Сёння ў Варшаве на прэс-канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінета прадстаўнік сілавога блоку Аляксандр Азараў адказаў, у якім выпадку беларусы могуць чакаць перамен унутры краіны.
— Ёсць адчуванне, што цяпер Кабінет чакае толькі адной магчымасці, пры якой унутры Беларусі могуць адбыцца змены, — гэта перамога Украіны ў вайне. Як вынік — сыход Лукашэнкі з улады. Калі гэтага не адбудзецца, ці ёсць у вас іншы план, і калі ёсць, то які?
— Згодна з нашым планам, перамога Украіны не вельмі ўлічваецца. Калі будзе перамога Украіны, тады, напрыклад, мы не зможам нешта рабіць у Беларусі. Мы павінныя нешта рабіць у працэсе, да той самай перамогі. Чакаць перамогі не трэба — трэба рабіць да перамогі Украіны ў вайне, а яна абавязкова пераможа.
— Вы можаце раскрыць нейкія падабязнасці? Мы ведаем пра план «Перамога», але ён усё роўна таямнічы…
— Мы чакаем зручнага моманту. Калі будзе перамога ва Украіне, то ў Беларусі ўсё ўляжацца і будзе спакойна. Пройдуць перамовы, яны дамовяцца пра штосьці — і ўсё. Нам трэба, каб у Беларусі ўзрушылася грамадства, а гэта можа адбыцца, калі, напрыклад, Лукашэнка адправіць войскі ва Украіну і пачнуць прывозіць першых забітых, калі будзе абвешчаная масавая мабілізацыя. І калі такое адбудзецца і людзі захочуць змагацца з рэжымам і будуць выходзіць на вуліцы, мы возьмем іх пад кантроль. Дзякуючы нашаму плану мы можам ім даць спецыяльныя заданні, якія яны будуць выконваць. Нашыя спецыяльныя групы, якія мы падрыхтавалі, таксама возьмуць удзел. Таму мы чакаем такога моманту. Калі ён будзе, невядома.
— А калі яго не будзе?
— Трэба верыць і працаваць над гэтым. Мы не можам скласці рукі, лапкі — і ўсё, забыцца. Наша місія — вызваліць беларусь ад акупацыі, ад улады Лукашэнкі.
— Усё, што застаецца беларусам, — гэта сядзець і чакаць, калі такі момант наступіць?
— Трэба рыхтавацца. Беларусы ўдзельнічаюць. Мы размаўлям з імі праз план «Перамога», мы высылаем паведамленні, каб яны выйшлі на сувязь. І мы з імі размаўляем, даведваемся, што адбываецца ў Беларусі, чым яны могуць нам дапамагчы ў плане. І ў плане яшчэ шмат працы, пра якую мы не можам расказаць. Можа, не да ўсіх дайшлі нашыя паведамленні — нам не патрэбныя ўсе тысячы людзей, якія запісаліся. Мы абіраем тых людзей, якія могуць выканаць тое, што нам патрэбна менавіта цяпер. З імі мы выходзім на сувязь і працуем. Мы працуем кожны дзень.