таксама адна гаўбіца Д-30.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» пабітыя падраздзяленні праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Неўскае Луганскай вобласці, Ямпалоўка і Грыгораўка Данецкай вобласці. Знішчаныя звыш 85 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, а таксама гаўбіца Д-30.
— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і агню артылерыі страты УСУ за суткі склалі больш за чатырыста вайскоўцаў і добраахвотнікаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, дзесяць аўтамабіляў, чатыры пікапы, баявая машына РСЗА «Град» і адна гаўбіца Д-20.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі аператыўна-тактычнай і армейскай авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Уладзіміраўка, Наваполь Данецкай вобласці, Малая Такмачка і Шчарбакі Запарожскай вобласці. Страты УСУ на гэтых кірунках склалі да 40 украінскіх вайскоўцаў, два пікапы, а таксама гаўбіца Д-20.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 30 вайскоўцаў УСУ, два аўтамабілі і адна самаходная гаўбіца «Гваздзік».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 93 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 107 раёнах. У раёне населенага пункта Бераставое Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны. У раёне населенага пункта Таміраўка Запарожскай вобласці збіты верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны. Знішчаныя 13 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін не настроены на перамовы і ўзмацняе спробы адолець Украіну
Уладзімір Пуцін збіраецца дабіцца поўнай перамогі ва Украіне. Расійскі прэзідэнт, падобна, не прызнае ўсё больш распаўсюджаную ў заходнім дыскурсе ідэю пра тое, што цяперашнія ваенныя рэаліі патрабуюць або падтрымліваюць урэгуляванне канфлікту з дапамогай перамоваў. Ні Украіна, ні Захад не пераканалі яго ў тым, што ён мусіць разгледзець магчымасць прыняцця якога-небудзь нестандартнага або кампраміснага рашэння. Пра гэта гаворыцца ў свежай зводцы Інстытута па вывучэнні вайны.
Як адзначаюць эксперты, Пуцін па-ранейшаму засяроджаны на дасягненні сваіх першапачатковых ваенных мэтаў праз зацяжны канфлікт, у якім ён перамагае альбо навязваючы сваю волю Украіне сілай, альбо зламаўшы волю Украіны пасля таго, як Захад кіне Кіеў. Вайна будзе цягнуцца да таго часу, пакуль Пуцін лічыць, што ён можа навязаць Украіне сваю волю.
Пуцін працягвае даваць зразумець словам і справай, што ён яшчэ не прыйшоў да такой высновы, нягледзячы на няўдачы ягоных асноўных ваенных намаганняў гэтай зімой: расійскія зімова-вясновыя наступленні, якія мусілі скончыцца выхадам на межы Луганскай і Данецкай абласцей, дасягнулі кульмінацыі, але не пастаўленай мэты.
Замест гэтага Пуцін узмацняе спробы адолець Украіну і/або зацягнуць вайну, мабілізаваўшы расійскую абаронную прамысловасць і абнавіўшы розныя схемы правядзення прыхаванай мабілізацыі для аднаўлення баявой моцы. Той факт, што Пуцін робіць усе гэтыя захады і нават не выказвае намераў разгледзець магчымасць кампраміснага міру — асабліва пасля таго, як кітайскі лідар Сі Цзіньпін прапанаваў дапамогу ў перамовах падчас візіту ў Маскву, — паказвае на тое, што Пуцін па-ранейшаму настроены дабіцца сваіх мэтаў сілай, адзначаюць эксперты.
Яшчэ адзін доказ гэтага — працяг расійскіх наступальных аперацый вакол Бахмута і Аўдзееўкі, а таксама ўздоўж Луганскай і заходняй часткі Данецкай лініі фронту. Цяпер гэтыя атакі сталі не проста бессэнсоўнымі, але і шкоднымі для падрыхтоўкі Расіі да наступнай фазы вайны, якая будзе круціцца вакол блізкага ўкраінскага контрнаступлення, кажуць у ISW. Пуцін марнуе бедную расійскую баявую моц на дасягненне бессэнсоўных з аператыўнага пункту гледжання выгадаў, а не на стварэнне ўмоваў для адбіцця ўкраінскага контрнаступлення, якога ўсе, відавочна, чакаюць найбліжэйшым часам.
Аднак упартасць Пуціна можа мець сэнс ва ўмовах зацяжнога канфлікту, падчас якога падтрымка Украіны Захадам аслабне або спыніцца, адзначаюць аналітыкі. Пуцін, магчыма, лічыць, што гэтыя аперацыі падштурхнуць да перамоваў на ўжо агучаных ім умовах, якія ўключаюць міжнароднае прызнанне анексіі Расіяй Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, украінскі «нейтралітэт», «дэмілітарызацыю» Украіны і «дэнацыфікацыю» ўкраінскага ўрада.
У гэтай сітуацыі паспяховая серыя ўкраінскіх контрнаступленняў, а не толькі адно, амаль напэўна неабходная, каб пераканаць Пуціна ўступіць у перамовы на ўмовах, адрозных ад дасягнення ўсіх заяўленых ім мэтаў, кажуць аналітыкі.
Такім чынам, выбар, які цяпер стаіць перад Украінай і яе заходнімі партнёрамі, адносна просты, адзначаюць у Інстытуце:
— Украіна можа ў аднабаковым парадку спыніць баявыя дзеянні, што прывядзе да катастрафічнай паразы (і за што амаль ніхто не выступае);
— украінскія сілы могуць працягваць баявыя дзеянні вельмі абмежавана, імкнучыся толькі ўтрымаць тое, што ў іх ёсць цяпер, што заахвоціць Пуціна прадоўжыць свае намаганні для дасягнення поўнай ваеннай перамогі;
— украінскія сілы могуць пачаць паслядоўныя контрнаступальныя аперацыі з дзвюма мэтамі: пераканаць Пуціна прыняць дасягнуты шляхам перамоваў кампраміс або стварыць ваенную рэальнасць, дастаткова спрыяльную для Украіны, каб Кіеў і яго заходнія саюзнікі маглі эфектыўна замарозіць канфлікт самастойна, незалежна ад рашэнняў Пуціна.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заклікала да інфармацыйнага маўчання адносна магчымага контрнаступлення ўкраінскага боку;
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Сватава — Крамянная; афіцыйны прадстаўнік Усходняй групы войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты заявіў, што расійскія і ўкраінскія войскі правялі дзесяць баёў на Купянска-Ліманскім напрамку;
- расійскія войскі працягвалі атакаваць Бахмут і яго ваколіцы і дасягнулі нязначных поспехаў у межах горада: расійскія крыніцы сцвярджалі, што сілы ПВК Вагнера захапілі завод АЗОМ на поўначы Бахмута;
- расійскія войскі працягвалі наступ на лініі Аўдзееўка — Данецк і дамагліся нязначных поспехаў у Мар'інцы, украінская разведка заявіла, што сілы ПВК Вагнера могуць прыбыць на Аўдзееўскі напрамак;
- расійскія сілы працягвалі планавы агонь па раёнах Запарожскай, Херсонскай і Днепрапятроўскай абласцей;
- расійскія крыніцы паведамілі пра фарміраванне добраахвотніцкага батальёна «Ураган» у складзе 1-й дыверсійна-разведвальнай брыгады «Ваўкі» — нерэгулярнага фарміравання, які дзейнічае ў раёне Аўдзееўкі;
- украінскі Генштаб паведаміў, што расійскія акупацыйныя ўлады ў Бярдзянску патрабуюць ад мясцовых жыхароў атрымаць пропускі ад акупацыйнай адміністрацыі да 1 красавіка для перамяшчэння па акупаванай Запарожскай вобласці.