Аналітычны цэнтр EcooM нядаўна апублікаваў вынікі сацыялагічнага даследавання пра ўзровень даверу беларусаў да Аляксандра Лукашэнкі. Вынікі, атрыманыя праўладнымі сацыёлагамі, выглядаюць фантастычнымі для людзей, што сутыкаюцца з рэальнымі настроямі ў грамадстве: палітыку нібыта давярае 80,4% апытаных. Правядзенне такіх работ арганізацыяй, якая даўно абслугоўвае інтарэсы ўладаў і не раз была злоўленая на маніпуляцыях і хлусні, выглядае недарэчным. Абсурднасць сітуацыі нагадала нам пра іншыя дзіўныя ці смешныя сацдаследаванні, якія праводзіліся ў розных краінах. Вось некаторыя з іх.
Колькі людзей занялося б сэксам з робатам?
У 2014 годзе група брытанскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам прафесара Марціна Сміта з Універсітэта Мідлсэкса ў Лондане правяла сацыялагічнае даследаванне пра стаўленне брытанцаў да андроідаў. Сярод пытанняў пра тое, ці лічаць людзі развіццё робататэхнікі небяспечным і ці змогуць робаты, на думку рэспандэнтаў, замяніць чалавека на працоўных месцах, схаваўся і больш інтымнае. А менавіта — пра тое, ці гатовыя людзі займацца з андроідам сэксам, калі з’явіцца такая магчымасць.
На той выпадак, калі вам цікавыя вынікі гэтага даследавання, паведамляем: кожны пяты брытанец ці брытанка, якія ўзялі ў ім удзел, заявілі, што гатовыя да такога сэксуальнага эксперыменту.
Чаму вы аддаяце перавагу — бекону ці сэксу?
У 2009 годзе канадскае аналітычнае маркетынгавае агенцтва Ангуса Рыда апытала 1006 выпадкова выбраных дарослых канадцаў наконт іх стаўлення да бекону. 73% апытаных заявілі, што любяць гэты прадукт, пры гэтым амаль кожны пяты канадскі мужчына (18%) пагадзіўся з тым, што наогул не можа без яго жыць. Частка пытанняў даследавання была больш інтымнай. Напрыклад, 82% рэспандэнтаў, якія заявілі пра сваю любоў да бекону, лічылі сябе добрымі каханкамі.
А адно з пытанняў даследчыкаў наўпрост патрабавала выбраць паміж беконам і сэксам. І амаль палова канадцаў (43%) выбрала менавіта бекон.
Колькі людзей, на іх думку, разумнейшыя за сярэднестатыстычнага чалавека?
Тэсты на інтэлект, як правіла, ствараюцца такім чынам, каб вынікі людзей, што іх прайшлі, прыкладна адпавядалі нармальнаму размеркаванню. Апроч іншага гэта значыць, што сярэдні вынік (напрыклад, 100 балаў IQ у тэсце Айзенка) набярэ чалавек, які знаходзіцца акурат пасярэдзіне мноства людзей, што праходзілі тэст. То-бок «сярэднестатыстычны» чалавек з IQ, роўным 100, будзе разумнейшы (і адначасова дурнейшы) за 50% людзей.
У 2014 годзе міжнародная кампанія YouGov, якая займаецца маркетынгавымі даследаваннямі і апытаннямі грамадскай думкі, вырашыла праверыць, наколькі разумнымі лічаць сябе самі людзі. Удзельнікаў даследавання з ЗША не прымушалі праходзіць тэсты, а толькі спыталі, ці лічаць яны сябе разумнейшымі за сярэдняга амерыканца. Вынік аказаўся прадказальным і адначасова трохі парадаксальным: станоўчы адказ на гэтае пытанне дало 55% удзельнікаў сацапытання. То-бок сярэднестатыстычны амерыканец лічыць сябе разумнейшым, чым сярэднестатыстычны амерыканец. І толькі 4% сказалі, што іх інтэлект недацягвае да сярэдняга ўзроўню.
Як шмат людзей не ведае, што такое MP3 і USB?
Вынікі гэтага даследавання, відаць, састарэлі — але агульную тэндэнцыю, хутчэй за ўсё, паказваюць да гэтага часу. У 2014 годзе амерыканскі сайт зніжак Vouchercloud.com (у Беларусі яго ўмоўным аналагам можна назваць, напрыклад, Slivki.by) вырашыў разабрацца, як добра спажыўцы разбіраюцца ў новых тэхнічных тэрмінах. І замовіў даследаванне, у якім узяло ўдзел каля 2400 чалавек.
Падчас яго 11% дарослых амерыканцаў адказалі, што лічаць тэхнічную мову разметкі вэб-старонак HTML назвай венерычнага захворвання. Зрэшты, даволі пацешнымі выглядаюць і іншыя вынікі даследавання:
- 42% амерыканцаў лічылі, што мацярынская плата (англ. motherboard) — гэта не аснова канструкцыі камп’ютара, а палуба круізнага лайнера;
- 27% рэспандэнтаў прынялі гігабайт за насякомае, распаўсюджанае ў Паўднёвай Амерыцы;
- 18% лічылі, што Blu-ray — гэта нейкая марская жывёліна;
- 13% думалі, што MP3 — гэта імя аднаго з робатаў у сусвеце «Зорных войнаў»;
- 12% палічылі USB абрэвіятурай, утворанай ад назвы нейкай краіны ў Еўропе.
Каго б вы выратавалі ад няўхільнай смерці: свайго сабаку ці замежнага турыста?
У 2013 годзе група навукоўцаў на чале з псіхолагам Рычардам Тапольскі з Каледжа мастацтваў, гуманітарных і сацыяльных навук Пэмплін у горадзе Агаста (штат Джорджыя, ЗША) даследавала, наколькі любоў да жывёл у чалавека можа пераўзыходзіць любоў да людзей. Для свайго сацапытання яны змадэлявалі такую сітуацыю.
Уявіце, што праз вуліцу імчыцца некіравальны аўтобус. А проста перад ім дарогу пераходзяць чалавек і сабака. У вас ёсць час і магчымасць выратаваць кагосьці аднаго з іх. Што вы зробіце ў гэтым выпадку?
Акрамя таго, даследчыкі карэктавалі гэты базавы сцэнар, змяняючы характарыстыкі чалавека і сабакі. Варыянтамі першага былі «замежны турыст», «незнаёмы з роднага горада!, «ваш далёкі сваяк», «найлепшы сябар», «вашыя бабуля ці дзядуля», «вашыя брат ці сястра». Сабака мяняўся як «ваш гадаванец» ці «чужы гадаванец».
У некаторых сітуацыях людзі сапраўды аддавалі перавагу таму, каб ратаваць жывёл, а не іншых людзей. Самым паказальным стаў сцэнар, калі трэба было рабіць выбар паміж сваім сабакам і замежным незнаёмым турыстам: у такім выпадку сабаку захацелі выратаваць 40% удзельнікаў даследавання. Навукоўцы выявілі і цікавыя гендарныя адрозненні: жанчыны значна часцей за мужчын выбіралі магчымасць выратаваць свайго гадаванца, а не чалавека.
Колькі людзей, што называюць сябе вегетарыянцамі, ядуць мяса ці рыбу?
У 2002 годзе Times і CNN арганізавалі маштабнае апытанне пра харчовыя прыхільнасці амерыканцаў, у якім узяло ўдзел 10 тысяч чалавек. Шэсць працэнтаў з ліку апытаных заявілі, што лічаць сябе вегетарыянцамі. Але на дадатковае пытанне даследчыкаў пра тое, што яны елі за апошнія суткі, 60% тых, хто лічыў сябе вегетарыянцам, адказалі, што еслі мяса або рыбу.
Падобнае сацыялагічнае даследаванне з дапамогай тэлефонных званкоў у 2003 годзе правяло Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША. У ім удзельнічалі 13 313 амерыканцаў. Тры працэнты з іх сцвярджальна адказалі на пытанне «Ці лічыце вы сябе вегетарыянцамі?». Праз тыдзень гэтым людзям зноў патэлефанавалі і спыталі, што яны елі напярэдадні. Вынікі аказаліся яшчэ больш уражлівымі: 66% вегетарыянцаў прызналіся, што за апошнія 24 гадзіны яны еслі мяса жывёлаў.
Чытайце таксама


