10 лютага тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» аднавіў працу пасля амаль трохтыднёвага маўчання. Да гэтага яго аўтар, Сяргей Вайцяховіч, тлумачыў, што яго 15-гадовага брата «ўзялі ў закладнікі» беларускія спецслужбы. Ён паведаміў, што супрацоўнікі КДБ такім чынам ціснулі на яго і патрабавалі спыніць дзейнасць і выдаліць тэлеграм-канал, які рэгулярна расказвае пра перакідванне расійскай тэхнікі і жывой сілы ў Беларусь. Вайцяховіч расказаў «Люстэрку», як перажыў шантаж спецслужбаў і чаму ў выніку не пайшоў на супрацоўніцтва з сілавікамі.

Сяргею Вайцяховічу 24, чатыры гады ён адпрацаваў аглядчыкам грузавых вагонаў у Мінскім дэпо БЧ. У 2021-м ён далучыўся да «Рабочага руху» (пазней улады прызналі яго экстрэмісцкім фарміраваннем). 19 жніўня 2020 года стварыў тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси». Пасля 24 лютага стаў расказваць не толькі пра незаконныя звальненні і сітуацыю на прадпрыемстве, але і пра тое, як Расія з дапамогай беларускай чыгункі перакідвае вайскоўцаў, боепрыпасы і тэхніку (не толькі сваю, але і старую беларускую) для вайны ва Украіне. Таксама канал расказваў пра дзейнасць «рэйкавых партызан». Канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» таксама прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. У дачыненні да Вайцяховіча распачатая справа як мінімум па двух артыкулах КК: 356 (Здрада дзяржаве) і 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Сам Сяргей цяпер знаходзіцца ў Польшчы.
«Сказалі перадаць, каб я спыніў дзейнасць і выдаліў канал або напісаў супрацоўніку КДБ, які мяне „вёў“»
Пасля ад’езду з Беларусі ў кватэру да бацькоў Сяргея Вайцяховіча з ператрусамі прыходзілі рэгулярна ў 2021−2022 гадах. Паводле словаў хлопца, былі перыяды, калі дадому прыходзілі «стабільна раз на тры месяцы».
— Забіралі мае рэчы, дакументацыю, стары ноўтбук, — тлумачыць суразмоўца. — Ужо ў лістападзе-снежні 2022 года кадэбісты пачалі выходзіць на бацькоў і прасіць, каб я спыніў дзейнасць. Першы раз на працу да мамы, яна прадавец, прыехалі чалавек шэсць. Яна ад нечаканасці, вядома, спалохалася. Тады яны перадалі просьбу, каб я перастаў весці тэлеграм-канал. Мама мне перадала іх просьбы, я ў адказ перадаў, каб яны не баяліся і звязваліся са мной наўпрост, а не праз бацькоў. Але яны не звязаліся.
Вайцяховіч кажа, што такіх сустрэч было дзве. Паралельна бацькі маладога чалавека пачалі заўважаць ля свайго пад’езда дзіўных людзей, падобных да сілавікоў у цывільным.
— Нават у нас у сям'і знайшоўся сваяк, які супрацоўнічаў з КДБ. Ён служыць у памежных войсках, — тлумачыць Сяргей. — У мяне ёсць інфармацыя, што ён расказваў пра рэакцыю маіх бацькоў на любое дзеянне спецслужбаў. Чаму ён гэта рабіў? Думаю, там шмат чаго паабяцалі.
Паводле маладога чалавека, пад яго сям’ю «пачалі капаць» даўно, яшчэ са студзеня 2022 года. Кажа, «шукалі, да чаго б прычапіцца». І знайшлі.
— У лістападзе ў майго брата Арцёма ў школе (№ 25 Мінска. — Заўв. рэд.) быў канфлікт з адным з вучняў, — тлумачыць ён. — Што там было, я дакладна не ведаю. Ведаю, што ні бойкі, ні вымагальніцтва — нічога такога. Усё вырашылася на ўзроўні школы і бацькоў. Сілавікі ўжо тады адразу хацелі распачаць крымінальную справу, але было зразумела, што па сутнасці там нічога няма.
Аднак 17 студзеня гэтага года Арцёма Вайцяховіча затрымалі проста ў школе. Паводле словаў Сяргея, брата выклікаў да сябе сацыяльны педагог, папрасіў дапамагчы:
— Ён прыйшоў, а там — міліцыя. Яго адразу забралі і адвезлі ў Следчы камітэт. Бацькам патэлефанавалі, калі яго ўжо туды прывезлі, тады мама і прыехала. У СК ён прабыў каля шасці гадзін. А потым яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Ён там праседзеў трое сутак. На другі дзень у СК выклікалі маму. Ёй зноў сказалі перадаць, каб я спыніў дзейнасць і выдаліў канал або напісаў супрацоўніку КДБ, які мяне «вёў».
«Выканаеш маміну просьбу — падорыш сям'і шчасце на некалькі гадоў наперад»
Сяргей напісаў супрацоўніку КДБ. Кажа, той пачаў «працаваць псіхалагічна»:
— Ён пачаў мне казаць, што «дыпламатыя лепшая за вайну, гэта разумеюць усе адукаваныя людзі», «сяброўства дорыць больш радасці, чым варожасць і сварка», што «чалавек моцны сваёй сям’ёй». Прасіў («выканаеш маміну просьбу — падорыш сям'і шчасце на некалькі гадоў наперад»), пераконваў («выканаць просьбу маці — для мужчыны гэта святое»). Там было відаць па адказах, што працуе цэлы аддзел. Ты пішаш, праходзіць 30−40 хвілін — толькі тады адказ. Я заявіў, што сябраваць у нас не атрымаецца. І выставіў свае ўмовы: брата адпускаеце, даяце яму выехаць, потым толькі размаўляем. Да гэтага я паабяцаў не рабіць ніякіх публікацый. Са свайго боку гэтыя ўмовы выконваў.
Пасля трох сутак на Акрэсціна Арцёма адвезлі ў СК, узялі падпіску пра нявыезд і адправілі ў Навінкі — у РНПЦ псіхічнага здароўя на экспертызу. Там падлетак знаходзіўся тры тыдні, да 10 лютага.
— Як я разумею, з Арцёмам, нават калі ён ляжаў у Навінках, псіхалагічна працавалі. Усё абяцалі адпусціць дадому, а потым не рабілі гэтага, — тлумачыць Вайцяховіч.
10 лютага падлетка забралі з Навінак проста ў пракуратуру. Туды ж выклікалі і маці Сяргея. Там яна і даведалася, што яе малодшы сын затрыманы. З пракуратуры Арцёма пад канвоем адвезлі ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага. А на наступны дзень выставілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 208 КК («Вымагальніцтва»). Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У аснове абвінавачання — той самы школьны канфлікт. Паводле Сяргея, у пратаколе гаворыцца, што Арцём у лістападзе 2022 года на тэрыторыі школы, нібыта пагражаючы гвалтам і «нанёсшы цялесныя пашкоджанні», патрабаваў са знаёмага 1500 рублёў.
— Каб вы разумелі, гэтага нічога не было, — перакананы Вайцяховіч. — Думаю, на яго завялі справу, каб ён быў закладнікам у іх, каб на мяне ціснуць псіхалагічна, настроіць сваякоў і бацькоў супраць мяне. Я думаю, яны будуць ціснуць. Магчыма, будуць бацькам нешта казаць, што вось ваш сын такі-сякі. Як сябе адчувае брат, я не ведаю, бо з моманту затрымання мы не размаўлялі. Але Арцём — псіхалагічна моцны хлопец.
«Я не веру ў пагадненні з КДБ. За выдаленнем канала былі б іншыя патрабаванні»
— Як думаеце, чаму спецслужбы гэта робяць?
— Тое, што мне вядома — ФСБ незадаволеная тым, што выцякае ў адкрыты доступ інфармацыя па рухах расійскіх вайсковых эшалонаў, яна цісне на беларускі Савет бяспекі і КДБ. Яны ж рапартуюць, што ўсё нібыта ліквідавана, «спыненая дзейнасць шпіёнскай сеткі». Але звесткі ўсё роўна з’яўляюцца. Людзі працягваюць з намі працаваць, дасылаць інфармацыю.
Для мяне гэта выглядае так, быццам дзеці пакрыўдзіліся. Яны помсцяць — і ўсё.
— Вы ў канале публікавалі апытанне пра тое, што зрабілі б вашыя карыстальнікі. 62% раілі гэты канал выдаліць. Чаму вы гэтага не зрабілі?
— Я не веру ў пагадненні з КДБ. За выдаленнем канала былі б іншыя патрабаванні — напрыклад, даць доступ да бота, здаць нейкіх людзей. То-бок гэтым бы усё не абмежавалася.
— Як вы сябе адчувалі ўвесь гэты час? Як спраўляліся?
— Я адчуваў злосць. Толькі злосць. Дапамагалі сябры і блізкія, а таксама супакаяльныя сродкі.
— Вы прапаноўвалі бацькам з’ехаць?
— Так. Шмат разоў. Але яны да апошняга не хочуць пакідаць Беларусь.
— Калі далей працягнецца шантаж вашымі блізкімі, вы прыпыніце працу?
— Не. Сям’я — дарагое, але я ведаў, куды я іду, якія могуць быць рызыкі і наступствы. Тым больш, як яны кажуць, калі ідзеш супраць дзяржавы.
— Што будзеце рабіць далей?
— Працягнем працаваць. Падрыхтуем раўнацэнны адказ на іх дзеянні.