Вясной 2021 года салдат тэрміновай службы з Расон Аляксандр Караткевіч трапіў ва ўсе стужкі навін. Хлопец падчас вучэнняў на палігоне Даманава скраў вайсковы грузавік МАЗ і панёсся праз усю краіну — як тады казалі, да сваёй дзяўчыны. Гэтая выхадка была ацэненая на 7 гадоў калоніі. Але нядаўна над маладым чалавекам прайшоў новы суд — па спагнанні матэрыяльнай шкоды. Колькі хлопцу давядзецца заплаціць за «паездку»? З апублікаванага судовага дакумента «Люстэрка» даведалася суму і новыя дэталі гісторыі.
Нашумелы інцыдэнт здарыўся 2 красавіка 2021-га — без аднаго тыдня тры гады таму. Нагадаем пра яго, дапаўняючы новай інфармацыяй з судовых матэрыялаў.
Будучы дэсантнік
19-гадовы Аляксандр Караткевіч служыў параўнальна недалёка ад родных Расон — у 103-й Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе Сіл спецыяльных аперацый (вайсковая частка 52 287, дыслакаваная ў Віцебску). У падраздзяленні ён быў на добрым рахунку, ніякіх заўваг па службе ў яго не было.
Вясной 2021 года Караткевіча разам з іншымі тэрмінавікамі адправілі на палявы выхад на палігон Брэсцкі з наступным кіраваннем на палігон Даманава ў Івацэвіцкім раёне для «забяспечання мерапрыемстваў па баявой гатоўнасці». Салдат быў прыкамандзіраваны да 38-й Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады (в/ч 92 616).
На палігоне Даманава тады праходзілі тактычныя вучэнні. Туды і адправіўся Караткевіч, атрымаўшы загад камандзіра сваёй часовай часткі. За ім быў замацаваны армейскі грузавік МАЗ.
Сарваўся
Падчас вучэнняў у хлопца відавочна нешта здарылася, і гэта штурхнула яго да таго, што адбылося 2 красавіка.
Гэта была пятніца перад каталіцкім Вялікаднем. Салдат узяў ключы ад выдзеленага яму грузавіка, якія захоўваліся ці то проста пры машыне, ці то ў яго самога, завёў МАЗ і з’ехаў з палігона. З сабой ён звёз і зброю.
Выехаўшы на трасу М1, Караткевіч панёсся ў Віцебскую вобласць. У Лепелі ён збочыў на трасу Р-46 і скіраваўся ў Полацкі раён — менавіта там жыла яго дзяўчына.
Падобна, згон заўважылі не адразу — згодна з матэрыяламі справы, гэта адбылося ў прамежак з 9 да 15 гадзін, то-бок дакладны час не высветлены. Мабыць, праз гэта і нагнаць далёка не хуткасны вайсковы грузавік удалося толькі позна ўвечары, калі ён праехаў праз усю краіну і пераадолеў ужо каля 400 км.
Дабрацца да дзяўчыны хлопцу не ўдалося. У 20.54 пагоня скончылася ў раёне вёскі Атрошкава Ушацкага раёна.
Удалы стрэл
Спачатку супрацоўнікі ДАІ спрабавалі заблакаваць вайсковы грузавік спераду — Караткевіч урэзаўся службоваму Geely ў зад. Удар быў нямоцны, засталася толькі ўвагнутасць на вечку багажніка, але, мабыць, гэта дапамагло салдату ехаць далей. Але ненадоўга.
Спрабуючы спыніць згоншчыка, даішнікі пачалі страляць. Спачатку — у паветра, але салдат праігнараваў папярэджанне. Тады страляць пачалі па колах. Выйшла не вельмі — МАЗ атрымаў механічныя пашкоджанні і загарэўся. У кузаве ляжаў камплект маскавальных сетак КМ-Д — гэта 12 сетак памерам 3×6 метраў, якімі на вучэннях маскіруюць тэхніку пад прыродныя ландшафты. Сеткі з капрону і поліэтылену ад стрэлаў успыхнулі і амаль цалкам згарэлі.
Але стрэлы ўсё ж далі вынік — ехаць далей згоншчык не змог. Зразумеўшы, што адарвацца ад міліцыянтаў ужо не атрымаецца, салдат кінуў грузавік у полі і схаваўся ў лесе.
Пасля гэтага Караткевіча шукалі «ўсім светам» — міліцыя, унутраныя войскі, АМАП і войска прачэсвалі мясцовасць у 11 раёнах Віцебшчыны. Аказалася, дарма: увесь гэты час ён хаваўся непадалёк ад таго месца, дзе кінуў грузавік.
Праз два дні, 4 красавіка, каля 20.00, у міліцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Лабані Ушацкага раёна — гэта за кіламетр ад Атрошкава. Яна паведаміла, што бачыла маладога чалавека, падобнага да салдата, якога шукаюць. Яго тут жа затрымалі.
Доўгі тэрмін
Суд над Караткевічам прайшоў праз паўгода, прысуд яму вынеслі 12 кастрычніка. Аляксандра прызналі вінаватым па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 445 — самавольнае пакіданне часткі або месца службы вайскоўцам;
- ч. 1 арт. 214 — неправамернае завалодванне транспартным сродкам і паездка на ім без мэты крадзяжу (згон);
- ч. 3 арт. 294 — крадзеж агнястрэльнай зброі асобай, якой тая выдадзеная для службовага карыстання або даручаная для аховы;
- ч. 2 арт. 295 — незаконная перавозка або нашэнне агнястрэльнай зброі;
- ч. 2 арт. 363 — супраціў супрацоўнікам органаў унутраных справаў, спалучанае з выкарыстаннем гвалту або з пагрозай яго выкарыстання.
Малады чалавек прызнаў віну часткова. 19-гадовага хлопца асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Новы суд
З невядомай прычыны на першым судзе з абвінавачанага не спагналі поўнай сумы нанесенай шкоды. Да таго моманту была праведзеная ацэнка толькі кошту знішчанага маскавальнага камплекта — яна склала 2455 рублёў.
Пашкоджаны МАЗ у частцы рамантаваць не спяшаліся. Два заказ-нарады на рамонт датуюцца снежнем 2022 і ліпенем 2023 года. Згодна з імі, кошт рамонту грузавіка склаў 15 202 рублі.
Акрамя таго, падчас страляніны і пажару былі прыведзеныя ў непрыдатнасць дзве шыны МАЗа, тэнт і нумарны знак. Іх кошт быў ацэнены ў 7215 рублёў.
Такім чынам, агульная сума матэрыяльнай шкоды, якая была нанесеная брэсцкай частцы па віне салдата, склала 24 872 рублі. Паколькі Аляксандр не кампенсаваў шкоду добраахвотна, вайсковая частка вырашыла спагнаць з яго грошы праз суд.
Паседжанне праходзіла 20 лютага 2024 года без прысутнасці Караткевіча — ён застаўся ў калоніі. Хлопец скіраваў заяву пра тое, што згодны з прэтэнзіямі часткі.
Суд прыйшоў да высновы, што патрабаванні абгрунтаваныя і павінныя быць задаволеныя цалкам. Маладога чалавека абавязалі выплаціць 24 872 рублі вайсковай частцы і яшчэ 1244 рублі ў якасці судовай пошліны.
Дарэчы, тыдзень таму Аляксандру Караткевічу споўнілася 22 гады. Сядзець яму засталося крыху менш за чатыры гады.
Чытайце таксама


