Аляксандр Лукашэнка 22 сакавіка ў Хатыні пагаварыў з расійскімі і беларускімі прапагандыстамі, перадае тэлеканал Мінабароны РФ «Звезда». Ён адказаў на пытанне пра намеры краін Захаду паставіць Украіне боепрыпасы са збедненым уранам.
«А Расія паставіць нам боепрыпасы з сапраўдным уранам, — заявіў Лукашэнка. — Калі яны вар’яты, то яны вось гэтаму працэсу дадуць штуршок. Вось гэта самае страшнае і самае небяспечнае. Таму ад гэтага вар’яцтва трэба адыходзіць убок. І потым, як толькі гэтыя боепрыпасы падарвуцца на пазіцыях войскаў Расіі, вы ўбачыце — адказ будзе страшны. Для ўсёй планеты урокам будзе. У Расіі не толькі збеднены уран, як вы ведаеце».
Ён заявіў, што «трэнд у гэтай вайне ў плане эскалацыі і пачынаць не трэба», а «трэба рухацца да мірнага ўрэгулявання».
«Уран — гэта балбатня. Яны [Вялікабрытанія] ніколі гэтага не зробяць. Я спадзяюся, найбліжэйшым часам атрымаецца з адказнымі людзьмі ў Вялікабрытаніі пагаварыць і абмеркаваць гэтае пытанне. Мы павінныя цяпер не гуляць у ігрышчы», — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён не ўдакладніў, хто плануе размаўляць з «адказнымі людзьмі ў Вялікабрытаніі».
Нагадаем, намеснік міністра абароны Вялікабрытаніі баранэса Анабэль Голдзі пацвердзіла, што Лондан перадае Украіне артылерыйскія снарады са стрыжнямі, вырабленымі са збедненага ўрану. Гэтая заява выклікала вельмі рэзкую рэакцыю расійскіх уладаў, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія вымушаная будзе адрэагаваць, калі Вялікабрытанія пачне пастаўкі Кіеву боепрыпасаў з наканечнікамі са збедненага ўрану, прызначаных для танкаў Challenger-2.
«Хацеў бы ў гэтай сувязі адзначыць, што калі ўсё гэта будзе адбывацца, то адпаведным чынам Расія вымушаная будзе рэагаваць, маючы на ўвазе, што калектыўны Захад пачынае ўжываць ужо зброю з ядзерным кампанентам», — сказаў Пуцін 21 сакавіка.
Пры гэтым такія боепрыпасы вырабляюцца таксама ў Расіі, а падкаліберныя снарады са стрыжнямі са збедненага ўрану, пра якія казала намеснік міністра абароны Вялікабрытаніі баранэса Голд — гэта не нейкая экзатычная зброя, а штатны боепрыпас, які выкарыстоўваюць многія арміі свету.