Самалёт азербайджанскай авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які выконваў 25 снежня рэйс Баку — Грозны, з невядомых прычын папрасіў экстраннай пасадкі ў аэрапорце Актау ў Казахстане, але ў выніку пацярпеў там крушэнне. З 67 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі 38, астатнія выжылі. Паводле адной з версій, самалёт Embraer 190 не змог сесці ў Грозным праз туман. Паводле іншай, яму давялося змяніць маршрут, бо паўночнакаўказскі рэгіён у гэты час падвергнуўся нападу беспілотнікаў, і аэрапорт Грознага не прымаў самалётаў. Як раней пісала «Люстэрка», на апублікаваных з месца крушэння кадрах відаць адтуліны ў хваставой частцы лайнера, падобныя да пашкоджанняў ад СПА. Azerbaijan Airlines абвясціла пра спыненне рэйсаў у Грозны і Махачкалу, пакуль не будзе завершанае расследаванне прычын авіякатастрофы, піша The Insider.
Як расказаў The Insider на ўмовах ананімнасці незалежны авіяэксперт, што займаўся расследаваннем абставінаў крушэння MH17, улады Казахстана, на яго думку, аддадуць расследаванне крушэння Embraer 190 Міждзяржаўнаму авіяцыйнаму камітэту (МАК).
«МАК — упаўнаважаны орган, які праводзіць расследаванне з боку ІКАО і згодна з рэгламентам ІКАО. Казахі аддадуць расследаванне МАК, а там моцны ўплыў Расіі. Карацей, мы можам атрымаць яшчэ адзін MH17. З іншага боку, сляды, падобныя да слядоў шрапнелі, ужо не схаваеш. Застаецца пытанне, хто гэта зрабіў [збіў самалёт]. Што МАК скажа? Што гэта не Расія? А хто? Азербайджан ці Казахстан? МАК правядзе расследаванне і апублікуе справаздачу. Калі б гэтым займалася „Расавіяцыя“, то расследаванне вялося б бясконца, каб не публікаваць справаздачу. У нас па цэлым шэрагу авіякатастроф дагэтуль не закрытыя справы. МАК працуе згодна з рэгламентам ІКАО: першая справаздача праз колькі месяцаў, а потым штогадовыя справаздачы, але ты мусіш іх закрыць. Нельга забываць, што ў самалёце былі замежнікі. І ўладальнікі кампаніі — вытворцы самалёта таксама замежнікі.
Калі ўзарвалі Прыгожына, вытворца сказаў, што іх спецыялісты гатовыя ўдзельнічаць. А „Расавіяцыя“ сказала, што ў дапамозе не мае патрэбы. Тут жа МАК не адмахнецца ад вытворцы, бо тут будуць замежнікі з боку самалёта і з боку распрацоўкі рухавіка. Так што не атрымаецца схаваць канцы ў ваду».
Іншы авіяэксперт, які размаўляў з The Insider на ўмовах ананімнасці, таксама лічыць, што расследаваць катастрофу Embraer 190 будзе МАК.
«І Азербайджан, і Казахстан уваходзяць у Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт, таму расследаваннем гэтай катастрофы мусіць займацца менавіта ён. Да расследавання мусяць быць прыцягнутыя спецыялісты з Азербайджана, бо авіякампанія азербайджанская, прадстаўнікі Казахстана — бо самалёт пацярпеў катастрофу на тэрыторыі Казахстана, і спецыялісты Бразіліі — бо гэта самалёт вытворчасці бразільскай самалётабудаўнічай карпарацыі Embraer.
Калі пацвердзіцца, што самалёт быў збіты, то будуць спробы замыліць, перавесці стрэлкі і гэтак далей. Бразільцаў могуць да расследавання і не дапусціць. Успомнім катастрофу з Прыгожыным. Іншая рэч, што бразільцы могуць настаяць на запрашэнні прадстаўнікоў тых краін, што рабілі рухавік, напрыклад. Хоць у МАК ёсць штаб-кватэра ў Расіі і яго старшыня — расіянін, гэтае расследаванне ніяк не датычыць Расіі, зрэшты, расійскія прадстаўнікі так ці інакш будуць у ім удзельнічаць. Будзе міжнародны скандал, калі МАК скажа, што не запросіць бразільцаў».
На відэа, знятым у салоне самалёта яшчэ да крушэння, відаць, што спрацавала сістэма аварыйнага выкідання кіслародных масак: гэта адбываецца пасля разгерметызацыі або парушэння ціску на борце самалёта.
Тэлеграм-канал Niyso паведамляў пра працу ЗРПК «Панцыр-С1» над Грозным і публікаваў відэа.
Авіяэксперт, які расследаваў крушэнне MH17, упэўнены, што прычынай крушэння Embraer 190 стала вонкавае ўздзеянне.
«Ніхто не пачуў разрыву, бо выбух быў у хваставой частцы. Калі ззаду падляцела, то самалёт умомант страчвае кіраванне. Тэарэтычна гэта магло быць сутыкненне з птушкамі, але цяпер ужо відаць, што гэта шрапнель. На відэазапісе, апублікаваным Mash, відаць, што там ёсць вялікія праблемы па тангажы, то-бок толькі штурвал ад сябе, і машына пікіруе.
У цябе фактычна няма кіравання. Стабілізатар — гэта стырно вышыні. Ты трохі адхіляеш, і машына крыху апускае або падымае нос. Калі моцна — то моцна. А тут ён набірае вышыню, замірае, апускае нос і пачынае рэзка ісці ўніз. Як толькі яны ледзь-ледзь адпускаюць штурвал, машына правальваецца ўніз, быццам яны штурвал ад сябе цалкам адштурхнулі.
Яны ратавалі машыну і змагаліся да канца, бо ў цябе ідзе разузгадненне кіравання. Ты ледзь крануў штурвал, і ў цябе самалёт сыходзіць уніз. Відаць, што яны яго выцягваюць, выраўноўваюць, і за хвіліну да катастрофы ён ляціць нармальна, гарызантальна. І праблема тут у тым, што ім трэба скінуць вышыню, а апусціць штурвал наперад яны не могуць, бо яны тут жа сутыкнуцца носам. Яны пачынаюць завальвацца на правае крыло, і гэта альбо праблема кіравання, альбо яны скідаюць вышыню слізгаценнем на крыло, як у планёраў, бо ў планёраў высокая якасць, і яны ўсе так скідаюць вышыню. І калі яны скідаюць вышыню такім чынам, то садзяцца не на паласу, а на плоскасць.
Там жа стэп, і яны страчваюць вышыню, а перад самым падзеннем выраўноўваюць машыну, яна садзіцца плазам, але вертыкальная хуткасць высокая. Там проста хвост адарвала ад удару, а астатнія загінулі ад выбухаў і пажараў. Так, на вышыні паўтара кіламетра маглі быць птушкі, гэта падобна да праўды, але незразумела, чаму птушкі выбіваюць кіраванне ў хвасце, але не трапляюць у рухавікі. А калі мы бачым шрапнель, то думаем, што датычныя вайскоўцы.
Гэта маглі быць нашыя, але яны ў гэты час адбіваліся ад беспілотнікаў у Грозным. Гэта могуць быць азербайджанцы ці казахі. Маглі цэліцца ў дрон, але ракета з нейкіх прычын зачапіла далёкую цэль, не самаліквідавалася і даляцела. Мы бачым шрапнель, то-бок гэта зенітная ракета, якая ішла ўслед [за самалётам]. І калі яна ішла ўслед, то яна ляцела з боку Грозны/Каспійск/Махачкала. Гэта ўсё здагадкі пакуль. Як я разумею, усе праблемы ўзніклі ўжо падчас зніжэння ў Казахстане, а не над Грозным».