У Брэсце судзяць 38-гадовага Аляксандра Коваля, які абвінавачваецца ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Падрабязнасці крымінальнай справы паведаміла «Берасцейская вясна».
Мужчыну затрымалі 28 траўня на мяжы. Паводле звестак праваабаронцаў, ён вяртаўся са спаборніцтваў у Славакіі. На ўездзе ў Беларусь сілавікі запатрабавалі ў Коваля тэлефон на праверку.
«Мужчына сам даў сілавікам тэлефон і пароль да яго. Падчас агляду ў яго знайшлі „забароненыя“, на думку беларускіх сілавікоў, звесткі. З таго дня Коваль у няволі», — піша «Берасцейская вясна».
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле версіі следства, 27 сакавіка мінулага года ён адправіў у тэлеграм-бот «Рэдакцыя Nexta» відэа перамяшчэння ваеннай тэхнікі на кальцавой дарозе МКАД (вакол Мінска).
Пракурор просіць для Коваля 2 гады 6 месяцаў калоніі. Прысуд агучаць 14 верасня.