Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  2. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  3. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  4. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
  5. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  6. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  7. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  8. Путин отклонил предложение США и Украины о 30-дневном прекращении огня — эксперты о ситуации на войне
  9. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
  10. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  11. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  12. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  13. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
Читать по-русски


Беларусцы з Гомеля Ларысе Свечын 49 гадоў, з іх 43 яна пражыла ў Амерыцы. У нейкі момант нават паспела забыць рускую мову, але потым вывучыла яе зноў. У снежні 2022 года Свечын выйграла выбары на пасаду мэра і ўжо каторы тыдзень кіруе невялікім горадам Сані-Айлс-Біч у Флорыдзе. «Люстэрка» паразмаўляла з Ларысай пра жыццё ў гэтай краіне, пра выбары і пра тое, чаму ёй важна памятаць, што яна беларуска.

Фото из личного архива Ларисы Свечин
Ларыса ў сваім кабінеце мэра Сані-Айлс-Біч. Фота з асабістага архіва Ларысы Свечын

«У дзяцінстве я сябе прымусіла запомніць Беларусь»

Сям’я Свечын пераехала ў ЗША ў 1979 годзе. Бацька Ларысы — габрэй. І ўжо тады, жывучы ў СССР, бацькі пачалі задумвацца пра пераезд. Выбар быў паміж ЗША і Ізраілем, але спыніліся на Амерыцы — у той час пра Штаты ведалі ўсе.

— У дзяцінстве я сама сябе прымусіла запомніць Беларусь. Нам казалі, што мы ніколі не вернемся. І мне было вельмі важна запомніць усё, што я магла. Маю сям’ю, бабулю. Я памятаю мой садок там, наш дом, — расказвае Ларыса. — У нас было вельмі мала фатаграфій з Беларусі, бо, калі мы з’язджалі, не дазвалялі браць з сабой шмат рэчаў. Таму, прыехаўшы ў Амерыку, мы былі фактычна жабракі. Вядома, нам дапамагалі, але ўсё, што мы атрымлівалі, было не новае: старыя дзіцячыя рэчы, лялькі з адрэзанымі валасамі (смяецца). Было вельмі цяжка, але, з іншага боку, інакш я б не была тут цяпер, не жыла б у Амерыцы.

Ларыса, яе бацькі і дзве сястры жылі ў невялікім горадзе Маямі-Біч у Флорыдзе. Новае месца жыхарства тады яшчэ шасцігадовай Ларысе не спадабалася: было вельмі горача. А яшчэ настаўніцы ў школе падаваліся страшнымі і строгімі, хоць самі заняткі беларуска любіла.

— Можа, яны насамрэч і не былі строгімі, а гэта я іх так успрымала, таму што яны былі для мяне іншыя. Гэта былі вельмі высокія, дарослыя, разумныя і чорныя жанчыны. Уяўляеце, якая розніца? — успамінае яна. — Мне і іншыя дзеці не вельмі падабаліся, таму што было складана знайсці агульную мову. Ежа там была зусім іншая. Памятаю, у першы час мама давала нам з сабой бутэрброд з каўбасой і агурком, і ў школе на нас глядзелі так, быццам мы з месяца зваліліся.

Бацькі Ларысы працавалі практычна суткамі, каб пракарміць сям’ю, а калі прыходзілі дадому, сілы заставаліся толькі на тое, каб павячэраць і легчы спаць.

— Пра Амерыку кажуць, што тут усе, хто гатовы працаваць, могуць дамагчыся свайго. І гэта праўда, — упэўненая Ларыса і расказвае пра сваіх бацькоў. — Бацьку ў Штатах было крыху лягчэй, бо ён як быў кіроўцам у Гомелі, так ім і застаўся тут. Спачатку вазіў прадукты, а потым стаў таксістам. Мама на першы час уладкавалася ў гатэль пакаёўкай. Яна думала атрымаць прафесію, каб знайсці не такую фізічна цяжкую працу, але неяк не атрымалася. Потым працавала ў прадуктовай краме шмат гадоў. І чым больш яны працавалі, тым больш зараблялі. Мы сціпла жылі, але паступова змаглі пераехаць у лепшую кватэру, а потым нарэшце купіць сваю.

Пакуль бацькі працавалі, іх дочкі не былі адны: у 80-я ў горадзе было шмат эмігрантаў, і сёстры з Гомеля знайшлі сабе кампанію.

— Большасць дзяцей мігрантаў была не з Савецкага Саюза, але мы ўсе былі ў адным становішчы. Мы заставаліся адны, таму што бацькі пастаянна працавалі. Нам было некамфортна, але ўсім разам, — тлумачыць суразмоўца. — Прывыкала да гэтай культуры доўга: я сябе не лічыла амерыканкай і ў 10−15 гадоў. Я б сказала, што спатрэбілася шмат гадоў, каб адчуваць сябе камфортна. Калі я вывучыла мову, стала нашмат лягчэй. Вывучыць мову аказалася нескладана, таму што ў той час тут было вельмі мала рускамоўных людзей і не было выбару.

На тое, каб пачаць ўпэўнена камунікаваць на англійскай, Ларысе спатрэбілася дзесьці паўгода. Яшчэ год-паўтара — каб гаварыць без акцэнту. За гэты час і яна, і сёстры цалкам забылі рускую. Суразмоўніца ўдакладняе: потым яна вучыла яе нанова.

Фото из личного архива Ларисы Свечин
Амерыканская газета The Miami Herald расказвала пра сям'ю Ларысы ў 1981 годзе. Фота з асабістага архіва Ларысы Свечын

Нягледзячы на забытую мову, разрываць сувязь са сваімі каранямі сям’я не стала. Ларыса дзеліцца: для яе мамы захаваць памяць пра Беларусь было найважней.

— І гэта цікава, таму што мая мама нарадзілася ў Расіі, але практычна ўсё жыццё пражыла потым у Беларусі. Да таго ж ёй у Амерыцы давялося цяжэй за ўсіх. Да сённяшняга дня яна не адчувае сябе камфортна, марыць вярнуцца ў Беларусь, у Гомель. І калі ў 1991 годзе з’явілася магчымасць з’ездзіць у Беларусь, бацькі былі вельмі задаволеныя, што я хацела паехаць і мяне туды цягнула.

«Які сэнс мець сям’ю, калі ты не можаш выхоўваць дзяцей?»

У 1987 годзе сям’я пераехала ў Сані-Айлс-Біч — невялікі курортны горад, дзе жыллё аказалася таннейшым. Там Ларыса скончыла школу, а потым паехала вучыцца ў каледж у Нью-Ёрк, вывучала філасофію і этыку.

— Калі я з’ехала з Флорыды, мне трэба было другі раз прывыкаць да Амерыкі, — успамінае яна. Паўднёвая Флорыда зусім не падобная да астатніх гарадоў ЗША. Я вельмі доўга думала, што яны ўсе выглядаюць гэтак жа, як у нас: усе дамы ў Маямі-Біч былі яркія — сінія, ружовыя, жоўтыя.

Падчас навучання Ларыса працавала ў рэстаране афіцыянткай, потым стала менеджарам. Нейкі час яна нават думала адкрыць свой рэстаран, але адагнала гэтую ідэю: давялося б працаваць 24 гадзіны і 7 дзён на тыдзень.

— Потым я ўладкавалася ў рэкламнае агенцтва. Думала, што гэта часовая праца: проста з вакансій, на якія мяне былі гатовыя ўзяць, абрала тую, дзе прапаноўвалі больш грошай. Спачатку было цяжка, грошай не хапала, бо жыць у Нью-Ёрку вельмі дорага. Але пачала зарабляць больш, займала ўсё больш высокія пасады — і мне падабалася. А потым гляджу — прапрацавала ўжо дзесяць гадоў, — успамінае суразмоўніца.

Кар’ера ішла ўгару, Свечын кіравала рэкламным бюджэтам на суму 300 мільёнаў. У Нью-Ёрку яна пазнаёмілася са сваім мужам Стывенам, у іх нарадзілася двое дзяцей. Ужо пасля нараджэння другой дачкі пара задумалася: а можа, пераехаць назад да родных Ларысы ў Сані-Айлс-Біч? У 2010 годзе яны так і зрабілі.

Фото из личного архива Ларисы Свечин
Ларыса разам з жыхарамі Сані-Айлс-Біч. Фота з асабістага архіва Ларысы Свечын

— Мае дочкі таксама ўвесь час у мяне пытаюць, чаму мы з’ехалі з Нью-Ёрка, хоць у мяне быў добры заробак. Вядома, яны як дзеці хочуць шмат рэчаў, грошай, жыць у вялікім горадзе. Але я думаю, прычына ў тым, што з часам мяняецца тое, што ты лічыш важным, — разважае беларуска. — Першы час мне як эмігрантцы было важна зарабіць шмат грошай, купіць машыну і дом. Але калі ўсё гэта ўжо ёсць, пачынаеш думаць: а што для найважнейшае ў жыцці? Калі я працавала па 60−80 гадзін на тыдзень, то не магла надаваць шмат увагі старэйшым дзецям, я іх нават не бачыла. У іх былі нянькі днём, нянькі ўвечары, нянькі на выходныя, да мяне прыходзілі прыбіраць кватэру. Мяне дома проста не было. І які сэнс мець сям’ю, калі ты не можаш выхоўваць дзяцей? Да таго ж я хацела быць побач з бацькамі (у той час мой бацька яшчэ быў жывы), каб мае дзеці ведалі сваіх бабуляў і дзядуляў — тое, чаго ў мяне толкам не было.

Першы час пасля пераезду Ларыса працягвала працаваць у агенцтве, лётала туды-назад з Флорыды амаль кожны тыдзень. А потым яна разам з мужам вырашыла, што возьме невялікі перапынак і будзе займацца дзецьмі. На той момант Свечын ужо была цяжарная трэцім дзіцем.

— Праз нейкі час пасля яго нараджэння я стала валанцёрам на няпоўны дзень пры арганізацыі Greater Miami Jewish Federation (Габрэйская федэрацыя вялікага Маямі. — Заўв. рэд.) — гэтыя людзі і нам дапамаглі, калі мы толькі пераехалі з СССР. Шэсць гадоў я прапрацавала там валанцёрам, а ў 2016-м пайшла на выбары дэпутатаў у гарадскую адміністрацыю. І мяне выбралі, — расказвае суразмоўніца.

У 2018 годзе Ларыса стала віцэ-мэрам Сані-Айлс-Біч. А падчас пандэміі восенню 2021 года некалькі месяцаў займала пасаду мэра горада, які ў той час актыўна ўдзельнічаў у дапамозе бальніцам.

«Казалі, што я прывязу карупцыю з Беларусі»

Ларыса ніколі не думала, што пасля дзесяці гадоў у рэкламе так зменіць сферу сваёй дзейнасці. Але валанцёрства і праца ў гарадской адміністрацыі ёй спадабаліся. Тады яна вырашыла працягнуць навучанне і паступіла ў Гарвард, дзе вывучала дзяржаўнае кіраванне. Былы мэр горада вырашыў сысці з пасады раней за належныя чатыры гады, і праводзіліся спецыяльныя выбары чалавека, які заменіць яго да канца тэрміну. Ларыса балатавалася — і прайграла з розніцай у 29 галасоў. Але восенню 2022-га ў горадзе прайшлі паўнавартасныя выбары мэра — і цяпер гэтая пасада яе.

— Гэта было цяжка. На маю кампанію пайшло вельмі шмат грошай, каля 45 тысяч даляраў, — расказвае суразмоўніца. — Трэба было адпраўляць агітацыйныя брашуры і па пошце, і праз e-mail, і ў сацсетках, і проста па тэлефоне званіць. Я хадзіла, стукалася ў дзверы і прадстаўляла сябе. Таму што толькі так можна людзей разварушыць, каб яны зразумелі, што, па-першае, ёсць выбары, па-другое, хто я такая.

Фото из личного архива Ларисы Свечин
Агітацыя за Ларысу на выбарах мэра. Фота з асабістага архіва Ларысы Свечын

Шмат у чым на гэтых выбарах Ларысу падтрымаў муж, у тым ліку фінансава. Калі б не ён і не яе каманда, гатовая працаваць на валанцёрскіх пачатках, кампанія абышлася б у два разы даражэй.

— Яшчэ было складана, таму што гэтыя выбары, як мне казалі, сталі самымі «бруднымі» з усіх. У другі тур выйшла я і дзейны мэр. І вось ад яе людзям па пошце прыходзілі флаеры, што мне Пуцін даў 500 тысяч даляраў на маю кампанію. Я мусіла даказваць, што мне ніхто не даваў грошай, кожны дзень я тэлефанавала людзям і расказвала пра сябе, — успамінае Ларыса. — А неяк яны адправілі ўсім рускамоўным жыхарам горада ўлёткі на рускай з заклікам галасаваць за яе, таму што яна сумленная і сапраўдная амерыканка. А Ларыса Свечын нібыта несумленная, усё сапсуе і наогул не мясцовая. Яшчэ пра мяне казалі, што раз мы з сям’ёй з’ехалі з СССР, дзе карупцыя, то я цяпер стараюся ўсё гэта з Беларусі прывезці сюды. Хтосьці мне нават сказаў, што ён не любіць Лукашэнку і таму не будзе галасаваць за мяне.

Ларыса прызнаецца: яна была гатовая да таго, што пасля рашэння стаць мэрам на яе пальецца бруд. У ЗША ў гэтым няма нічога дзіўнага, таму паліткансультанты заўсёды пытаюць у кліентаў, ці ёсць нешта з мінулага, што могуць выкарыстаць апаненты і пра што трэба ведаць загадзя. Беларуска толькі перажывала, каб гэтыя плёткі не адбіліся на дзецях.

— Але калі выкарыстоўваюць нейкія прыёмы, звычайна расказваюць пра чалавека праўду. Але ў мяне ў біяграфіі ўсё чыста, нават няма штрафаў за перавышэнне хуткасці. Атрымлівалася, што ў іх не было нічога, чым можна было б скарыстацца, таму яны прыдумлялі розныя рэчы. І гэта нават горш — калі ты ведаеш, што ў цябе ёсць нешта ў мінулым, то можаш загадзя пра гэта расказаць. А так нават не можаш нічога зрабіць.

На выбарах мэра Ларыса перамагла з перавагай у 15 галасоў. Успамінае: у той дзень разам з камандай сачыла за падлікам па тэлевізары ў рэстаране. У Амерыцы гэта называецца watch party.

— На іншых тэлевізарах паказвалі футбол. У адзін час у нас з маёй апаненткай была аднолькавая колькасць галасоў, і я якраз пайшла ў прыбіральню. Выходжу — чую шум і крыкі. Думаю, напэўна, выйгралі ў футбол. А мне крычаць: «Ты выйграла!» Шчыра скажу, я не чакала, — прызнаецца Ларыса. — Усе думалі, што яна пераможа, усё-такі яна ўжо была мэрам, карысталася кожнай магчымасцю. Я хутчэй была гатовая да таго, што прайграю.

«Мяне выбралі, каб я зрабіла свой горад лепшым»

На пасаду мэра Ларыса афіцыйна ўступіла 5 студзеня 2023 года. І ўвесь час з моманту прызначэння ў суразмоўніцы пакуль ідзе на тое, каб увайсці ў курс справы.

— Па законе пасада мэра не лічыцца паўнавартаснай працай, я не абавязаная тут сядзець з 9 да 17. Я толькі павінная прыходзіць на сустрэчу з людзьмі разоў у месяц. Але каб з усім гэтым справіцца, першыя тыдні я была на працы ўсе выходныя. Таму што столькі ўсяго трэба зразумець, прачытаць. Гэта тое, што я абяцала: што буду на 100% укладвацца ў працу, — кажа яна.

Фото из личного архива Ларисы Свечин
Документы белоруски на новой работе. Фото из личного архива Ларисы Свечин

Зарплата ў мэра горада па мясцовых мерках невялікая — 20 тысяч даляраў за год. Для параўнання, сіці-менеджар — чыноўнік, якога наймаюць для кіравання горадам, — атрымлівае каля 220 тысяч даляраў за год. Суразмоўніца ўпэўненая: так было зроблена, каб людзі не хацелі балатавацца на пасаду мэра. Таму звычайна гэтую пазіцыю ў Сані-Айлс-Біч займалі пенсіянеры, у якіх быў вольны час.

— Што да паўнамоцтваў, то мы з дэпутатамі можам прымаць пастановы наконт законаў, але не ўплываем на тое, як і што ў горадзе робіцца. Напрыклад, мы вызначаем, колькі грошай пойдзе на паліцыю, але не тое, як паліцыя будзе імі распараджацца, — тлумачыць Свечын. — Ці такая сітуацыя: у нас вельмі шмат пешаходаў і вельмі шмат машын. На жаль, праз гэта шмат аварый. І я як мэр магу вырашаць, як з гэтым змагацца, якія законы мусяць мяняцца, каб вырашыць праблему ДТЗ.

Расказваючы пра сваю працу, Ларыса адзначае: хоць у ЗША, у адрозненне ад Беларусі, мэра выбіраюць, людзі ў гэты працэс уключаюцца не вельмі актыўна.

— Усе занятыя сваім жыццём. І хоць у іх ёсць магчымасць выбіраць, яны ўсё роўна не прыходзяць. У нашым горадзе жыве каля 22 тысяч чалавек, з іх 12 тысяч могуць галасаваць, — тлумачыць яна. — Пры гэтым на выбары губернатара прыйшло шэсць тысяч чалавек, і гэта лічыцца вельмі вялікай яўкай. І тое асобай губернатара многія цікавяцца. А вось хто мэр — ужо не вельмі важна: прыйшло каля трох тысяч выбаршчыкаў. На сустрэчах з мэрам, якія праводзяцца раз на месяц, можа быць 4−5 чалавек. Затое калі здарыцца нешта кепскае, усе адразу зацікавяцца, хто ў нас мэр, і пачнуць шукаць вінаватых. Хоць у нас у Амерыцы пытанні, якія важныя гораду: дзе разбіваць паркі, якія плаціць падаткі, якую школу пабудаваць — усё гэта вырашаецца на мясцовым узроўні, а людзі пра гэта забываюць. Таму што прэзідэнта дакладна не хвалюе, якая ў нас школа і дзе небяспечна пераходзіць дарогу.

Пры гэтым на вуліцах Ларысу пазнаюць, могуць падысці ў краме і спытаць нешта. Пакуль што такая ўвага прыемная, прызнаецца яна:

— Мой план быў, каб жыхары нашага горада адчувалі, што ў іх ёсць кіраўніцтва, якое іх абароніць. Каб ведалі, што да мэра можна прыходзіць і задаваць пытанні. Каб адчувалі: ад іх нічога не хаваюць. Таму што калі людзям здаецца, што ад іх многае ўтойваюць, яны перастаюць удзельнічаць у грамадскім жыцці: «А якая розніца, мой голас не важны». Каб быць добрым мэрам, я павінная быць голасам людзей. Я павінная рабіць не тое, што я хачу, а мяне выбралі, каб я зрабіла свой горад лепшым.

«Знаёмства з беларусамі — адна з самых важных падзей гэтых выбараў»

Хаця Ларыса нарадзілася ў Гомелі і з цяплом успамінае Беларусь, грамадзянства нашай краіны ў яе няма. Бо фармальна яна нарадзілася ў СССР, а не ў сучаснай Беларусі. Таму каб прыязджаць у месцы дзяцінства, ёй патрэбная віза.

— Я была ў Беларусі чатыры разы, — успамінае суразмоўніца. — У час першай паездкі мне споўнілася 18 гадоў, потым некалькі разоў ездзіла пасля 20. Апошні раз была ў 25 гадоў і больш не вярталася. У Беларусі ў нас засталіся маміны сваякі, мы з імі былі вельмі блізкія. А бабуля і дзядуля з боку таты перабраліся ў Ізраіль. Але я хацела не так вярнуцца і жыць, як мець магчымасць вяртацца. І нават даведвалася ў беларускай амбасадзе ў ЗША, як мне атрымаць беларускі пашпарт. А мне сказалі: «Калі ласка, прыязджайце ў Беларусь і жывіце там сем гадоў» (смяецца). Такое мне не падыходзіць. Але я б вельмі хацела ўсё ж мець беларускае грамадзянства.

Фото из личного архива Ларисы Свечин
Ларыса разам з мужам і дзецьмі. Фота з асабістага архіва Ларысы Свечын

За падзеямі 2020 года Ларыса сачыла вельмі ўважліва. Тады яна якраз вучылася ў Гарвардзе, і ў рамках навучання выкладчыкі і студэнты шмат абмяркоўвалі Беларусь. Да таго ж значная частка прафесараў, у якіх вучылася беларуска, спецыялізавалася на былым Савецкім Саюзе.

— Пра падзеі ў Беларусі я бачыла і ведала тое, што нам паказвалі, — кажа суразмоўніца. — А мая мама да гэтага часу глядзіць толькі расійскае тэлебачанне. Яна потым мне расказвала сваю версію падзей. Я старалася знайсці нейкую сярэдзіну. Натуральна, бачыла, што адбывалася пасля выбараў, я сачу за дзеяннямі Ціханоўскай, бачу, што цяпер робяць Лукашэнка і Пуцін. Для мяне ўсё гэта вельмі важна, я чытаю навіны кожны дзень.

Сувязь з Беларуссю асабліва ярка выявілася падчас выбараў, калі ў Сані-Айлс-Біч аказалася нямала суайчыннікаў Ларысы:

— Знаёмства з беларусамі — адна з самых важных падзей, якія адбыліся са мной дзякуючы гэтым выбарам. Я ніколі не ведала, што тут іх так шмат. Тым больш беларусаў з Гомеля! Калі я дзіцем прыехала сюды, было пачуццё, што мы тут адны. І яно было заўсёды: так, можа, тут і жыве хтосьці з Расіі, але 100% не будзе нікога з майго горада. А тут раптам яны з’явіліся. І яны мяне вельмі моцна падтрымлівалі, сталі валанцёрамі, казалі, што ім вельмі важна, каб я выйграла, таму што я з Беларусі. І мне вельмі прыемна, што я іх знайшла. Ці яны знайшлі мяне.