У чацвер, 15 траўня, у Стамбуле могуць адбыцца перамовы Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна. Асабістую сустрэчу прапанаваў украінскі прэзідэнт. Але пакуль не вядома, ці пагодзіцца на яе расійскі лідар. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не выключыў, што таксама можа прыляцець на гэтую сустрэчу. Але якой будзе рэакцыя Еўропы і Амерыкі, калі Пуцін не прыедзе, а вайна ва Украіне працягнецца? Пра гэта расказаў міністр замежных справаў Польшчы на міжнароднай канферэнцыі Impact, якая стартавала 14 траўня ў Познані.

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі выступіў на генеральнай сесіі міжнароднай канферэнцыі Impact 2025. Невялікае інтэрв'ю з кіраўніком польскай дыпламатыі на галоўнай сцэне форуму правяла вядомая французская журналістка Сільві Каўфман. Яна спытала Сікорскага, чаго варта чакаць ад перамоваў Украіны і Расіі ў Стамбуле і ці возьме ў іх удзел Уладзімір Пуцін.
— Гэта апошні шанец для Пуціна выбраць тое, што амерыканцы называюць «прапановай», — адказаў Сікорскі. — Я думаю, што калі Пуцін яе не прыме, то-бок не пагодзіцца, як Украіна, на спыненне агню і сур’ёзныя перамовы, то прэзідэнт Трамп здольны змяніць сваю палітыку ў дачыненні да яго.
Кіраўнік польскай дыпламатыі лічыць, што контуры магчымых наступстваў ад адмовы Пуціна ўдзельнічаць у прамых перамовах з Зяленскім і працягу вайны ўжо прыкметныя. Ён нагадаў, што прыхільнік Дональда Трампа, дэпутат-рэспубліканец Ліндсі Грэм, унёс на разгляд Сената ЗША законапраект пра «зруйнавальныя» санкцыі ў дачыненні да Расіі. У выпадку яго прыняцця тарыфы на імпарт з краін, якія купляюць расійскія энерганосьбіты, могуць вырасці да 500%.
— Пад гэтым законапраектам ужо стаіць амаль 80 подпісаў, то-бок яго падтрымлівае большасць сенатараў-рэспубліканцаў, — упэўнены міністр замежных справаў Польшчы. — Я думаю, што калі Пуцін будзе гуляць на зацягванне часу, гэта можа прывесці да сур’ёзных наступстваў.
Сільві Каўфман таксама спытала Радаслава Сікорскага пра магчымасць уводу еўрапейскіх войскаў ва Украіну ў выпадку спынення агню і пачатку мірных перамоваў. Той адказаў, што гэта магчыма. Але падкрэсліў: салдаты польскага войска не будуць удзельнічаць у гэтай місіі.
— Чаму не? — удакладніла французская журналістка.
— Таму што нашая роля — абарона тылоў гэтай аперацыі.
— Але ў вас самая вялікая армія ў Еўропе пасля Турцыі.
— А яшчэ ў нас 650 кіламетраў сумеснай мяжы з Беларуссю і Расіяй. Якая працягласць такой мяжы ў Францыі? Яе няма, у гэтым і рэч, — патлумачыў Радаслаў Сікорскі.
Нагадаем, Уладзімір Зяленскі прапанаваў правесці 15 траўня 2025 года асабістую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Стамбуле. Такім быў яго адказ на прапанову расійскага прэзідэнта аднавіць мірныя перамовы. Пуцін пакуль не пацвердзіў свайго ўдзелу. Яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што расійская дэлегацыя паедзе на перамовы.
Чытайце таксама