Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  2. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  3. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  4. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
  5. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  6. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  7. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  8. Путин отклонил предложение США и Украины о 30-дневном прекращении огня — эксперты о ситуации на войне
  9. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
  10. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  11. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  12. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  13. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
Читать по-русски


Сярод дарадцаў галоўнакамандуючага ўкраінскай арміі Валерыя Залужнага 33-гадовая Арэста Брыт — «Міс Кіеў — 2006», валанцёрка, кіраўніца дабрачыннага фонду «Бон», уладальніца ордэна Княгіні Вольгі — узнагароды, якую ўкраінкам уручаюць за выбітныя заслугі ў грамадскай дзейнасці. Пра тое, як будаваць кар’еру, будучы жанчынай з эфектнай знешнасцю, пра сяброўства і працу з Залужным, плёткі вакол гэтага сяброўства, барацьбу Украіны ў вайне з Расіяй Брыт расказала ў вялікім інтэрв'ю «Люстэрку».

Ореста Брит во время полномасштабной войны в Украине. Фото: www.instagram.com/orestabrit
Арэста Брыт. Фота: instagram.com/orestabrit

«Валерый Фёдаравіч — чароўны мужчына, але ў яго не менш чароўная жонка»

— Вы — дарадца галоўнакамандуючага Украіны Валерыя Залужнага. Я амаль не знайшла гэтай інфармацыі ва ўкраінскіх медыя, але так вас прадстаўляў літоўскі Delfi падчас саміту NATO.

— Так, ёсць такая пасада — пазаштатны дарадца, прадугледжаная ва ўмовах поўнамаштабнай вайны. Яна афіцыйная, але не аплачваецца. Я не вайскоўка, застаюся кіраўніцай дабрачыннага фонду (ён створаны ў 2014 годзе для дапамогі сем’ям байцоў АТА і пацярпелым падчас ваенных дзеянняў. — Заўв. рэд.), валанцёркай, цывільным чалавекам, які працягвае сваю працу. Мая цяперашняя місія — гэта вынік маёй 9-гадовай дзейнасці і беспрэцэдэнтнага даверу арміі да мяне. Але я б назвала гэта магчымасцю каардынацыі з кампетэнтнымі органамі для дасягнення выніку за самыя кароткія тэрміны, для зладжанага ўзаемадзеяння з Генеральным штабам.

— У многіх можа ўзнікнуць пытанне: што цывільны чалавек можа параіць, якую экспертную ацэнку даць галоўнакамандуючаму?

— Таму я і кажу: так не працуе. Гэта называецца чамусьці дарадца, а па факце гэта магчымасць дапамагчы. Ён [Залужны] у пачатку поўнамаштабнай вайны скаардынаваў нашую працу са сваімі намеснікамі, і я атрымала магчымасць экспертызы менавіта сярод вайскоўцаў. Што канкрэтна будзе патрэбнае праз месяц-два і ў якой колькасці, я магу вызначыць за лічаныя гадзіны і адразу выбудаваць камунікацыю па патрэбах і магчымасцях. Калі на мяне выходзяць людзі, якія хочуць дапамагчы, я пытаю ў Генштаба, што будзе карысным, і мы хутка ўступаем у калабарацыю і гэта выконваем. Мы — дапаможны інструмент, які працуе на максімальную аптымізацыю дапамогі і падтрымкі.

Разумееце, калі вайскоўцы бачаць патрэбу, гэта ўжо позна. Задача прафесійнага дабрачынца — прадбачыць запыт вайскоўца, занятага абаронай. То-бок летам мы рыхтаваліся да зімы, запасаліся загадзя, каб пазбегнуць сезонных нацэнак, пралічвалі час на лагістыку. Калі ты пазіцыянуеш сябе як дарадца, эксперт, трэба і дзейнічаць адпаведна. Таму расказваць, што я валанцёрка, які арыентуецца на запыты байцоў, — не. Мы самі прагназуем, што вайскоўцам будзе патрэбнае. Яны, стоячы на сектары, не ведаюць гэтага. Яны не арыентуюцца, што адбываецца за іх квадратам.

Ореста Брит с главнокомандующим ВСУ Валерием Залужным. Фото: www.instagram.com/orestabrit
Арэста Брыт з галоўнакамандуючым УСУ Валерыем Залужным. Фота: www.instagram.com/orestabrit

— Як і калі вы пазнаёміліся з Валерыем Залужным?

— Гэта было на агульных мерапрыемствах. Такое шапачнае знаёмства, якое перарасло ў вялікае сяброўства з прычыны вайны. Мы ўсе адно аднаму дапамагалі. І не ўсе заўсёды былі генераламі. Гэта зносіны, якія сфармаваліся за дзевяць гадоў. Чаму ў валанцёрстве няма канкурэнцыі? Таму што мы шмат гадоў адно аднаго ўсе ведаем. Мне 33 гады, і дзевяць з іх я ўцягнутая ў баявыя дзеянні, дапамагаю пацярпелым ад вайны, хоць, дзякуй богу, мая сям’я не пацярпела, у нас мужчыны не ваююць (майго бацькі няма ў жывых).

Гэтая гісторыя яшчэ з Майдана нас усіх з’яднала. І сказаць, як так адбылося, што мы сябруем з галоўнакамандуючым ці яшчэ з кімсьці з кіраўнічых персон… Мы глядзім на якасці чалавека, а не на пасады. Сёння галоўнакамандуючы — Валерый Фёдаравіч, заўтра — яшчэ нехта. Але для мяне вялікі гонар быць дарадцай менавіта гэтага чалавека.

За дзевяць гадоў, што я ў дабрачыннасці, я не пайшла ў палітыку і не планую. Я проста валанцёрка, якая добра арыентуецца ў палітыцы, як ва ўкраінскай, так і ў міжнароднай, таму і амбіцый не мае (смяецца). Але для мяне вялікі гонар быць побач з гэтым годным і прыстойным чалавекам. Прафесіянал. Вялікі гонар змагацца плячом да пляча з ім за Украіну.

— Гэта праўда, што ён вельмі просты, адкрыты, кантактны чалавек? Можа прыйсці на вяселле, адказаць на паведамленне.

— Я не ведаю, бо на вяселлях з ім не была і да мяне на вяселле ён пакуль яшчэ не прыходзіў (спадзяюся, аднойчы прыйдзе, прынамсі я абавязкова запрашу). Але на тэлефон не заўсёды можа адказаць, бо вельмі заняты. Не ведаю, наколькі просты, — гэта вельмі глыбокі, адукаваны чалавек. Тое, што ён без лішняга пафасу, адкрыты, душэўны, — гэта факт. Шчырая ўсмешка, станісты мужчына, разумны і моцны — сапраўдны галоўнакамандуючы. Тут словы лішнія — па ім усё відаць. Якім яго людзі бачаць, такі ён і ёсць насамрэч, і гэта дарагога каштуе.

— Расійскія прапагандысты сцвярджаюць, што вы атрымліваеце нейкія прывілеі, шмат чаго дасягнулі якраз праз блізкае знаёмства з Залужным. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Прыкольна, калі ўся [іх] краіна баіцца трапіць пад мабілізацыю і на фронт, расіяне выдаюць знаходжанне на перадавой і барацьбу за незалежнасць за прывілею (смяецца). Калі чытаю пра сябе ў рускіх медыя, здзіўляюся сваім поспехам. Адзінае, што мне трэба, — ачысціць ад расіян Украіну.

Можа, калі б мне было гадоў 20, я б перажывала і нешта даказвала. Але ў мяне сфармаваўся характар яшчэ, напэўна, з часоў конкурсаў прыгажосці. Я была звычайнай 16-гадовай школьніцай, калі выйграла «Міс Кіеў — 2006». Нашая сям’я тады перажывала досыць складаныя часы — мама страціла мужа і засталася адна з дзвюма дочкамі на руках.

Мая маці заўсёды стаяла за нас з сястрой, за нашую рэпутацыю, гарой, старалася выхаваць правільнымі дзяўчатамі. Але мне заўсёды прыпісвалі нейкія матэрыяльныя гісторыі, раманы з нейкімі дзядзькамі, з футбалістамі, хоць я была яшчэ зусім юнай. У мяне вельмі часта і незаслужана ляцелі гэтыя абвінавачанні, плёткі. Спачатку гэта моцна траўмавала, дагэтуль не разумею, як я ўсё гэта перажыла. Але цяпер я ўжо не дзіця, і мне смешна. Як мне, так і Валерыю Фёдаравічу. Ну, што магу сказаць? Што ім [расіянам] застаецца, калі мы іх выбіваем? Пішуць такое, ну і добра.

— Раман з Залужным вам таксама прыпісвалі…

— Так, і такое было. Ну, слухайце, у Расіі на большае фантазіі не хапае. Валерый Фёдаравіч — чароўны мужчына, але ў яго не менш чароўная жонка. Таму гэта дзіўнае прыпісванне раману, тым больш што і ў мяне склалася асабістае жыццё.

— Вы замужам?

— Не, але ў мяне цудоўныя адносіны, правільныя і фундаментальныя. Не хацелася б змешваць вяселле з вайной — думаю, усяму свой час.

— Як гэта — будаваць кар’еру, будучы прыгожай жанчынай, яшчэ і пераможцай конкурсу прыгажосці? У грамадстве яшчэ шмат стэрэатыпаў у стылі «або прыгожая, або разумная», але вы вучыліся ў Сарбоне.

— Прыгожая — гэта не мая заслуга, такой я нарадзілася. Але так, ёсць пабочка: клішэ, абясцэньванне таго, што ты робіш. Але вучыцца ў Сарбоне досыць складана як прыгожым, так і непрыгожым. Гэтаксама і на вайне: прыгожым і непрыгожым аднолькава прылятае (смяецца). Таму я спачатку абрала сферы, дзе, як вы разумееце, знешнасць не грае ролі.

Гэта ўсё жарты, але [прыгажосць] хутчэй перашкаджае, чым дапамагае: у нас шмат брудных плётак. Можа, калі б я сядзела на канапе, таксама б іх разводзіла (смяецца). Але сказаць, што ёсць булінг ці трэба абараняць правы жанчын… Вельмі шмат правакацый ідзе з боку жанчын у тым ліку.

— Што вывучалі ў Сарбоне?

— Сувязі з грамадскасцю ў сферы культуры і медыяцыі. Што атрымала як веды, навыкі, тое і рэалізоўваю ва Украіне. Я ніколі не планавала заставацца ў Францыі. Хацела быць адукаванай, жонкай, мамай сваіх дзяцей — такія глабальныя планы заўсёды былі. Бо фінансавы дабрабыт заўсёды нестабільны, з якой бы сям'і ты ні выйшла. А адукацыю ніколі ніхто не адбярэ. Кавід, рэвалюцыі, вайна — яны паказалі, што сёння ў цябе ёсць дом, сям’я, краіна, а заўтра можа і не быць. А веды — тое, што ты заўсёды можаш манетызаваць. Таму трэба іх атрымліваць і імкнуцца перадаць дзецям.

«Вельмі спачуваю Ціханоўскай. Я, напэўна, звар’яцела б»

— Вы сустракаліся з Ціханоўскай на саміце NATO?

— Не, ні тады, ні калі-небудзь яшчэ.

— Нешта ведаеце пра яе саму, пра яе працу? Яна жанчына-лідарка — і вы жанчына-лідарка.

— Я не аматарка ўмешвацца ў справы іншых краін, асабліва калі гэтая краіна інтэграваная ў агрэсію супраць маёй. І лічу, што апазіцыя мусіць быць сфакусаваная на вырашэнні праблем у сваёй дзяржаве. Як я разумею, адзінае, што мяне аб’ядноўвае з Ціханоўскай, — тое, што маю сям’ю прытуліла Літва ў складаныя часы агрэсіі Расіі, як і яе, калі ёй Лукашэнка дазволіў пакінуць Беларусь.

Я не вельмі цікавілася гэтай гісторыяй, але ведаю, што ў яе вельмі крутая каманда. І мае валанцёры — Маргарыта Ляўчук, Андрэй Ткачоў — якія дапамагаюць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання з медыцынай, культурнай асветай, падтрымліваюць беларускіх добраахвотнікаў (Ткачоў — былы валанцёр ініцыятывы ByCovid19, цяпер — каардынатар Фонду медсалідарнасці. Ляўчук у 2020 годзе выступала на мітынгах штаба Ціханоўскай. — Заўв. рэд.). Маргарыта нядаўна прыязджала да байцоў палка Кастуся Каліноўскага на запрашэнне нашага фонду. Андрэй дапамагае з каардынацыяй і шмат медыцыны перадаваў, калі была вялікая патрэба ў шпіталяў. Ну і шмат беларусаў прывозіць нам амуніцыю, падтрымлівае ў тым ліку байцоў ГУР.

— Мне было цікава, як вы ставіцеся да яе як да жанчыны, якая таксама прайшла складаны шлях.

— Я ёй вельмі спачуваю. Яе можна паважаць як моцную жанчыну, якая чакае свайго мужа з турмы. Я, напэўна, звар’яцела б. Праўда. Рэальна, я не заставалася б стабільнай псіхічна і нарабіла б шмат бяды на яе месцы. Яна, магчыма, таленавіты дыпламат і палітык, улічваючы, што змагла сістэмна сфармаваць каманду, апазіцыю і змагаецца далей.

— Як украінцы яе ўспрымаюць?

— Ніяк, праўда. Магчыма, гэта гучыць непрыемна, але яна наогул не на слыху. Наратыў «Лукашэнка — Ціханоўская» можа быць сярод беларусаў, а ўкраінцы не думаюць пра гэта. Мы ж не Расія — не любім гаварыць пра іншыя краіны. Нас цікавіць усё, што залятае ва Украіну. Я лічу, што цяпер фокус Ціханоўскай мусіць быць скіраваны на Беларусь, на наладжванне сітуацыі, выяўленне слабых месцаў там. Але ёй не варта дзейнічаць палітычна паказальна, публічна праз Украіну, бо яна можа сутыкнуцца з агрэсіяй як ад беларусаў, так і ад украінцаў. Гэта мой пункт гледжання.

Я ведаю, як нашыя валанцёры-беларусы класна да яе ставяцца, паважаюць яе, як яна іх зараджае. Хоць, калі казаць пра ўсіх знаёмых беларусаў, стаўленне неадназначнае. Але як жанчыне, якая перажывае гэтую трагедыю ўтрымання мужа ў турме, усведамленне, што яго там катуюць, — я б не хацела быць на яе месцы, праўда.

— Як вы ўвогуле да беларусаў ставіцеся?

— Мы ўспрымаем вас як абсалютна адрозную дзяржаву, са сваімі бачаннем, падыходамі. Вы не мусіце быць як украінцы — махаць шашкай, ісці на расіян. У вас іншая нацыя, па-іншаму зламаны мозг, як быў зламаны ў нас за часамі саветчыны.

Я разумею, колькі ў вас прарасійскіх настрояў. Магу вам толькі паспачуваць. Не разумею, як гэтую бацылу вытруціць з вашай краіны, — яе трэба толькі перажыць. Нам вельмі пашанцавала генетычна з казацтвам. Ведаю, што ў вас таксама былі паўстанцы, але не вельмі добра арыентуюся ў вашай гісторыі — ведаю тое, што мне Маргарыта Ляўчук расказвала. Але, зноў жа, бачу з паводзінаў, што вы людзі сістэмы. Вось у вас што нельга, тое нельга. А ў нас калі нельга, то мы дасталі шаблю і пагналі.

Разумееце, вы трошкі іншыя ментальна. І гэта не дрэнна — гэта добра. Значыць, будзе менш рэвалюцый (смяецца)! Менш дэструктыву. Але хто мусіць узяць над вамі апеку, дапамагчы гэта ўсё зачысціць — я не ведаю гэтай панацэі. Яна напэўна ёсць, у вас напэўна ёсць план. Я проста не соваю нос у чужую дзяржаву. Вось калі мы пераможам, вы выганіце Лукашэнку і з Офісам вашай прэзідэнткі запросіце топ, скажам, нашых махноўцаў (у канцы 1910-х так называлі ўдзельнікаў анарха-сялянскага руху на паўднёвым усходзе Украіны падчас Грамадзянскай вайны. — Заўв. рэд.) расказаць, як у нас ідзе, то мы, можа, і раскажам. А цяпер я вельмі паважліва стаўлюся да кожнай дзяржавы, што б там ні адбывалася, і не мне дакладна з Украіны, дзе ў нас бардак, расказваць, як лепш паводзіцца беларусам.

— Пасля вайны паміж Беларуссю і Украінай могуць быць нармальныя суседскія адносіны?

— Канфлікт яшчэ ідзе, і калі будзе наступ з Беларусі — забіваць будзем усіх. І тады вашая краіна будзе цалкам асацыявацца з Расіяй. Вы мусіце гэта максімальна тлумачыць беларусам. Пакуль па тонкім лёдзе ходзіце. Як мінімум для мяне, бо я памятаю добрае: як беларусы адпраўлялі дапамогу, як ваююць на нашым баку. Усяляк камунікую з беларусамі ў Літве і бачу, як вы гэта ўсё перажываеце. І я даю вам інтэрв'ю, тлумачу, каб вы, магчыма, неяк паўплывалі на свядомасць людзей, каб яны не перайшлі гэтую рысу. Бо тут такая справа: калі на цябе ляціць, вораг адзін.

«На жаль, у інстытуцыях улады Украіны дастаткова прадстаўнікоў „насельніцтва“. Яны крадуць як апошні раз»

— Як выглядае вашае жыццё апошнія паўтара года? Часта даводзіцца ездзіць на фронт?

— Увесь гэты час усе цалкам уцягнутыя ў дзейнасць, якая была не настолькі папулярнай апошнія дзевяць гадоў, хоць мусіла б (гаворка пра валанцёрства. — Заўв. рэд.). Будзе не вельмі шчыра, калі я скажу, што гэтыя паўтара года цяжэйшыя, чым восем папярэдніх гадоў. Бо людзям, якія [тады] стараліся дапамагаць войску, пацярпелым, нашмат складаней, калі ўсім было ўсё роўна ці ўсё «не так неадназначна». Цяпер ужо вочы адкрыліся ў тых, каму ў дом заляцела ракета або зайшлі рускія. Яны зразумелі, што, напэўна, гэта страшна — што адбывалася раней на Данбасе, а цяпер дайшло да Кіева. Але я радуюся такім людзям. І вельмі ім спачуваю. Бо гэта надзвычай цяжкі груз — усвядоміць у такіх умовах, у такіх маштабах усё ўбачыць.

А цяпер абсалютна ўсе грамадзяне ўключаныя ў дапамогу. Валанцёрства — такая справа, што тут няма канкурэнцыі: занадта шмат задач. І нам праўда трэба як мага больш валанцёраў, арганізацый, якія будуць эфектыўныя. Таму я вельмі радуюся, калі людзі з нашага фонду выходзяць з жаданнем стварыць сваю арганізацыю з канкрэтным профілем, пазычаюць нашую практыку. Мы з радасцю дзелімся ўнутранай дакументацыяй, экспертызай, падтрымліваем пачаткоўцаў і стараемся, каб яны вучыліся на нашых памылках.

Менавіта так выглядаюць мае апошнія паўтара года. У нас, па-першае, фонд «Бон» — абрэвіятура ад «Благодійне об'єднання нації». Ён займаецца дапамогай цывільным. Гэта такі валанцёрскі хаб па падтрымцы і калег, і простых людзей, якім патрэбная дапамога. У нас пяць кірункаў, Гэта праўда шмат, але мы спраўляемся.

Ореста Брит во время полномасштабной войны в Украине. Фото: www.instagram.com/orestabrit
Арэста Брыт падчас поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Фота: www.instagram.com/orestabrit

Летась я таксама заснавала грамадскае аб’яднанне выключна для дапамогі вайскоўцам. Назвала яго проста «Бон», каб яно асацыявалася з нашым бэкграўндам і атрымала той жа беспрэцэдэнтны давер арміі, які ўжо ёсць у фонду. Я адасобіла гэтую дзейнасць, каб не перашкаджаць прыцягваць сродкі на мірныя праекты ад данатараў, якія не гатовыя падтрымліваць узброенае супрацьстаянне. Калі чалавек хоча дапамагаць жывёлам, мы не можам адмовіць: «Не, давай на зброю!» Мы параім, куды менавіта скіраваць грошы, каб падтрымаць, напрыклад, эвакуацыю звяроў ці людзей, якія іх прытулілі.

— Сам фонд не шукае спонсараў?

— Вельмі шукае, але мы можам дазволіць сабе раскошу не браць ні грыўні ад прыцягнутых грошай, хоць закон дазваляе выкарыстоўваць да 20% на патрэбы самой дабрачыннай арганізацыі. Але глядзіце, мы з пачатку года прыцягнулі больш за 50 мільёнаў грыўняў толькі на патрэбы арміі (каля 4 млн 404 тысяч беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.). Вось уявіце, колькі гэта, нават калі 1% забраць у хлопцаў і выдаткаваць на свае патрэбы. У нас з камандай не падымаецца рука. Таму мы вельмі ўдзячныя грамадскай арганізацыі UACC, якая больш за 60 гадоў таму была заснаваная ўкраінцамі ў ЗША і дагэтуль адстойвае ўкраінскую пазіцыю ў свеце. Яны ў пачатку поўнамаштабнай вайны самі нас набралі (дзевяць гадоў фонду, разумееце, мы ніколі не прэтэндавалі на гранты!) і сказалі: «Вы валанцёры і не бераце грошай, але, каб працягваць эфектыўную працу, вам патрэбнае інстытуцыянальнае ўтрыманне, і мы прапануем вам руку дапамогі».

Мы ўжо двойчы ад іх атрымалі грант на 50 тысяч даляраў на паўгода. То-бок яны заданацілі 50 тысяч, а мы дзякуючы ім змаглі прыцягнуць больш за мільён!

І на будучыню — адзіным варыянтам падтрымання дзейнасці для сваіх арганізацый я бачу гранты, прычым з-за мяжы. Каб на нас ніхто не мог уплываць і каб не выслухоўваць абвінавачанняў у злоўжываннях і карупцыі ў свой адрас.

Мы забіваемся на гэтай працы, шчыра кажучы, але любім яе. Для нас дабрачыннасць — ні ў якім разе не ахвярнасць. Ахвярнасць і гераізм — яны на фронце. Я гэта ведаю не з чутак — рэгулярна езджу на перадавую, і не толькі каб адвесці гуманітарную дапамогу.

— Была сітуацыя, калі вы ледзь не загінулі падчас паездкі на фронт. Што тады адбылося?

— Быў блізкі бой. Але я не скажу, што бяспечней у Кіеве сядзець.

— Ездзіце так блізка?

— Я заўсёды вельмі блізка, але катэгарычна не рэкамендую валанцёрам так рабіць. Проста, улічваючы, што з пачатку поўнамаштабнай вайны я яшчэ і супрацоўнічаю з Генштабам, нам неабходна разумець сітуацыю на фронце. Мы рэгулярна камунікуем з пазіцыямі. Мы не кабінетная гісторыя. Гэтаксама, як вы бачылі, у ГУР Буданаў удзельнічае ў аперацыях, Зяленскі, Залужны — увесь час на пазіцыях.

Ореста Брит во время поездки на фронт после полномасштабного вторжения России в Украину. Фото: Viktor Zalevskiy
Арэста Брыт падчас паездкі на фронт пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Фота: Viktor Zalevskiy

Мы ездзім без анлайн-GPS. Цяпер я ў дарозе выкарыстоўваю «старлінкі», а тады былі афлайнавыя карты. Хлопцы мне скінулі лакацыю ў Данецкай вобласці. Яны толькі зайшлі на пазіцыі і не арыентаваліся. І вось я ведаю, што гэта трэцяя лінія абароны, што еду ў бяспечнае месца, дзе мяне мусяць сустрэць. А замест гэтага трапляю адразу на перадавую, на акупаваную тэрыторыю. Гэта адразу за «промкай» Бахмута, там тады толькі пачыналіся сур’ёзныя баі. І я праехала наш апошні блакпост якраз тады, калі Расія прарвалася. Нашыя хлопцы вельмі годна, прыгожа прынялі іх. Я бачыла блізкі бой, перакрыжаваны агонь пяхоты, танкавы агонь. Выжыла. Але вельмі перапалохалася. Было шмат стратаў.

— Вы згадвалі пра «нажывацца». Як я разумею, у тым ліку на вайне. Валанцёры перыядычна кажуць пра неправераныя зборы і махляроў. Ва ўкраінскім Мінабароны былі вялікія скандалы з закупкамі для вайскоўцаў — з прадуктамі і курткамі. Чаму так атрымліваецца?

— Ва Украіне народ — суверэн (ад фр. souverain — «найвышэйшы», «вярхоўны» — асоба, якой належыць вярхоўная ўлада ў дзяржаве. — Заўв. рэд.). Але ёсць і «насельніцтва», якое дасталася нам з часоў, калі Украіна была калоніяй Расіі. Гэта людзі з рабскай ментальнасцю, функцыянал якіх зводзіцца да ўзроўню «паеў — спаражніўся — падчас перапынку размножыўся». І менавіта ім няма ніякай розніцы, і менавіта ім любая жыццёвая поза падыходзіць, а мараль — абсалютна лішняя катэгорыя, калі не перашкаджае звыкла функцыянаваць. Усё скіроўваецца на забяспечанне гэтых трох пазіцый. А скрасці заўсёды лягчэй, чым зарабіць.

На жаль, у інстытуцыях улады Украіны дастаткова прадстаўнікоў «насельніцтва». Яны крадуць як апошні раз, і ім няма ніякай розніцы: што вайна, што смерці і гэтак далей. Выйсце адно — толькі радыкальны падыход. Занадта дарагую цану мы плацім за нашую свабоду і незалежнасць.

«Рыхтуйцеся да перамогі і яе наступстваў. Гэта будуць самыя цяжкія часы»

— Буданаў казаў, што вясной 2023-га Украіна будзе ў Крыме. Хутка зіма. Я разумею, чаму контрнаступленне — гэта няхутка, але можаце патлумачыць, чаму давалі такія абнадзейвальныя прагнозы, што цяпер трэба апраўдвацца і тлумачыць, чаму ўсё ідзе павольней?

— Дык, а можа мы ў Крыме! Адкуль мы ведаем (смяецца)? Учора вышак Бойкі не было — сёння яны ёсць. Ды ніхто не ведае, як тое контрнаступленне ідзе, божа. Я навіны наогул не гляджу. Там праўды дакладна няма. Ведаеце, што той інтэрнэт піша? Пачытайце пра нас з Залужным! Не верце навінам, не глядзіце тэлевізар (смяецца).

— Да чаго рыхтавацца? На колькі яшчэ зацягнецца вайна?

— Рыхтуйцеся да перамогі і яе наступстваў. Гэта будуць самыя цяжкія часы. А колькі яшчэ чакаць, ніхто не можа сказаць. Палічыце, колькі там тых рускіх засталося, бо ў мяне няма такіх звестак.

Чытайце таксама