З акна вілы відаць баракі лагера смерці — з такім відам сям’я каменданта Асвенціма Рудольфа Хёса жыла падчас Другой сусветнай вайны. Дом прыцягнуў увагу дзякуючы фільму «Зона інтарэсаў» (2023), у якім паказанае «нармальнае жыццё» Хёсаў побач з канвеерам знішчэння людзей, піша BILD.
Пасля вызвалення канцлагера прайшло 80 гадоў, і ўсе гэтыя гады дом быў зачынены, але неўзабаве адкрыецца для наведнікаў. Як паведамляе New York Times, у кастрычніку яго купіла амерыканская НКА, якая плануе адкрыць у ім даследчы цэнтр. Кошт, паводле звестак газеты, склаў крыху больш за 120 000 даляраў.
Пасля продажу ў доме былі знойдзеныя нацысцкія газеты і сіне-белыя паласатыя штаны аднаго са зняволеных. Даследчыкі паспрабуюць даведацца, каму яны маглі належаць (на штанах ёсць нумар). З яго таксама прыбралі прадметы, якія з’явіліся там пасля вайны.
Пасля вайны Рудольф Хёс паспрабаваў уцячы, але быў арыштаваны і павешаны ў 1947 годзе. Пад яго кіраўніцтвам у Асвенціме забілі больш за 1 млн габрэяў, 150 тысяч палякаў, 23 тысяч цыган і 12 тысяч савецкіх ваеннапалонных. На момант вызвалення ў лагеры заставалася ўсяго 7 тысяч зняволеных.