Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі МУС краін СНД паскардзіўся, што ў гэтых дзяржавах спрабуюць «шукаць для сябе выгаду» і «трымацца далей ад Расіі», якую абклалі санкцыямі праз вайну. Але прыстрашыў, што «калі абрынецца Расія», то пацярпяць і ўсе суседзі.
Лукашэнка заклікаў да адзінства і супрацоўніцтва ў СНД, але паскардзіўся на спробы «шукаць нейкай імгненнай выгады».
— Можа скласціся сітуацыя так, што любая з нас — дзяржава — без гэтага адзінства не абыдзецца. І калі мы сёння гэта не зразумеем, з намі разбяруцца паасобку. Але калі абрынецца Расія — мы ў гэтую варонку ўсе будзем уцягнутыя, — заявіў Лукашэнка.
Ён сказаў, не называючы імёнаў, што «кіраўнікі і сілавікі» краін СНД апошнім часам «пачалі нейкай для сябе выгады шукаць», у тым ліку ва ўмовах развязанай Расіяй вайны ва Украіне.
— Многія шукаюць выгады, у тым ліку адыходзячы ад агульнага нашага, створанага за савецкімі часамі трэнду развіцця. Некаторыя [думаюць]: «Далей ад Расеі будзем трымацца, яна пад санкцыямі. Мы неяк баімся трапіць пад іх і гэтак далей… Шукаем сваёй выгады». Не рабіце гэтага, — паскардзіўся палітык.
На ягоную думку, невядома, «што будзе заўтра з намі, з нашымі дзяржавамі, і ці не давядзецца да той жа Расіі звярнуцца па дапамогу».
— А апошнія падзеі кажуць, што нікому мы не патрэбныя. Ні Расія, ні мы з вамі і гэтак далей. Нам трэба трымацца разам, — папрасіў палітык.