TikTok-блогерка вырашыла правесці сацыяльны эксперымент і пачала першай пісаць хлопцам у праграме для анлайн-знаёмстваў. Дзяўчына не проста прапаноўвала разам схадзіць у рэстаран, а яшчэ і абяцала аплаціць вячэру. Як думаеце, пагадзіліся? На відэа звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Нярэдка можна пачуць папрокі ад мужчын, быццам дзяўчаты часта ходзяць на спатканні толькі каб смачна павячэраць у шыкоўным рэстаране. Для гэтай з’явы нават прыдумалі не вельмі прыгожае азначэнне — «талерачніца».
А што будзе, калі сама дзяўчына прапануе заплаціць за сумесную вячэру? Праверыць гэта вырашыла TikTok-блогерка з Мінска, якая вядзе блог пад нікам lena_kozulya.
Яна даслала розным хлопцам у мабільнай праграме для знаёмстваў Twinby (расійскі варыянт Tinder) адно і тое ж паведамленне: «Прывітанне. Лічу, што нам проста неабходна павячэраць разам. У рэстаран пойдзем? Я частую».
І вось што атрымалася. З дванаццаці хлопцаў палова пагадзілася на сустрэчу, але яны адзначылі, што плаціць мусіць мужчына, таму рахунак яны закрыюць самі. Нехта нават прызнаўся, што пасля такой прапановы ад дзяўчыны пачырванеў.
Адзін з кавалераў адзначыў, што цяпер у Санкт-Пецярбургу, таму дзяўчыне спачатку трэба пераадолець больш за 700 кіламетраў паміж Мінскам і паўночнай сталіцай Расіі, а далей ён разбярэцца.
Блогерка пісала хлопцам сярод ночы, таму ў некаторых узніклі сумневы наконт таго, ці дастаткова дзяўчына цвярозая. «У дзве гадзіны ночы такая прапанова больш падобная да сацыяльнага эксперыменту ці адсутнасці цвярозасці. Але калі раніцай планы не памяняюцца, то пойдзем вячэраць. Рэстаран ужо абраны ці гэта абмяркоўваецца?» — удакладніў яшчэ адзін з віртуальных суразмоўцаў.
Астатнія чацвёра пагадзіліся на прапанову. Адзін з іх удакладніў, ці не аплаціць дзяўчына заадно і яго камуналку. А яшчэ адзін напісаў, што лічыць рэстаран не найлепшым месцам для першай сустрэчы: «Я аддаю перавагу шаўрме ў Таццяны, але гэтае месца толькі для абраных».
Менш чым за суткі ролік набраў каля 370 тысяч праглядаў і больш за 15 тысяч лайкаў.