«Кіберпартызаны» выклалі ў сеціва паведамленні, якія КДБ Беларусі атрымаў праз сайт за дзевяць гадоў. Раней яны паведамлялі пра ўзлом сайта ведамства.
«Калі вы раптам не заўважылі, то разам з базай сайта КДБ мы выклалі ў сеціва і даносы, якія дасылалі чэкістам праз партал з верасня 2014 да жніўня 2023 года. Цяпер скаргі „інфарматараў“ КДБ у адкрытым доступе, а таксама прапановы замежных грамадзян пайсці на супрацоўніцтва», — паведамілі «Кіберпартызаны».
Хакеры паабяцалі найбліжэйшым часам апублікаваць самыя цікавыя з паведамленняў. Усяго за дзевяць гадоў праз сайт у КДБ звярнуліся 40 тысяч разоў.
Нагадаем, афіцыйны сайт КДБ Беларусі не працуе ўжо больш за два месяцы. Падчас спробы зайсці на яго з’яўляецца паведамленне, што ён знаходзіцца ў распрацоўцы. «Кіберпартызаны» паведамлялі, што «прабраліся туды яшчэ восенню 2023 года і выгрузілі ўсю даступную інфармацыю». «На жаль, мы трохі „нашумелі“, таму сайт давялося прыкрыць», — заявілі «Кіберпартызаны».
Як доказ хакеры размясцілі ў сваім тэлеграм-канале спіс адміністратараў сайта, а таксама базу дадзеных і логі сервера.
У КДБ гэтую інфармацыю не каментавалі.