У верасні фірмы не так актыўна звальнялі работнікаў, як наймалі. Але гэта не дапамагло — рынак працы імкліва страчвае людзей.
У верасні арганізацыі нанялі на працу 59,5 тысячы работнікаў, а звольнілі — 55,1 тысячы. Гэта ўсяго другі месяц сёлета, калі колькасць звольненых не перавышала прынятых, вынікае са звестак Белстата.
Тым не менш па выніках дзевяці месяцаў рынак працы недалічыўся 57,4 тысячы работнікаў. І гэта пры тым, што бізнес наракае на недахоп кадраў.
Для параўнання, летась у верасні нанятых таксама было больш, чым звольненых. Прычым калі глядзець менавіта звесткі за верасень, то розніца на карысць прынятых на працу ў мінулым верасні была большая: 7,7 тысячы супраць 4,4 сёлета. Аднак у цэлым за дзевяць месяцаў летась страты рынку працы былі маштабнейшымі — 62,4 тысячы работнікаў.
Тут варта адзначыць, што летась гэтая з’ява тлумачылася спадам эканомікі і крызісам у многіх галінах. Аднак сёлета ВУП расце, чыноўнікі поўныя аптымізму, кампаніі, як сказана вышэй, маюць патрэбу ў работніках. Тым не менш яны працягваюць актыўна пазбаўляцца ад супрацоўнікаў.
Чытайце таксама