Год таму, 24 лютага 2022 года, з самай раніцы дзясяткі расійскіх ракет паляцелі ва Украіну. Гэтая краіна заўсёды была блізкая беларусам: многія ездзілі на мора ў Адэсу, на выходныя ў Кіеў, у многіх ва Украіне родныя. Тым больш балюча было ведаць, што ракеты ляцяць і з тэрыторыі нашай краіны: як ні старайся, ты іх не спыніш. Тым не менш беларусы спрабуюць змяніць хоць нешта: ваююць за Украіну, спыняюць рух цягнікоў, ахвяруюць грошы. І ўсё гэта нягледзячы на арышты і крымінальныя справы. Падаецца, гэты год нямала змяніў у адносінах беларусаў і ўкраінцаў, але многія хацелі б вярнуць страчаны давер. Таму перад 24 лютага мы папрасілі іх звярнуцца адно да аднаго. Проста пачытайце, што атрымалася.
Словы ўкраінцаў мы даём у перакладзе.
«Змагайцеся супраць дыктатуры, не дайце разбурыць вашую будучыню»
Віктар, Ірпень, 33 гады
Як свядомы ўкраінец я вельмі перажываю за лёс беларускага народа. І падтрымліваю яго ў барацьбе за сваю ідэнтычнасць, за сваю мову, культуру, за сваю вольную дэмакратычную дзяржаву.
Я выдатна разумею, што гэта няпросты і доўгі шлях. Украінцы шмат разоў змагаліся за свае правы, выходзячы на майданы. Таму я не крытыкую народ Беларусі за няўдалыя спробы зрынуць дыктатуру ў іх краіне. Мяркую, што кожны мусіць прайсці свой шлях да поспеху. І буду дапамагаць ім у гэтым чым змагу.
Часам стаўлю сябе на іх месца, і мне робіцца сумна за тое, што свядомыя беларусы пазбаўленыя магчымасці жыць у краіне, якая задавальняе іх моўныя, культурныя, а таксама звычайныя чалавечыя патрэбы — напрыклад, свабодна выказваць сваё меркаванне без рызыкі трапіць за краты.
Я веру, што ў беларусаў атрымаецца адваяваць сваю нацыянальную дзяржаву. Жадаю вам не апускаць рукі ў сваёй барацьбе. А мы пастараемся вас натхніць у гэтым.
Ксенія, Кіеў (Адэса — Харкаў — Днепр — Вінніца), 41 год
Заставайцеся людзьмі нягледзячы ні на што. Нягледзячы на страх, нягледзячы на нянавісць, нягледзячы на ярасць. У гэтай краіне жывуць людзі, жанчыны, мужчыны, дзеці, людзі сталага ўзросту. У нас усіх ёсць мары. І мы хочам жыць на сваёй зямлі, у сваёй краіне, размаўляць на сваёй мове.
Цяпер раздаецца паветраная трывога. Але я вас малю: памятайце, што тут ёсць людзі. Людзі, якія заслугоўваюць таго, каб мець будучыню, будучыню для сваіх дзяцей. Будучыню для сваіх бацькоў. Будучыню для сябе.
І спадзяюся, вы ніколі не даведаецеся, што значыць назіраць, як з вашай тэрыторыі ўзлятаюць самалёты. Як гэта — ведаць вашую геаграфію так, каб быць упэўненымі, што калі самалёт узлятае ў Мачулішчах, то ў цябе ёсць дваццаць хвілін жыцця.
Макс, Мікалаеў, 43 гады
Што вызначае свабоду? Роўнасць людзей падчас выбару, роўнасць перад законам і абарона гэтай роўнасці. Улада разбэшчвае палітыкаў, абсалютная ўлада ператварае іх у вар’ятаў, якія ўпіваюцца беспакаранасцю. Гэта з іх згоды здзяйсняецца зло над свабодай выбару.
Падзеі ва Украіне — адлюстраванне барацьбы паміж двума процілеглымі сіламі парадку прыроды. Ніхто не мог і ўявіць, што ў 21 стагоддзі, у стагоддзі прагрэсу навукі, у стагоддзі, дзе дзякуючы развіццю інтэрнэту знятыя межы паміж людзьмі, адбудзецца нешта жудаснае, крывавае і агіднае.
Я пішу вам з амаль вясновага горада Мікалаева. Адзін год свайго жыцця я страціў праз вайну. Але і знайшоў у сабе новыя сілы пераадольваць складанасці. Пераадольваць цяжар недахопу вады, цяжар ракетных абстрэлаў, цяжар безвыходнасці і нянавісці. Быць свабодным стала для мяне мэтай і выбарам. Дапамагаць, абараняць, будаваць. Што яшчэ мне трэба будзе вытрымаць, невядома. Але выбар я зрабіў. Як і многія з нас.
Права выбару і ёсць свабода. З капрызу гісторыі ўсё праходзіць, бурацца імперыі і ствараюцца новыя дзяржавы. Нішто не вечнае. Але застануцца нашыя ўчынкі і дзеянні. Свабода — добрая рэч, але калі свабода не будзе свабоднай, чым вы заменіце яе? Майце ў сабе гонар і годнасць і мір майце між намі. Развівайце сваю волю. Не дайце злу занявольваць вас.
Напэўна, гэта ўсё, што я магу вам напісаць.
Міхаіл, Кіеў, 18 гадоў
Я лічу, што Беларусь неафіцыйна акупаваная Расіяй. Расіяне робяць на вашай тэрыторыі ўсё, што хочуць, і беларускае войска з імі заадно. Цяпер яшчэ застаецца пагроза паўторнага наступу з вашай зямлі. Мы трымаем на мяжы шмат войскаў, ужо не будзе эфекту нечаканасці. Вашы салдаты, калі перасякуць мяжу, проста патрапяць на смерць. У мяне ёсць баявы досвед, я праходзіў навучанне, таму таксама не буду сядзець склаўшы рукі.
Беларусам я хачу пажадаць смеласці, мець самасвядомасць, сваё меркаванне і галаву на плячах, быць разумнымі і вызваліцца ад кайданоў. Лідары — гэта пустышка ў параўнанні з народам. Народ заўсёды ўсяму галава. І калі вы будзеце такімі свабодалюбівымі, як наша нацыя, у вас у краіне ўсё наладзіцца, будзе тое, чаго вы захочаце. Так, гэта можа быць небяспечна, могуць быць ахвяры, але будучыя пакаленні на гэтае не забудуцца.
А беларускія добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну, — сапраўды тыя смелыя хлопцы, якія не пабаяліся гэтага рэжыму і пайшлі адстойваць сваю незалежнасць пакуль яшчэ на нашай вайне. Ім я хачу пазычыць удачы, няхай берагуць сябе: іх чакаюць дома.
Галіна, Кіеў, 30 гадоў
Хачу, каб беларусы ведалі: мы розныя! І ніколі больш мы не захочам называць вас братамі. Вы прынеслі нам дастаткова гора, і наступныя пакаленні будуць адказваць за яго. Даваць сваю тэрыторыю для ўзлёту ракет — гэта злачынства. І гэтае кляймо будзе вісець над вамі. Не цешцеся ілюзіяй, што вы лепшыя, бо ў вас хаця б вайны няма. У нас яе таксама не было б, калі б не Расія і не вашая падтрымка краіны-агрэсара. За ўсе злачынствы адкажаце калі не вы, дык вашыя дзеці.
А беларусы, якія ўсё яшчэ не падтрымліваюць вайну, — з’язджайце з краіны. Вы створыце моцную дыяспару за мяжой — людзей, якія стануць ядром будучага развітага беларускага грамадства. Якія зменяць краіну і павядуць яе наперад да дэмакратыі. Я жадаю вам сіл у гэтым, захавання і ўзмацнення беларусаў, якія ўсё яшчэ за дэмакратыю.
Паўло, Кіеў, 35 гадоў
Я хачу выказаць сваю поўную падтрымку і салідарнасць з беларускім народам у гэты цяжкі перыяд. Можа здавацца, што вайна многае змяніла ў стаўленні ўкраінцаў да беларусаў, але прынамсі ў сваім коле я ўпэўнены, што гэта не так!
Мы адчуваем, што нашая агульная барацьба супраць дыктатуры і імперыі абавязвае нас дапамагаць адно аднаму. Мы цэнім падтрымку і салідарнасць беларусаў з Украіны і паважаем вашую адвагу і адданасць у барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Сэрцам мы заўсёды з вамі, і мы верым, што разам мы зможам прайсці ўсе выпрабаванні і перамагчы нашага агульнага ворага.
Мая просьба да беларусаў — не здавацца і працягваць змагацца за нашую і вашую свабоду, гэтак жа будзем працягваць рабіць і мы. Упэўнены на 100%, што мы станем цудоўнымі, можна сказаць, неверагоднымі суседзямі ўжо ў зусім недалёкай будучыні.
Ганна, Кіеў, 37 гадоў
У мяне ёсць знаёмыя беларусы, яны шакаваныя тым, што адбываецца ва Украіне, спачуваюць і, вядома ж, падтрымліваюць нас. Я сапраўды ўдзячная ім. Але наўрад ці з майго досведу можна рабіць выснову пра ўсіх беларусаў.
Таму я хачу, каб усе, хто гэта прачытае і хто яшчэ спрабуе застацца нейтральным або думае, што ў іх няма выбару, нарэшце зразумелі, што гэта барацьба дабра са злом, Бога з дэманамі. Хай падумаюць — каму з гэтых двух варыянтаў яны гатовыя аддаць сваю душу? А галоўнае — дзеля чаго?
Аляксандр, Буча, 33 гады
Па-першае, хачу сказаць, што многія ўкраінцы падтрымлівалі беларусаў у 2020 годзе. Мы за дэмакратыю і за права жыць у нармальнай краіне. Па-другое, дзякую ўсім, хто дапамагае Украіне, нават ведаючы, што гэта можа мець вельмі сумныя наступствы (мякка кажучы). Па-трэцяе, не здавайцеся, аднаўляе сваю мову і будайце моцную незалежную краіну!
Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Юлія, Ірпень
Я і маё асяроддзе вельмі моцна шануе ўсё тое, што робяць беларусы, каб хутчэй спыніць захопніцкую вайну на нашай зямлі. Мы сапраўды адчуваем, як вы перажываеце за нас і нашую перамогу. Мы ведаем, што многія беларусы атрымалі велізарныя турэмныя тэрміны за спробу перашкодзіць войскам Расіі весці вайну з тэрыторыі вашай краіны.
Спадзяёмся, што вы выстаіце ў вашай барацьбе і станеце свабоднымі ад улады дыктатара Лукашэнкі, а вашыя войскі не будуць выконваць ніякіх злачынных загадаў. Трымаемся! Разам пераможам! Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Анэта, Кіеў, 21 год
Дарагія беларусы, змагацца за сваю краіну і свабоду варта! Вы малайцы. Вы выступаеце супраць дыктатарскага рэжыму, не баіцеся выказвацца і, нягледзячы на пагрозу пераследу, змагаецеся са злачыннай уладай. Мне вельмі адгукаліся пратэсты ў Беларусі ў 2020-м, гэта вельмі нагадвала Еўрамайдан 2014 года. Калі б мы не паўсталі тады — то жылі б цяпер у Расіі ці пад яе марыянеткавай уладай. Калі народ аб’ядноўваецца — яго не спыніць. Вораг не будзе моцным заўсёды.
Памятаю, як год таму, 24 лютага 2022 года, я прачнулася ад гукаў выбухаў — пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ў нашую краіну. Спадзяюся, што вас абміне такая доля! Расія прайграе ў гэтай вайне, не пачаўшы іншых войнаў.
Вялікі дзякуй усім беларусам, хто падтрымлівае нас. Кожнаму, хто ваюе на нашым баку супраць Расіі, абараняючы нашыя межы. Мы разам спяваем супраць агульнага ворага, і перамога за намі! Калі Пуцін прайграе — прайграе і Лукашэнка.
Дыктатарскі рэжым Лукашэнкі слабее, вы — гуртуецеся і становіцеся мацнейшымі. Вашая краіна будзе свабоднай і дэмакратычнай, будзе квітнець, і будуць панаваць беларускія мова, культура і традыцыі.
Украінцы і беларусы — вольныя народы, і нашая будучыня — быць шчаслівымі. Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Ігар, Харкаў, 33 гады
Дзейная ўлада Беларусі навязвае вам расійскі наратыў па тэлебачанні і іншымі даступнымі спосабамі, выкарыстоўваючы тактыку запалохвання і прапаганды. На жаль, пасля пачатку ўварвання я не ўбачыў рашучых дзеянняў насельніцтва, каб супрацьстаяць гэтым жахлівым падзеям. Не было такіх масавых акцыяў пратэсту, як, напрыклад, у 2020 годзе. Склалася адчуванне, што большасць проста адгарадзіліся ад таго, што адбываецца па прынцыпе «мая хата з краю, нічога не знаю».
Сярод маіх знаёмых, з якімі я перыядычна сустракаўся да вайны, ніхто не сказаў словаў падтрымкі, спагады і банальна не пацікавіўся, як тут справы і ці жывы я наогул. Калі гаварыць пра свае асабістыя адчуванні, то, на жаль, узнікла пэўнае расчараванне. Але, вядома ж, я разумею, што ёсць шмат беларусаў, якія душой і сэрцам з намі, якія плачуць разам з намі і спрабуюць дапамагчы хоць неяк. Але, на жаль, такіх недастаткова на гэты момант, каб ажыццявіць кардынальныя перамены ўнутры краіны і ўмацаваць сваю рэпутацыю сярод развітых прагрэсіўных краін. Аднак гэта ўжо больш, чым ёсць у Расіі, што не можа не радаваць.
Чалавеку ўласціва заўсёды спадзявацца на лепшае і верыць у добры вынік. Вось я і спадзяюся, што беларусы ў хуткім часе канчаткова разарвуць кайданы дыктатарскага рэжыму і пачнуць упэўненымі крокамі рухацца да свабоды, змагацца за дэмакратычныя каштоўнасці. Каб у выніку мы змаглі па-сяброўску паціснуць адно аднаму рукі, а не адгароджвацца калючым дротам і акопамі. Шчыра жадаю гэтага!
Іна, Кіеў, 35 гадоў
Я нарадзілася і вырасла ва Украіне. Ніколі не была ў Беларусі, хоць сама на чвэрць беларуска. Усё адкладала на потым.
Мой тата ўсё дзяцінства казаў мне, што я беларуска. Але назвацца ўкраінкай быў мой свядомы выбар. Я вырасла і зразумела, што вырашае не толькі кроў або геаграфія. Вырашаюць душа, думкі, каштоўнасці.
Я шчыра жадаю, каб і ва ўкраінцаў, і ў беларусаў быў выбар. Свядомы, незалежны і найважнейшы. І каб ні адна знешняя сіла не замахвалася на яго. Бо воля чалавека — гэта голас душы. Хай смеласць беларусаў пераможа рэжым. Вы вартыя гэтага! А мы пераможам у вайне!
«За нас праўда, за нас слава. І воля святая». (Радкі з верша Тараса Шаўчэнкі. — Заўв. рэд.)
Марыя, Кіеў (Харкаў), 26 гадоў
Вясна 2021-га. Я пазнаёмілася з многімі беларусамі ў Кіеве, якія беглі ад рэпрэсіяў у сваёй краіне. Шмат хто з іх знаёмых ці родных ужо быў за кратамі.
Люты 2022-га. Цяпер мы беглі разам, толькі гэтым разам — ад вайны ў Украіне.
Я ніколі не асуджала беларусаў за тое, што яны не змаглі зрынуць іх уладу, таму што ведаю, якую цану яны плацілі і плацяць за гэтую барацьбу, якая ўсё яшчэ ёсць. Мы занадта шмат усяго бачылі для нашых юных гадоў, але хай гэта зробіць нас мацнейшымі: украінцаў і беларусаў.
Адзінае пажаданне, якое я б хацела данесці: захавайце вашую родную мову, вучыце яе і перадавайце. Зрабіце ўсё магчымае, калі ласка. Бо ў нас агульны вораг, які да гэтага часу разумее нашую гаворку.
Сяргей, Кіеў (Крывы Рог), 35 гадоў
Я працую вядоўцам на рускамоўным тэлемарафоне Freedom і аднойчы, завяршаючы гутарку з Франкам Вячоркам, сказаў: «Я шчыра спадзяюся, што Беларусь хутка здабудзе незалежнасць ад расійскага ўплыву, што Беларусь скіне дыктатара. І Украіна пераможа, і мы з вамі будзем жыць у нармальных добрасуседскіх адносінах. Нас глядзіць шмат беларусаў — у тым ліку тыя, хто не гаворыць і нават не разумее беларускай мовы. Мы хочам, каб гэтыя беларусы ўсвядомілі, што гэта таксама сведчанне так званай „павагі“ Расіі да беларускай мовы і культуры, пра што яна крычыць з крамлёўскіх тэлеканалаў. Пакуль гэтая „павага“ заключаецца толькі ў тым, што Расія паглынае Беларусь і ўсё больш залучае яе ў вайну з Украінай».
Цяпер будучыня ўкраінскага і беларускага народаў залежыць ад таго, як хутка падзе пуцінскі рэжым і як хутка расіяне ўсвядомяць усё тое жудаснае і несправядлівае, што яны рабілі з намі стагоддзямі. Беларусы, якія лічаць справядлівай гвалтоўную русіфікацыю свайго народа, расстрэл беларускай інтэлігенцыі, фактычную акупацыю Беларусі Расіяй, мусяць пазбавіцца стакгольмскага сіндрому. І нам трэба разам патрабаваць ад расіян справядлівасці і шчырага раскаяння.
Івана, Кіеў, 28 гадоў
20 лютага было 9 гадоў, як пачаўся расстрэл людзей на Майдане. Тады мы здабылі ў барацьбе сваю свабоду крывёю ў цэнтры Кіева. Потым пачалася вайна на ўсходзе. І ўжо год, як мы змагаемся за сваю свабоду падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Мы змагаліся і будзем працягваць змагацца. Таму што Расія знішчае нас не гадамі, а стагоддзямі.
Змагайцеся і вы супраць прапаганды, супраць дыктатуры, не дайце разбурыць вашую будучыню, а самалётам і ракетам — сціраць пад нуль наш дом, нашыя жыцці.
Андрэй, Запарожжа, 34 гады
Складана сумяшчаць суб’ектыўнае і аб’ектыўнае. Хіба што мог бы адказаць словамі Тараса Шаўчэнкі:
«Борітеся — поборете,
Вам Бог помагає!
За вас правда, за вас слава
І воля святая!»
Сваю краіну для сябе вы ўжо амаль страцілі, так што не страцьце яе для сваіх нашчадкаў.
Дыяна, Херсон, 24 гады
Дарагія беларусы! Звяртаюся да вас з самага сэрца Херсона.
Я ведаю, што ў 2020 годзе вам усім давялося прайсці нялёгкі шлях. Мы разумеем, наколькі вам было складана і страшна. Маё сэрца было побач з вамі, я трымала БЧБ-сцяг і крычала на ўсё горла: «Жыве Беларусь». Я вельмі захапляюся кожным з вас.
На жаль, гэта яшчэ не ўвесь шлях. І нам з вамі трэба аб’яднацца, каб зрынуць агульнага ворага. Я ведаю, што мы з вамі надзейныя партнёры і нам можна разлічваць адно на аднаго. Дзякуй за тое, што робіце для нас. Жыве Беларусь! Слава Украіне!
Валерыя, Кіеў (Ірпень), 27 гадоў
Дарагія браты-беларусы. Беражыце сваю самабытнасць і беларускасць, каб мы маглі адрозніць вас ад іншых не-братоў. Беражыце цяпло ў сэрцы і шчырую злосць, знайдзіце сваю пазіцыю і адстойвайце яе нават вялікай цаной. Будзьце нязручнымі, будзьце кепскімі, калі ў гэтым свеце гэта азначае чалавечнасць.
Не вашая і не нашая віна ў тыраніі, але нашая адказнасць — ёй супрацьстаяць. Сказаць «не» гвалту, «не» таксічнасці, змяніць асновы славянскага савецкага свету.
Мы ўсе індывідуальныя, і найважнейшае права — гэта права на свабоду, на свабоду выбару і меркавання. І мы не прымаем іншага свету.
«Як бы вы да мяне ні ставіліся, я ўсё роўна буду вас любіць»
Герман, Познань (Мінск), 27 гадоў
Дарагія, любімыя, самыя смелыя ўкраінцы. Вялікі гонар быць суседам такога нязломнага народа. Ведаю, што вам цяпер вельмі цяжка. Бо мы нечага не зрабілі ў сябе дома. Але я ведаю, вы пераможаце ў гэтай вайне. Вы зламаеце хрыбет сучаснаму нацызму і выйдзеце з гэтай вайны з высока паднятай галавой. Вы пішаце новую гісторыю, за што, на жаль, плаціце велізарную цану.
Ведайце, усе сапраўдныя беларусы з вамі. Яны ваююць за вас, яны пералічваюць грошы вашай арміі, яны проста трымаюць кулакі і моляцца за вас. Таму што ў нас няма ніякіх «не ўсё так адназначна».
Я жадаю вам цярпення, сілы і, самае галоўнае, каб наступная гадавіна пачатку гэтага ўварвання была з прысмакам перамогі. Я веру ў гэта. І ўсё будзе не дарма. Люблю, абдымаю і цалую ўсіх вас. Жадаю застацца цэлымі вам і ўсім вашым родным, перамогі і міру.
Наталля, Гомель, 49 гадоў
Дарагія ўкраінцы! Мы гадамі жылі побач, гандлявалі, падарожнічалі, стваралі сем'і. Страшна і балюча бачыць, як два неадэкваты спрабуюць знішчыць Украіну і ўкраінскі народ. Страшна, што прапаганда спрабуе апраўдаць вайну. Страшна, што знаходзяцца людзі, якія вераць. Але нармальныя людзі разумеюць, што адбываецца. Кожны дзень я малюся, каб гэтая вайна скончылася, каб не гінулі людзі, каб дзеці не баяліся, каб маці не плакалі. І я веру, што ўсё будзе Украіна! Што вы пераможаце! І што ўслед за гэтым падзе беларускі канцлагерны рэжым.
Андрэй, Мінск, 25 гадоў
Уся сям’я ўкраінскай крыві, але па волі лёсу я ніколі не быў ва Украіне. Але гэта не перашкаджае мне перажываць і спачуваць вам. Цэлы год кожны дзень чытаю зводкі на гэтым партале, гляджу ўкраінскі кантэнт, у размовах паміж знаёмымі стала больш беларускай мовы. Гэты год многае змяніў, гэты год змяніў многіх.
Украінцы, вы моцныя і мужныя, а вашая стойкасць перад тварам такіх нягодаў сапраўды натхняе. Я не магу ўявіць страх, які вы, мабыць, адчуваеце, але я хачу, каб вы ведалі, што вы ў маіх думках. Вашая бяспека і дабрабыт важныя, і я спадзяюся, што вы зможаце здабыць спакой у гэты цяжкі час.
Калі ласка, памятайце, што ёсць людзі, якія клапоцяцца пра вас і хочуць дапамагчы. Але калі знаходзішся ў акупаванай краіне, зрабіць гэта фізічна складана.
Самае галоўнае — ніколі не страчвайце надзеі. Памятаеце, гэта пройдзе, і хутка вас (і, спадзяюся, нас) чакаюць больш свабодныя і яркія дні. Слава Украіне!
Яна, Мінск, 31 год
Амаль год я прачынаюся і засынаю з пачуццём віны. Столькі слёз праліта за гэты год, не перадаць словамі. Я так люблю Украіну і ўкраінцаў. Вы больш за ўсіх вартыя свабоды. Прабачце нам.
Уладзімір, Мінск, 25 гадоў
Ад усёй сваёй свядомасці, душы, сэрца я хачу папрасіць прабачэння абсалютна ва ўсіх украінцаў. Мае цяперашнія словы — нішто ў параўнанні з рэальнымі дзеяннямі. Але я больш чым упэўнены, што кожны сумленны і свядомы беларус робіць абсалютна ўсё, што ад яго залежыць, каб хоць неяк дапамагчы вашай краіне і вашым грамадзянам.
Няма ніякіх словаў, якія б маглі ахарактарызаваць пакуты, якія вы цярпіце яшчэ з 2014 года. Але пасля фатальнай лютаўскай даты 2022 года прыходзіць усведамленне, што ўжо ніякія словы не здольныя суцешыць вас і тым больш загладзіць віну, да якой усе беларусы, хай і не па сваёй волі, датычныя. Праўда на вашым баку. Што б вы ні рабілі — усе вашыя рашэнні і дзеянні апраўданыя. Пачынаючы ад мераў у адказ у ваеннай справе і заканчваючы патрабаваннямі рэпарацый і кантрыбуцый. Калектыўная адказнасць — цяпер гэта з намі калі не назаўжды, то на вельмі доўгі час. Упэўнены, што большасць людзей гэта разумее і прымае, бо інакш ніяк нельга.
Адзінае, чаго б мне хацелася пажадаць украінскаму народу, — гэта мужнасці, стойкасці, веры ў сябе, веры ва ўсіх людзей, якія дапамагаюць вам! Беларусы на гэты момант прайгралі бітву, але відавочна не вайну. І гэта падбадзёрвае нас саміх кожны раз, калі мы глядзім на вас з боку. Вашая барацьба і вашая перамога дае шанец і беларусам.
Захоўвайце ў сабе той агеньчык душэўнай надзеі і веры ў добрых людзей, бо нават самае слабае яго ззянне здольнае кінуць выклік самай злавеснай цемры.
Ларыса, Ваўкавыск, 59 гадоў
У мяне ва Украіне амаль нікога няма, акрамя аднакласніка ў Кіеве, аднакласніцы ў Адэсе і маёй аднагодкі Наташы, з якой мы пазнаёміліся ў сакавіку 2021 года ў Шарм-эль-Шэйху. З ёй мы так пасябравалі, што, калі б не вайна, летам 2022 года сустрэліся б у Кіеве, елі б на яе лецішчы смачныя памідоры і пілі «гарылку». Яна запрашала.
Але калі хочаш насмяшыць бога, раскажы яму пра свае планы. З 24 лютага 2022 года я ўстаю і засынаю з навінамі з Украіны. Забытыя любімыя скандынаўскія серыялы, ёсць толькі палітолагі Піянткоўскі, Фейгін, Швец, Беразавец, «Дождж» і іншыя. Кожны дзень чакаю, што здарыцца цуд і ўвесь гэты жах скончыцца.
І да вайны я ведала, што ўкраінцы — гэта не рускія. Яны адданыя сваёй зямлі, яны нацыяналісты ў найлепшым сэнсе гэтага слова, яны не адступяць, яны будуць стаяць і стаяць да смерці за сваю «Батьківщину». Толькі б ім усяго хапіла для гэтага, асабліва ўлічваючы дапамогу Захаду. Прабачце нам, дарагія ўкраінцы, за маладушнасць, за немагчымасць дапамагчы, за «хатаскрайнасць». Так хочацца верыць, што пасля заканчэння вайны, калі вораг будзе разгромлены, мы, беларусы, не застанёмся ворагамі для вас.
Кірыл, Жодзіна, 25 гадоў
У першую чаргу хацелася б папрасіць прабачэння ва ўкраінцаў, што Беларусь так ці інакш ужо ўцягнутая ў гэтую вайну і стала яе ўдзельніцай. Буча, Ірпень, Чарнігаў — бо менавіта ад нас ішлі расіяне браць Кіеў. Ды і я ніколі не паверу, што беларускія вайскоўцы не ведаюць, што рускія вайскоўцы робяць на тэрыторыі Беларусі, куды вязуць параненых і куды ляцелі самалёты і ракеты ў пачатку вайны.
Шмат беларусаў непасрэдна дапамагаюць Украіне — полк Каліноўскага і «рэйкавыя партызаны», якія палілі шафы, рызыкавалі жыццём і атрымалі за гэта велізарныя тэрміны. Многія ў памежных тэрыторыях здымалі ваенную тэхніку.
У мяне ёсць сябар з Украіны, і я з ім на сувязі з першага дня вайны. Часам мне проста няма чаго сказаць яму, бо я не магу зразумець боль ад страты сябра на фронце або перажыванні за тых, хто ў акупацыі.
Хочацца толькі пажадаць усяму ўкраінскаму народу, каб гэтае пекла скончылася як мага хутчэй. А ўсе ваенныя злачынцы і вінаватыя ў распальванні гэтай вайны былі пакараныя. Тым, хто страціў родных і блізкіх на вайне, — памятайце, вы не адны і іх не забудуць.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Ян, Рэчыца, 24 гады
Хацеў бы перадаць словы падтрымкі. Вы абавязкова выстаіце, вы ўсё вытрымаеце, у вас усё атрымаецца. Я смуткую разам з вамі пра вашых загінулых, я падзяляю вашую боль і слёзы.
Калі 24 лютага я даведаўся, што пачалася вайна, я спачатку не мог у гэта паверыць. У мяне ўсё перавярнулася ўнутры. Я адчуваў боль, злосць, здзіўленне, неразуменне, быў разгублены.
Я прашу прабачэння за ўсё, што зрабіў урад маёй краіны. Гэта злачынцы, якія здзейснілі самыя цяжкія злачынствы з магчымых: абвясцілі вайну дружалюбнаму народу і свайму ўласнаму. Яны не маюць нічога агульнага з намі, яны здраднікі і баязліўцы, якія хаваюцца за спінай двух крывавых дыктатараў.
У 2020 годзе я шмат разоў выходзіў на пратэсты, але цяпер, баючыся за ўласнае жыццё і жыццё сваёй сям'і, вымушаны адседжвацца ўбаку і не магу адкрыта заявіць, што супраць гэтай бессэнсоўнай вайны. Мы не хацелі вайны, я не хацеў вайны, але яна здарылася, і апраўдання няма. Але я прашу прабачыць мне. Спадзяюся, калі-небудзь у маёй краіне можна будзе адкрыта ўшанаваць вашых загінулых ваяроў.
Уладзімір, Мінск, 27 гадоў
У 2014 годзе я ўпершыню гасцяваў у Кіеве. У мяне засталіся вельмі станоўчыя ўражанні пра цудоўны вольны народ. І аказалася, што гэта праўда.
Пра пачатак вайны я даведаўся раніцай у аўтобусе і не змог стрымаць слёз. Я не спецыяліст у аналітыцы ваеннай справы, але калі ў першыя дні ўсе, уключаючы заходніх аналітыкаў, памылкова паўтаралі, што Украіна не зможа абараніцца ад наступу расійскіх войскаў, я па-дзіцячаму, не грунтуючыся ні на чым, верыў, што Украіна, як у казцы, пераможа абсалютнае зло. Сёння ўкраінцы ператвараюць казку ў быль кожны дзень, і гэта неймаверна натхняе.
Я жадаю вам, дарагія, каб вы як мага хутчэй і з найменшымі стратамі паставілі пераможную кропку ў гэтай жудаснай трагедыі. Глыбока спачуваю ўсяму вашаму дзівоснаму народу. Часта плачу, калі даведаюся пра невыносную жорсткасць і дзіўлюся, наколькі вы сабраныя і непахісныя людзі.
Веру, што ў будучыні вы зможаце дараваць беларусам тое, што мы не можам даць вам у поўнай меры падтрымку, якую, запэўніваю, велізарная колькасць беларусаў хацела б даць. Слава Украіне!
Мікалай, Мінск, 33 гады
Браты-ўкраінцы! Ад імені большасці беларусаў хачу выказаць словы падтрымкі ўсім вам. Для нас няма бліжэйшага народа, чым вы! Усе сапраўдныя беларусы шчыра перажываюць за лёс Украіны, а хтосьці нават дапамагае і ўнутры Украіны, і за яе межамі.
Адзінае, чаго хочацца пажадаць усім вам, — спынення гэтага жаху, які нават праз год не да канца ўкладваецца ў мяне ў галаве. Перад вамі яшчэ шмат выпрабаванняў, нават пасля перамогі, але ведайце: беларусы заўсёды з вамі!
Жадаю вам усім раптам пачуць словы прэзідэнта: «Дарагія ўкраінцы! Мы перамаглі!» (Свой зварот Мікалай даслаў у рэдакцыю на ўкраінскай мове. — Заўв. рэд.).
Наста, Мінск, 27 гадоў
Хачу пажадаць украінцам і Украіне хутчэйшага заканчэння гэтай страшнай вайны. Я не разумею, як гэта — жыць, калі вакол цябе лётаюць ракеты. Як жыць, калі ў доме няма святла. Як жыць, калі ты вымушаны зрабіць найскладанейшы выбар і пакінуць свой горад.
Мне сорамна за тое, што адбываецца цяпер. І гэта вельмі складана, бо з гэтым нічога не зробіш. Проста працягваем падтрымліваць адно аднаго і спрабуем з гэтым жыць.
Мне вельмі падабаецца вашая краіна, вы вельмі крутыя і моцныя! Я ведаю, што вы пераможаце і кожны з вас сустрэне сваіх блізкіх, што вы адбудуеце сваю краіну і зробіце яе яшчэ лепшай!
Я не магу змяніць тое, што ўжо адбылося, але веру, што магу неяк паўплываць на нашую будучыню, на адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі. Таму што мы любім вас і заўсёды ставіліся да вас як да сям'і. І няхай будзе вечная гармонія, хай згінуць змрок і прыгнёт!
Маргарыта, Мінск, 38 гадоў
Я вельмі хачу прасіць вас не асуджаць беларусаў за нашае нібыта маўчанне. Скажыце, вы асуджаеце жыхароў акупаваных тэрыторый Данбаса? Вы пытаеце ў іх, чаму яны не супраціўляюцца і не скідваюць новы ўрад? Думаю, наўрад. Вы ж не думаеце, што там усе пагалоўна падтрымліваюць Расію?
Тое самае робіцца і ў нас. Магчыма, нават горшае. У нас можна атрымаць рэальны тэрмін за аватарку на ФБ, за каментар у сацсетках. Рэальны тэрмін, не штраф. Таму вельмі прашу, не судзіце.
Юлія, Мінск, 31 год
Дарагія ўкраінцы! Мы ведаем, як вам цяжка. Не, не па чутках. У мяне ва Украіне жывуць сваякі. Я ведаю, наколькі вы моцная, незалежная нацыя, якая стане яшчэ мацнейшай, прайшоўшы гэтае выпрабаванне. Вы найлепшыя і самыя крутыя.
І памятайце, што беларусы не хочуць гэтай вайны і ўсяляк імкнуцца дапамагчы. Беларусь з вамі! Слава Украіне!
Сяргей, Гомель, 35 гадоў
Суседзі, спачатку я хацеў вам расказаць, у якім я цяпер стане, што я перажыў, як на мне гэта адбілася, як я цяпер. Але разумею, што мой аповед будзе недарэчны і не параўнальны з вашым болем і з той несправядлівасцю, якая цяпер адбываецца.
Ведайце толькі адно. Як бы вы да мяне ні ставіліся, я ўсё роўна буду вас любіць, падтрымліваць і быць на вашым баку. Справядлівасць пераможа, вы пераможаце! Прабачце мне, суседзі, за маю меншую рашучасць! Я ганаруся вамі! Слава Украіне!
Вольга, Мінск, 30 гадоў
Маё сэрца заўсёды было з украінскім народам, і кожны дзень яно проста разрываецца і плача ад таго, што адбываецца. Але няўхільна верыць у перамогу! Верыць у тое, што пасля перамогі Украіна падымецца, раны яе зямлі зажывуць і яна стане яшчэ больш моцнай, свабоднай і прыгожай краінай з цудоўным свабодалюбным і гордым народам і са светлай шчаслівай будучыняй! Украіна, усе мае блізкія, мая сям’я і сябры з вамі, і мы перажываем гэтую вайну разам з вамі.
«А ми тую червону калину підіймемо. А ми нашу славну Україну, гэй, гэй, розвеселимо!"(украінская народная песня, марш украінскіх Сечавых стральцоў. Пасля ўварвання 24 лютага стала гімнам барацьбы Украіны супраць Расіі. — Заўв. рэд.).
Глядзіце таксама


