У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што правялі паспяховыя наступальныя дзеянні і палепшылі становішча на Данецкім і Купянскім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёне Сянькоўкі Харкаўскай вобласці і Багданаўкі Данецкай вобласці.
Расказваем, пра што яшчэ гаворыцца ў зводках штабоў праціўнікаў і справаздачах экспертаў на 540-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Расіяне робяць шпіталі ў жылых дамах
За мінулыя суткі расійская армія нанесла восем ракетных і 82 авіяцыйныя ўдары, правяла 76 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва, у тым ліку дзеці. Разбурэнні зазнала партовая інфраструктура ў Адэскай вобласці, жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Дняпроўскай і Херсонскай абласцей, паведамляе Генштаб УСУ.
За мінулыя суткі адбылося 20 баявых сутыкненняў з праціўнікам.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах пяці населеных пунктаў Харкаўскай вобласці. Абстралялі з мінамётаў і артылерыі больш за 15 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай абласцей і на Харкаўшчыне.
— На Купянскім напрамку праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах Купянска і яшчэ шасці населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей. Вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Сянькоўкі Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся тры населеныя пункты Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах трох і абстралялі каля 20 населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Багданаўкі Данецкай вобласці. Нанеслі авіяўдары ў раёнах чатырох і абстралялі больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне горада Мар'інка Данецкай вобласці. Праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах Краснагораўкі і Новаміхайлаўкі, абстраляў з артылерыі больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку войска РФ нанесла авіяцыйныя ўдары ў раёнах Благадатнага, Ураджайнага і Старамаёрскага, абстраляла больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім напрамку праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах Малой Такмачкі і Новаданілаўкі, абстраляў больш за 20 населеных пунктаў Запарожскай вобласці.
— На Херсонскім напрамку артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся больш за дзесяць населеных пунктаў Херсонскай вобласці і горад Херсон.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла дзесяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка і па зенітна-ракетным комплексе.
— Знішчаныя восем разведвальных БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі пабілі зенітна-ракетны комплекс расійскіх войскаў.
«Расійскія захопнікі працягваюць выкарыстанне цывільнай інфраструктуры часова акупаваных населеных пунктаў для аказання медыцынскай дапамогі сваім параненым вайскоўцам. У населеным пункце Шаўчэнкаўскі Запарожскай вобласці расійскія вайскоўцы зрабілі на тэрыторыі прыватнага жылога дома палявы шпіталь, дзе на лячэнні знаходзіцца больш за 30 параненых акупантаў», — паведамілі ў Генштабе.
Мінабароны Расіі: Знішчылі вайсковы эшалон з боепрыпасамі
— На Данецкім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Паўднёвая» ў цесным узаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй адбілі чатыры атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Залізнянскае, Стараміхайлаўка і Краснагораўка Данецкай вобласці. Акрамя таго, штурмавыя атрады расійскай групоўкі войскаў правялі паспяховыя наступальныя дзеянні і палепшылі становішча па пярэднім краі.
На станцыі Межавая Днепрапятроўскай вобласці ракетным ударам у раёне разгрузкі знішчаны вайсковы эшалон з боепрыпасамі.
— На Купянскім напрамку падраздзяленні Заходняй" групоўкі войскаў пры падтрымцы авіяцыі і агню артылерыі палепшылі становішча па пярэднім краі. За суткі адбітыя шэсць атак штурмавых груп 14-й механізаванай, 25-й паветрана-дэсантнай і 95-й дэсантна-штурмавой брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Альшана, Сінькоўка Харкаўскай і Навасёлаўскае Луганскай абласцей.
— Падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» на Чырвоналіманскім напрамку адбілі атаку штурмавой групы 42-й механізаванай брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Кузьміно. Акрамя таго, нанесенае комплекснае агнявое паражэнне праціўніку ў раёнах населеных пунктаў Крамянная і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход», авіяцыя і артылерыя нанеслі комплекснае агнявое паражэнне УСУ ў раёнах населеных пунктаў Прыютнае Запарожскай вобласці, Старамаёрскае і Раўнаполь Данецкай вобласці.
— На Запарожскім напрамку падраздзяленні расійскай групоўкі войскаў пры падтрымцы авіяцыі, артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбілі атаку УСУ і нанеслі комплекснае агнявое паражэнне штурмавым атрадам 46-й аэрамабільнай брыгады ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці.
— На Херсонскім напрамку нанесенае агнявое паражэнне ўкраінскім падраздзяленням і ваеннай тэхніцы.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя нанеслі паражэнне жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 138 раёнах.
У раёнах населеных пунктаў Ластаўчына Данецкай і Іванаўскае Запарожскай вобласці пабітыя два пункты кіравання беспілотнымі лётнымі апаратамі УСУ. У раёне населенага пункта Серабранка Данецкай вобласці пабітыя камандна-назіральны пункт падраздзялення 67-й механізаванай брыгады УСУ і склад боепрыпасаў.
Сродкамі супрацьпаветранай абароны перахоплены адзін рэактыўны снарад сістэмы залпавага агню HIMARS. Акрамя таго, знішчаныя 18 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Украіна яшчэ не задзейнічала рэзервы
16 жніўня ўкраінскія войскі працягнулі контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту і прасунуліся ў заходняй частцы Запарожскай вобласці і на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, у тым ліку вызвалілі вёску Ураджайнае.
- Як паведамілі ў Генштабе Украіны, украінскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Бярдзянскім і Мелітопальскім напрамках.
- Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 16 жніўня, сведчаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на паўночны ўсход ад Рабоціна (10 км на поўдзень ад Арэхава) у заходняй частцы Запарожскай вобласці і, імаверна, дамагліся вялікіх поспехаў у прылеглых раёнах, улічваючы тыдні пастаяннай актыўнасці ўкраінскіх сіл у лясных масівах на паўночны ўсход ад населенага пункта.
- Украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што ўкраінскія сілы вызвалілі Ураджайнае ў памежным раёне Запарожскай і Данецкай абласцей, а ўкраінская 35-я брыгада марской пяхоты апублікавала кадры, на якіх іх асабовы склад падымае ўкраінскі сцяг у цэнтры населенага пункта. Расійскія заявы пра атакі ўкраінцаў далей на поўдзень і ўсход ад межаў гэтага населенага таксама сведчаць пра тое, што ўкраінскія сілы, імаверна, кантралююць большую яго частку.
Расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы накіравалі свае «асноўныя рэзервы» для правядзення контрнаступальных аперацый у заходняй частцы Запарожскай вобласці. Аднак паведамленні Расіі пра невялікія атакі ўкраінскай пяхоты ў гэтым раёне не адпавядаюць гэтым сцверджанням. Расійскія крыніцы, відаць, памылкова ўяўляюць украінскія рэзервы як адзін вялікі ўнітарны кантынгент, які Украіна будзе выкарыстоўваць у баявых дзеяннях як адзінае цэлае. Таму іх заявы, што Украіна накіравала ўсе свае рэзервы, заўчасныя.
Расійскія ультранацыяналісты ўсё часцей крытыкуюць вайсковае камандаванне за няздольнасць набраць і эфектыўна навучыць афіцэраў сярэдняга звяна для кіраўніцтва войскамі на перадавой ва Украіне. Некаторыя расійскія ваенныя блогеры крытыкуюць дзейных афіцэраў сярэдняга звяна за ўвядзенне непатрэбных бюракратычных мераў, жорсткае абыходжанне з параненымі і загінулымі расійскімі вайскоўцамі, аддаванне загадаў, якія вядуць да ваенных стратаў, і дэзінфармацыю расійскага найвышэйшага вайсковага камандавання. У адказ асобныя блогеры заявілі, што гнеў варта скіраваць не на афіцэраў сярэдняга звяна, а на высокапастаўленых чыноўнікаў, якія прызначаюць кепскіх камандзіраў. Яшчэ адзін блогер адзначыў, што расійскае вайсковае камандаванне і найвышэйшае кіраўніцтва ў цэлым аддаюць перавагу не кампетэнтным, а лаяльным афіцэрам. Іншы заявіў, што Расія не ліквідуе гэтую згубную культуру ў сваіх узброеных сілах без істотных зменаў у найвышэйшым вайсковым кіраўніцтве.
Мінабароны Расіі можа выкарыстаць форум «Армія-2023» у Маскве, каб змусіць краіны адмовіцца ад супрацоўніцтва з ПВК Вагнера, і для рэкламы падкантрольных Мінабароны Расіі прыватных ваенных кампаній. Паведамляецца таксама, што Мінабароны Расіі пагражае спыніць усялякую, у тым ліку вайскова-тэхнічную падтрымку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, калі краіны працягнуць выкарыстоўваць наяўныя сувязі з «Вагнерам». Так, крыніцы, звязаныя з кампаніяй Прыгожына, сцвярджалі, што Мінабароны Расіі ўжо выставіла Буркіна-Фасо ультыматум, прыстрашыўшы спыніць падтрымку, калі краіна ў вырашэнне задач працягне залучаць ПВК Вагнера. Гэтыя сцверджанні не пацверджаныя і ў асноўным ідуць ад зацікаўленых крыніц, але яны супадаюць з папярэднімі ацэнкамі ISW пра тое, што Крэмль імкнецца знішчыць або рэструктураваць ПВК Вагнера на карысць ПВК, якія кантралююцца Мінабароны Расіі, кажуць у Інстытуце.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскае вайсковае камандаванне змясціла генерала арміі Сяргея Суравікіна пад хатні арышт з пачатку жніўня;
- расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні на рубяжы Купянск — Сватава, у раёне Бахмута, на рубяжы Аўдзееўка — Данецк, у раёне мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей і на захадзе Запарожскай вобласці і не дасягнулі ніякіх пацверджаных поспехаў.